“Разам адкрываючы шляхі надзеі”: у Рызе праходзіць Еўрапейская сустрэча моладзі Тэзэ

Ад 28 снежня да 1 студзеня Рыга прымае 39-я Еўрапейскія дні моладзі, якія ўжо традыцыйна на Новы год, паміж Раством заходняга і ўсходняга абраду, арганізуе супольнасць братоў з Тэзэ ў розных гарадах Еўропы. У сустрэчы бяруць удзел больш як 15 тыс. удзельнікаў з больш як 50 краін свету, сярод якіх каля 300 удзельнікаў з Беларусі.

Сустрэча ў Рызе адбываецца па запрашэнні Каталіцкай і Лютэранскай Цэркваў Латвіі, але актыўны ўдзел у арганізацыі сустрэчы прымалі ўсе прадстаўленыя у Латвіі канфесіі, гарадскія улады, недзяржаўныя арганізацыі. Рыга была гаспадыняй рэгіянальнай Балтыйскай сустрэчы восенню 2014 года, і некаторыя ўдзельнікі рэгіянальнай сустрэчы атрымалі асабістыя запрашэнні ад парафій і сем’яў, у якіх гасцілі раней. “Мы вяртаемся ў сем’і як да сябе дадому, да сваіх родзічаў. Некалькі дзён сустрэчы зрабілі з нас сапраўдную сям’ю”, – распавядае Алена.

Удзельнікаў сустрэчы прывіталі таксама жыхары навакольных мясцовасцяў. “Гэта вялікая радасць прымаць у сваіх дамах пілігрымаў, іх вочы свецяцца радасцю, яны вучаць нас жывой веры”, – адзначыла адна з валанцёрак у парафіі Ларэта.

Упершыню за гады правядзення сустрэчаў месцам правядзення абраная постсавецкая краіна, моладзь якой толькі 25 год таму пасля сканчэння доўгіх гадоў атэістычнай ізаляцыі стала прыязджаць на еўрапейскія сустрэчы. Арганізацыя такой вялікай сустрэчы стала выклікам для мясцовай супольнасці вернікаў. Так, яшчэ тры тыдні перад сустрэчай не хапала месцаў для размяшчэння 9 тыс. удзельнікаў, але зараз 90% пілігрымаў жывуць у сем’ях. Неверагодная праца! “Мы маем праблемы з гасціннасцю, мы маем яшчэ шмат недаверу да новага, але гэта сустрэча вучыць нас быць адкрытымі, талерантнымі, прымаць з радасцю. Яшчэ месяц таму мы не ведалі, як размясціць удзельнікаў у такім маленькім горадзе, але праца валанцёраў і мясцовых актывістаў, актыўнасць у медыя дазволілі нам размясціць большасць удзельнікаў у дамах. Такія сустрэчы, як Тэзэ мяняюць нашую ментальнасць, адкрываюць вочы і сэрцы людзей”, – адзначыў каталіцкі арцыбіскуп Рыгі Збігнеў Станкевіч.

Галоўная тэма сустрэчы ў гэтым годзе – “Адкрываючы разам шляхі надзеі”. Чатыры прапановы прыёра супольнасці брата Алоіза скіраваныя на пошук шляхоў надзеі для моладзі ў розных вымярэннях – як духоўным, так і фізычным і сацыяльным. “Надзея – гэта творчасць, а не сляпы аптымізм, які закрывае вочы на рэальнасць”,  – піша брат Алоіз у сваёй першай прапанове для моладзі. Другая прапанова – спрасціць сваё штодзённае жыццё, бо “выбіраючы сціплае жыццё, атрымліваем крыніцу свабоды і радасці”. У трэцяй прапанове брат заклікае да пошукаў еднасці паміж хрысціянамі, асабліва ў малых супольнасцях і асабіста. Чацвёртая прапанова заклікае шукаць шляхі надзеі для супакою і паразумення ў свеце.

Гэтыя чатыры прапановы будуць раздавацца ў Тэзэ і ў моладзевых асяродках цягам усяго наступнага года. У спатканнях у вёсцы Тэзэ, дзе жыве супольнасць, могуць прыняць удзел усе жадаючыя цягам году ад нядзелі да нядзелі (толькі трэба скантактавацца з супольнасцю раней, каб разам спланаваць побыт), а наступная, юбілейная 40-я Еўрапейская сустрэча адбудзецца праз год у швейцарскім Базэлі. Таксама цягам 2017 года супольнасць братоў з Тэзэ запрашае ў Бірмінгем (Злучанае Каралеўства), на амерыканскі этап пілігрымкі даверу на зямлі ў Сэнт-Луіс (ЗША), а таксама ў Егіпет, дзе супольнасць разам з моладдзю наведае Копцкую Царкву. “Пасля велікодных сустрэчаў у Стамбуле ў 2013 годзе, у Маскве і Кіеве ў 2013 і 2015 гадах, ў Бухарэсце на Вялікдзень ў 2016 мы хочам працягваць пілігрымкі па Усходніх Цэрквах. У гэтым годзе Вялікдзень усходняга і заходняга абраду супадаюць, а пазней у Егіпце невыносная жара, таму сустрэчу вырашана арганізаваць у канцы верасня. Гэтым візітам мы таксама хочам падтрымаць маладых хрысціянаў з Бліжняга Усходу, якія перажываюць часы чарговага пераследу”, – адзначыў брат Жан-Поль з Тэзэ, адказны за сустрэчу.

Еўрапейскія сустрэчы моладзі Тэзэ адбываюцца напрыканцы кожнага году ў розных гарадах Еўропы і з’яўляюцца этапамі пілігрымкі даверу на Зямлі. Першая сустрэча адбылася ў 1978 годзе ў Парыжы. Ініцыятарам сустрэчы быў заснавальнік супольнасці брат Ражэ, ён трагічна загінуў падчас вечаровай малітвы ў Тэзэ 16 жніўня 2005 года. Пасля яго смерці прыёрам супольнасці стаў паплечнік брата Ражэ брат Алоіз, а браты з Тэзэ працягваюць традыцыю арганізацыі Еўрапейскіх сустрэч моладзі.

Photo by Thorsten Bischof and Jk Thomas, @Taize

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі