«Пост – гэта ўмацаванне духоўных сіл і шлях да адказу на патрэбу» – пратэстанцкі служыцель пра моц посту

паднк

Да святкавання Раства Хрыстова па грыгарыянскім календары засталося менш за тыдзень, па юліянскім – крыху больш за два тыдні. Праваслаўныя і каталікі старанна духоўна рыхтуюцца з дапамогай посту да адной з галоўных хрысціянскіх падзей года. А што робяць евангельскія вернікі? Ці ёсць у іх калядны пост? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказаў намеснік біскупа Аб’яднанай Царквы Хрысціян Веры Евангельскай Беларусі, доктар філасофіі і багаслоўя, рэктар Тэалагічнага інстытуту ХВЕ Сяргей Паднюк:

“Пасты у пратэстантаў існуюць, але яны не вызначаюцца канкрэтнымі перыядамі часу, прывязанымі да дат хрысціянскіх святаў. Вернікі посцяць, калі ў гэтым ёсць асабістая патрэба, а таксама дзеля агульнай мэты або патрэбы памеснай абшчыны ці ўсяго брацтва.

«Пост, як правіла, ажыццяўляецца дзеля канкрэтнай патрэбы або просьбы перад Богам»

Нагодай для паста і асаблівай малітвы можа паслужыць хвароба саміх вернікаў або іх блізкіх, цяжкія жыццёвыя абставіны, прыняцце адказных рашэнняў і г.д. Такім чынам, пост звязаны, у першую чаргу, з канкрэтнай патрэбай. Час і тэрмін посту вызначаецца значнасцю патрэбы.

Традыцыі саракадзённага Каляднага посту, які практыкуецца ў праваслаўных, і чатырохтыднёвага посту каталікоў у пратэстантаў як такой няма. Калі евангельскія хрысціяне і бяруць пост перад Калядамі, то гэта не з’яўляецца строга абавязковай для ўсіх умовай падрыхтоўкі да святкавання. Як правіла, у такім выпадку вернікі хочуць з дапамогай посту наблізіцца да Бога, мець больш блізкія зносіны з Ім. Час посту – гэта час духоўнай падрыхтоўкай і атрымання сіл ад Бога. Вядома, час напярэдадні такога вялікага хрысціянскага свята, як Раство Хрыстова, – гэта добры час, каб застацца ў посце, але ён можа быць і ў любы іншы час, калі чалавек адчувае неабходнасць ў Божым адказе і ўмацаванні духоўных сіл.

«У пратэстантызме існуе некалькі відаў посту, прынцыпы правядзення якіх былі ўзятыя са Святога Пісання»

Падчас абсалютнага посту чалавек устрымліваецца цалкам ад вады і ежы. Гэты пост доўжыцца, як правіла, не больш за адзін-два дні. Шматдзённы пост мае на ўвазе адмову ад ежы, але ўжываецца вада. Працягласць – ад двух да сямі дзён. Такі пост браў ізраільскі цар Давід на сем дзён пасля таго, як прарок Натан выкрыў яго ў граху. Існуе і так званы Даніілаў пост, калі ў ежу ўжываецца толькі пэўны від самай простай нішчымнай ежы і вада (прарок Данііл і тры яго сябры ўжывалі толькі гародніну і ваду на працягу дзесяці дзён).

Пост непарыўна звязаны з малітвай. З Бібліі мы ведаем, што малітва падчас посту найбольш дзейсная. Таму самым галоўным з’яўляецца не проста поўная або частковая адмова ад ежы, а час, праведзены ў малітве Богу. Вернікі не толькі адмаўляюцца ад ежы, але і ад бяздзейнага правядзення часу і рознага выгляду задавальненняў дзеля набліжэння да Бога.

«Падчас правільнага посту хрысціяне атрымліваюць дапамогу і моц ад Госпада»

Як правіла, пост у пратэстантаў – гэта асабістая ініцыятыва верніка. Але калі ён памкнуўся ўзяць шматдзённы пост, то настойліва рэкамендуецца атрымаць блаславенне на гэта ад свайго пастара.

Евангельскія хрысціяне не абмяжоўваюцца толькі постам дзеля ўласных патрэб перад Богам. Некалькі разоў на год уся Царква бярэ пост за пэўныя патрэбы. Напрыклад, у пачатку кожнага года ўсе вернікі знаходзяцца ў посце з просьбай аб бласлаўленні насталага года, просячы аб Божай дапамозе і літасці, аб моцы супрацьстаяць граху, аб міры для краіны. У такім выпадку святары загадзя заклікаюць усіх вернікаў прыняць удзел у такім посце”.

Падрыхтавала Эльвіра Гарошка

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі