Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў, чаму ў Беларусі няма “Рыцараў Калумба” і “Opus Dei”

img_3125

У той час, як у суседніх з Беларуссю краінах пашыраюцца каталіцкія інстытуцыі, накіраваныя на працу сярод свецкіх вернікаў, такія як брацтва “Рыцары Калумба” ці персанальная прэлатура “Opus Dei”, у Беларусі пра іх зусім не чуваць. Прычыны гэтага на сустрэчы 22 снежня з журналістамі патлумачыў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адказваючы на пытанне карэспандэнта Krynica.info.

Пры гэтым ён адзначыў, што яму асабіста гэтыя арганізацыі падабаюцца. Больш за тое, менавіта пры ім у Расіі пачала працаваць “Opus Dei”. Але ў Беларусі, паводле яго, з гэтым вельмі складана.

Прычынай адсутнасці і “Рыцараў Калумба”, і “Opus Dei”, і іншых падобных арганізацый з’яўляецца беларускае заканадаўства, якое прадугледжвае абавязковы дазвол на рэлігійную дзейнасць замежнікаў, якіх мусяць даслаць пазначаныя арганізацыі. “А з гэтым вельмі складана”, — адзначыў мітрапаліт.

Арцыбіскуп, адказваючы на пытанне ўжо іншых прадстаўнікоў СМІ, таксама распавёў пра праблемы, з якімі сутыкаюцца рэлігійныя арганізацыі пры будаўніцтве сакральных і дабрачынных будынкаў, у тым ліку храмаў і прытулкаў. “На жаль, у заканадаўстве няма нічога пра будаўніцтва сакральных аб’ектаў”, — адзначыў ён.

Гэтак, дазвол на будаўніцтва выдаецца толькі на год, за які пабудаваць штосьці практычна немагчыма, тым больш за ахвяраванні. Далей дазвол можа працягвацца на тры ці шэсць месяцаў, а без дазволу будаваць немагчыма, як і атрымаць дапамогу на гэта з-за мяжы. “З-за гэтага будаўніцтва затрымліваецца”, — заявіў мітрапаліт.

Сярод будынкаў, будаўніцтва якіх зараз зацягваецца, ёсць і дабрачынны прытулак пры місіі Добрага самараніна, ствараць які Касцёл пачаў па прапанове прэзідэнта Беларусі. Па словах арцыбіскупа, ён увесь час падымае пытанне неабходнасці ўвесь час атрымліваць дазволы на будаўніцтва, у тым ліку ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі