Перадсвяточны дзённік. Рыхтуемся да Раства разам!

Ліст першы: Скажы Богу “Так”

Калі мы спрычыняемся да падрыхтоўкі да любога свята, то, калі яно прыходзіць, мы перажываем яго кожнай клетачкай. Калі мы прапускаем свята праз сябе, то яно змяняе нашы душы. Зараз мы ўсе знаходзімся ў стане чакання або падрыхтоўкі да свята Божага Нараджэння. Менавіта зараз мы можам перастаць мітусіцца і абстрагавацца ад штодзённых праблем, каб засяродзіцца на ачышчэнні ўласнага сэрца.

У кожнай канфесіі перадсвяточнае чаканне мае свой характар і традыцыю. Для мяне ж больш звыкла называць час, калі мы рыхтуем нашае сэрца да Свята, Постам. Пост – гэта наўпрост падрыхтоўка, падчас якой Бог дакранаецца да сэрцаў, каб іх змяніць.

Для мяне Пост – гэта адмаўленне і ў той жа час напаўненне. Некаторыя сябры кажуць, што няма сэнсу адмаўляцца ад таго, што пасля Посту ты зноўку будзеш рабіць, а трэба, наадварот, рабіць больш учынкаў міласэрнасці ў гэты час. Але як жа добрае можа ўвайсці да нас, калі мы не ачысціліся яшчэ ад старога бруду? Калі я адмаўляюся ад таго, да чаго занадта прывязаная (напрыклад, ахвота да той ежы, ад якой я магу і адмовіцца, прывязанасць да кантактавання з пэўнымі людзьмі), то я аўтаматычна адкрываю шлях для дзеяння Божай Ласцы ў душы. Толькі тут варта быць шчырым перад сабой і запытацца: ува што ці ў каго я пакладаю ўласнае сэрца, акрамя Бога? Бо я перакананая, што штучныя адмаўленні тут не дапамогуць. Перад тым, як узяць адмаўленне, варта перагледзець сэрца, запрасіць Бога, каб Ён пачаў ачышчаць у ім тое, што не падабаецца ЯМУ, а не нам. Нам жа варта проста сказаць “так” на гэтае ачышчэнне.

Раней я брала на сябе шмат абавязкаў на час Посту. Зараз я разумею, што чыста фізічна я многа чаго не магла вытрымаць. Але Богу не патрэбна ахвяра — яму патрэбна Любоў. Таму часта Бог бярэ наш Пост у свае рукі і пачынае ўпакорваць у Свой спосаб. Варта тут не супраціўляцца, але ўпакорыцца і даверыцца Яму.

Зараз я, як ніколі разумею, што час Посту для нас — гэта падарунак, які ніколі не позна прыняць. Калі кожны дзень Посту намагацца жыць згодна з Яго Воляй, то Ён сам дае і час, і магчымасці, і сілы, і нават жаданне  выканаць тое, што абяцалі Яму. Не так даўно я пачула словы святара, які сказаў, што  “Падчас посту Хрыстос накладае на нас рукі і вызваляе нас”. І гэта сапраўды так. Я не ведаю, як гэта працуе. Але менавіта ў гэты час Ён неверагодным чынам набліжаецца да нас – ачышчае, лякуе, загартоўвае і рыхтуе сэрца, каб яно здолела ў хуткасці прыняць Найвялікшую Радасць.

Я прашу Бога, каб Ён кожнай клетачкай майго нутра дай разумець, што Ён – Валадар, што усё тое, што калісьці ўва мне дапамагала іншым,  — гэта Яго, але не маё. І Бог чуе нашыя малітвы. Бо, зараз, калі Бог забраў тыя цукеркі, з якімі так лёгка рабіліся самыя маштабныя справы, стала неверагодна складана зрабіць элементарны ўчынак, я ўжо не кажу пра пастаяннае служэнне. Таму і прыходзіць разуменне, што ты сам па сабе — нішто, прах і бруд.

У гэты пост я прашу Бога, каб Ён навучыў мяне злучаць уласныя цярпенні з Яго цярпеннямі, каб Ён навучыў мяне ўпакорвацца нават тады, калі ўжо стаміўся ісці доўгі час па пустыні. Таму давайце разам адкінем ўсе нашыя штодзённыя справы і зробім крок насустрач Яму. Бо я перакананая, што гэты высілак не застанецца незаўважаным ў Яго вачах.

Тэкст Вікторыя Чаплева, відэа Эльвіра Гарошка

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі