Святар распавёў, на якія саступкі гатовы пайсці Касцёл у Котаўцы

Занемонский
Настаяцель каталіцкай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэно ў Мінску кс. Дзмітрый Занямонскі OMI, які будуе касцёл у выдзеленай вернікам дзяржавай “зялёнай зоне” у скверы “Котаўка” ў Сяльгаспасёлку, сустрэўся з мінскімі эколагамі, пад кіраўніцтвам якіх мясцовыя жыхары перашкаджаюць весці будаўнічыя працы.

12 снежня пасля сустрэчы мясцовых жыхароў са старшынём Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам, будаўнічыя працы былі спыненыя і адкладзеныя на неакрэслены тэрмін. Гэтаму рашэнню папярэднічалі сутычкі   праціўнікаў будаўніцтва і супрацоўнікаў дзяржаўных службаў, якія пачалі вырубку дрэваў пад пляцоўку для забудовы.

На думку святара, магчымасць мірнага ўлагоджвання справы ёсць, калі крокі да ўзаемапаразумення зробяць усе бакі. “Мне складана са сваёй пазіцыі ацэньваць ці рабіць нейкія высновы адносна матываў пратэстуючага боку. Эколагі кажуць пра жаданне захаваць зялёную зону. Мы стараемся, наколькі гэта магчыма, зразумець. Але на пытанне трэба паглядзець з абодвух бакоў. Каталіцкая супольнасць, касцёл – гэта таксама зацікаўленыя людзі. Яны будуюць храм для сябе і, відавочна, маюць на гэта права, бо жывуць у гэтым месцы. Магчыма, такіх людзей не так шмат, але яны ёсць, яны такія ж суседзі”, – кажа святар, паведамляе greenbelarus.info.

Чаму жаданне дамовіцца не атрымліваецца рэалізаваць? “Спробы паразмаўляць, знайсці нейкі кампраміс, ужо былі. Аднак немагчыма дамовіцца з некаторымі асобнымі людзьмі”, – удакладняе кс. Дзмітрый Занямонскі.

Прычыны канфлікту паміж “зялёнымі” і вернікамі, на думку а. Дзмітрыя, бяруць пачатак у тым, што “храмы не прадугледжаныя ў горадабудаўнічых праектах як сацыяльна гарантаваныя аб’екты. Пасля здараецца сітуацыя, калі ўся тэрыторыя распланаваная, прыходзіць абшчына і просіць месца пад храм. А месцаў-та свабодных няма. Што рабіць? У нашым выпадку заставаўся толькі сквер”.

Ксёндз Дзмітрый Занямонскі лічыць, што пытанне выбару – сквер альбо касцёл – пастаўленае штучна. “Мы імкнемся падыйсці з найменшай шкодай: маленькі касцёл, высечка невялікай колькасці дрэваў, затым дадатковае азеляненне і добраўпарадкаванне тэрыторыі, і гэта без уліку кампенсацыйных пасадак”, – тлумачыць ён, нагадваючы, што будучы касцёл зойме ўсяго 1,5% ад агульнай плошчы сквера, тэрыторыя вакол – гэта 10%, дзе прадугледжаная арганізацыя газона, пасадка дрэваў.

На жаль, кажа святар, падчас сустрэчаў з жыхарамі і эколагамі дайсці да магчымасці агучыць абяцанне стварыць новую зялёную зону яму не ўдаецца: усё спыняецца на катэгарычным «касцёлу тут не быць».

У гвалце немагчыма дамовіцца, – рэзюміруе святар, падкрэсліваючы, што ўсе “мірныя” перамовы заўжды зрываюцца аднымі і тымі ж людзьмі. “Я ж нават слова там сказаць не змагу, мяне перакрыкваюць. Так было ў маі, калі ўсё толькі пачыналася, калі людзі ці не давалі і слова вымавіць, ці не чулі, што я ім кажу”, – апавядае святар пра спробы пагаварыць з людзьмі, якія абараняюць дрэвы ад тэхнікі.

“Мы можам узяць на сябе нейкія дадатковыя абавязкі, напрыклад, супольнасць будзе клапаціцца і пра астатнюю частку скверу: праводзіць пасадкі, уборкі і іншае. Альбо абсталяваць дзіцячую пляцоўку на тэрыторыі касцёла, куды змогуць прыходзіць дзеці з ваколіцаў, калі на гэта знойдзем сродкі. У гэтым я бачу выйсце, – бо, як змяніць нейкае асобнае меркаванне, паўплываць на азлобленага чалавека, я не ведаю”, – кажа святар, дадаючы, што можа і адмовіцца ад плыта вакол касцёла, калі будзе гарантыя бяспекі яго тэрыторыі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі