Біскуп Буткевіч пракаментаваў калектыўны зварот да яго вернікаў з Лынтупаў

Лынтупы
Каталікі з Лынтупаў – мястэчка на беларуска-літоўскім памежжы блізу Паставаў – 27 снежня праз газету “Наша Ніва” звярнуліся з адкрытым лістом да біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, просячы аб канкрэтным святары.

Нагодай стала вызваленне ад пасады пробашча парафіі святога Андрэя Апостала кс. Паўла Кнурэка – экзарцыста Віцебскай дыяцэзіі, які будзе працаваць у Віцебску. Паколькі парафія чакае новага пробашча, яна і выступіла з уласнай прапановай – прызначыць у Лынтупы кс. Уладзіміра Шымкавіча, які служыць у Дуброўне.

Вернікі матывуюць сваю просьбу тым, што кс. Уладзімір Шымкавіч нарадзіўся ў Лынтупах.

“Ксёндз Уладзімір Шымкавіч, сын нашай лынтупскай зямлі, добра ведае душу тутэйшага народу, яго праблемы, патрэбы і спадзяванні, бо ён сам з’яўляецца сваім, тутэйшым, неад’емнай часцінай нашай лынтупскай каталіцкай грамады. У дзіцячыя гады Уладзімір Шымкавіч зведаў горкую сіроцкую долю. Мо праз гэта галоўнымі рысамі яго характару сталі сціпласць і міласэрнасць. Нялёгкія выпрабаванні выпалі на яго долю і ў часы душпастарскага служэння. Але ксёндз Уладзімір не саступіў перад цяжкасцямі, а, перамагаючы іх, яшчэ больш узмацніў сваю Святую Веру ва Усёмагутнага Стваральніка Сусвету і гартаваў сваю волю. Толькі пахвалы і пашаны заслугоўвае яго місіянерская дзейнасць. Ён проста з руінаў адрадзіў зруйнаваныя ў ліхія час нашыя храмы ў Новадруцку і Дуброўне ды змог падабраць ключыкі да знявераных душаў у тых мясцовасцях і прывёў іх да Бога ў адроджаныя храмы. Трэба не забывацца, што гэта ўсё адбывалася ў праваслаўным акружэнні! Вось аб такім пастыры мы, лынтупскія вернікі, і марым”, – гаворыцца ў лісце, тэкст якога прыводзіць nn.by.

Пад лістом падпісаліся 103 вернікі.

Біскуп Буткевіч: гэта спроба ціску на біскупа

“На жаль, я не бачыў гэтыя прозвішчы, самога арыгіналу ліста. Дзіўна і тое, што ліст напісаны на “аперажэнне”, бо дэкрэту пра перавод кс. Паўла Кнурэка пакуль няма, гэта толькі планы арганізацыі працы ў дыяцэзіі, якія не набылі пакуль што завершанага выгляду, у якім маглі б быць прадстаўленыя вернікам”, – пракаментаваў Krynica.info зварот сам біскуп Алег Буткевіч, падкрэсліўшы, што даведаўся пра існаванне ліста выключна з сайта “Нашай Нівы”.

Буткевич
На думку біскупа Віцебскага, пытанняў з нагоды напісання такога ліста паўстае шмат – і “высокая” літаратурная мова, на якой напісаны ліст, і выбар выдання (чаму, напрыклад, “Наша Ніва”, а не “Советская Белоруссия”, папулярная у шмат каго з вясковых чытачоў, чаму не было спробы звярнуцца да біскупа “ў межах Царквы”).

“Не магу агучыць ніякай сваёй афіцыйнай думкі, акром здзіўлення, – падкрэсліў Алег Буткевіч, – бо любы іншы варыянт адказу будзе выглядаць прызнаннем магчымасці “ціснуць” такім чынам на біскупа каму заўгодна, бо няцяжка здагадацца, што найперш ідэя напісання адкрытага ліста належала хутчэй, адной актыўнай асобе, а не цэлай супольнасці”.

Ксёндз Вячаслаў Барок: падаецца, з вернікаў хтосьці “пажартаваў”

Вячаслаў Барок
Пра “дзіўнасць і незразумеласць” ліста вернікаў кажа эканом Вицебскай дыяцэзіі кс. Вячаслаў Барок. “Зварот крыху дзіўны – з некалькіх прычынаў. Па-першае чаму з’яўляецца адкрыты ліст? Ці вернікі не маглі са сваёй просьбай звярнуцца непасрэдна да біскупа? Я не ведаю пра існаванне такога звароту, скіраванага да біскупа. Тэарытычна магу дапусціць, што быў. Аднак, у такім выпадку ўзнікае пытанне, чаму з’явіўся такі ліст? Бо ў Лынтупах пробашч ёсць, і яго пакуль ніхто не звальняў з гэтага абавязку. А калі не звальняў, то невядома, ці звольняць. Гэта было б па-другое.

А па трэцяе, Таксама кс. Уладзімір Шымковіч мае дэкрэт на Дуброўна, і яго пакуль ніхто не адмяняў. Больш таго, святар у Дуброўне пачуваецца шчаслівым у выканнанні сваёй святарскай паслугі, і нават некалькі разоў прасіў біскупа дазволіць і надалей працаваць у гэтай парафіі і нікуды яго не пераносіць, – хаця біскуп, разумеючы няпростую сітуацыю святароў на тэрыторыі ўсходняй Беларусі, прапаноўваў яму змяніць месца служэнне на адну з парафій заходняй Беларусі. Але прапановы засталіся толькі прапановамі, бо ўлічыў добрую волю і жаданне святара.

Падаецца, такі зварот вернікаў крыху заўчасны і прыватна для мяне – абсалютна незразумелы. Напрошваецца выснова, што з вернікаў хтосьці “пажартаваў” і зманіпуляваў іх дзеяннямі, таму і атрымалася вось такая недарэчная сітуацыя”, – каментуе кс. Вячаслаў Барок.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі