Святар: Не бывае “праваслаўных армій” на грамадзянскіх войнах

рой
Праваслаўны святар з Гродна, настаяцель кафедральнага Пакроўскага сабора протаіерэй Георгій Рой сцвярджае, што сёння расце колькасць праваслаўных святароў, зацікаўленых у пашырэнні айчыннай  культурнай і моўнай спадчыны.

“Мы не выкарыстоўваем магчымасць ужываць беларускую мову ў царкве”

“Царкоўная супольнасць складаецца са звычайных людзей. Калі ў грамадскім жыцці час ад часу можна сустрэць нейкую падазронасць да беларускай культуры, то бывае і так, што такое стаўленне людзі з сабою прыносяць і ў царкву. Хтосьці лічыць, што беларускай мове не месца ў жыцці Царквы. Але большасць праваслаўных вернікаў ставяцца да беларускай мовы станоўча, хоць самі і не гавораць па беларуску. Цяпер у жыцці нашай Царквы ёсць усе магчымасці ўжываць беларускую мову і ў пропаведзях, і ў набажэнствах, і ў публікацыях, і ў справаводстве. Але, на жаль, мы далёка не заўсёды выкарыстоўваем гэтую магчымасць”, – разважае святар з Гродна ў гутарцы з карэспандэнтам тэлеканала “Белсат”.

На думку а. Георгія Роя, пераламіць скептычнае стаўленне грамадзянаў да мовы маглі б менавіта святары, даючы “прыклад шанавання беларускай культурнай спадчыны і ўжывання беларускай мовы вернікам нашых цэркваў. Але пакуль што гэта не так. Беларуская мова прысутнічае ў жыцці царквы, але значнай ролі ўсё-такі не мае”.

“Іншыя хрысціянскія канфесіі ў гэтым кірунку робяць бадай што болей”, – прызнае святар.

Айцец Георгій Рой лічыць, што беларуская мова не з’яўляецца для царкоўнага служэння занадта побытавай. “У нашай царкве не існуе сакральных моваў. Кожная мова, на якой гавораць людзі, годная таго, каб на ёй звяртацца да Бога. Асабіста я практыкую служэнне беларускай літургіі. Кажу пропаведзі па-беларуску. І калі нехта кажа, што можа быць толькі адна «сакральная» мова, то гэта не адпавядае праваслаўнай традыцыі. Не адпавядае самой сутнасці менавіта той традыцыі, якую заклалі святыя Кірыл і Мяфодзій. Лічу, што царкоўнаславянская мова павінна быць асноўнай мовай набажэнства – гэта наша старажытная каштоўная спадчына. Але, пры гэтым, я выступаю і за тое, каб была магчымасць маліцца на той мове, на якой людзі хочуць маліцца. Хочуць царкоўнаславянскую – добра. Хочуць па-беларуску – будзем маліцца па-беларуску. Жадаюць маліцца па-расейску – і тут праблемы быць не павінна. Захочуць іншыя народы пачуць літургію на сваёй мове – і тут патрэбна быць заўсёды гатовымі”.

“Мяне палохае, калі нацыяналізм беларусаў набывае формы нянавісці”

Святар падкрэслівае, што ў роўнай ступені адпрэчвае і касмапалітычную, і нацыяналістычную скрайнасці. “Для мяне асабіста нацыяналізм катэгарычна непрымальны. Ні расейскі, ні беларускі, ні ўкраінскі, ні які іншы. Нацыяналізм заўсёды абмяжоўвае чалавека, завужвае светапогляд, перашкаджае адэкватнаму дыялогу. І, калі казаць пра сучасны беларускі рух, то я непакоюся, што многія людзі становяцца на шлях такога вузкага нацыяналізму. Для шмат каго цяпер быць патрыётам Беларусі – азначае кагосьці ненавідзець і заўсёды з нагодай, ці без яе, сваю нянавісць падкрэсліваць”, – кажа а. Георгій.

“Праваслаўны сталінізм” – гэта саюз святла і цемры

Гаворачы пра недарэчныя з’явы ў жыцці сучаснага праваслаўя – “праваслаўны сталінізм», папулярызацыю  Івана Жахлівага і Грыгорыя Распуціна, – а. Георгій настойвае, што такія з’явы – не выпадковыя, а саспявалі дзесяцігоддзямі. “Гэта падмена праваслаўнай веры, бо сапраўднае праваслаў’е – не ідэалагічнае, а дыялагічнае”.

“Я вельмі перажываю за тое, як далей будзе развівацца гэтая сітуацыя, бо пытанне датычыць прыроды царквы і сутнасці праваслаўнай традыцыі. “Праваслаўны сталінізм” – гэта не што іншае, як саюз святла з цемрай. Ці якая можа быць «праваслаўная армія», калі ідзе братазабойчая грамадзянская вайна?”, – лічыць святар.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі