Адам Міцкевіч яднае народы: у Мінску ўшанавалі выбітнага паэта

sam_8293

Ужо дзясяты год па традыцыі вернікі і інтэлігенцыя Мінска збіраюцца 24 снежня ля помніка геніяльнаму паэту сусветнага значэння, які паходзіць з Беларусі – Адаму Міцкевічу. Са спевам калядак, са знічамі ў руках і святочным настроем працэсія разам са святарамі рушыць з Чырвонага касцёла да сквера з помнікам нашаму велічнаму суайчынніку. На пляцоўцы дзеячы культуры і прыхільнікі паэзіі Адама Міцкевіча дзеляцца цікавымі звесткамі з жыцця і творчасці класіка польскай і сусветнай літаратуры. У свеце існуюць 72 помнікі Міцкевічу, 5 з іх знаходзяцца на Беларусі.

Адам Міцкевіч нарадзіўся  24 снежня 1798 года ў фальварку Завоссе Наваградскага павета Літоўскай губерніі Расійскай імперыі. Ён быў ахрышчаны ў Наваградскім фарным касцёле 12 лютага 1799 года.

sam_8297Сёлета ў імпрэзе ўзялі ўдзел доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, дзяржаўны дзеяч, пісьменнік і дыпламат Анатоль Бутэвіч, старшыня Беларускага фонду культуры, галоўны рэдактар “Краязнаўчай газеты” Уладзімір Гілеп і куратар бібліятэкі імя А. Міцкевіча Галіна Івуць. Кветкі да помніка разам з усімі ўсклаў супрацоўнік польскай амбасады.

Вячаслаў Рышардавіч Меданоўскі і Ядвіга Іванаўна Рай распавялі пра мясціны, звязаныя з нараджэннем і жыццём паэта ў Завоссі і Наваградку. Экскурсавод, якая працуе ў Вільні, распавяла пра месцы, звязаныя з вучобай Міцкевіча ў Віленскім універсітэце і дзейнасцю філаматаў і філарэтаў. З вуснаў іншых выступоўцаў грамада даведалася пра невядомыя акалічнасці знаходжання паэта ў высылцы ў Адэсу, пра абставіны яго жыцця і выкладання ў “Каледж дэ Франс” у Парыжы. У выкананні вучняў адной з менскіх гімназій прагучалі вершы паэта на польскай мове.

Аляксей Жбанаў пад гітару выканаў спевы на вершы паэта. Хор “Голас душы” шчыра і светла спяваў калядныя песні на беларускай і польскай мовах. Імпрэза  прынесла ўсім яе ўдзельнікам радасць і сапраўдны святочны настрой.

Эла Дзвінская,

Фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі