6 студзеня – вечарына да 125-годдзя ксяндза Адама Станкевіча

rng_06

6 студзеня спаўняецца 125 гадоў беларускаму ксяндзу і палітыку Адаму Станкевічу – закатаванаму ў ГУЛАГу лідару міжваеннай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рупліўцу беларускай мовы ў Каталіцкім Касцёле, дэпутата польскага Сойма і заснавальніку Таварыства беларускай школы.

З гэтай нагоды ў пятніцу а 18:00 у Мінску пройдзе вечарына памяці ксяндза Адама Станкевіча па адрасе Шчорса 1, (станцыя метро “Грушаўка”). Сярод удзельнікаў – аўтар кнігі пра Адама Станкевіча Алесь Пашкевіч, гісторыя ксяндза Адама, віктарына з прызамі. Уваход вольны.

4 студзеня ў Песках пад Лідай – вечарына да 100-годдзя Віктара Ярмалковіча

У сераду 4 студзеня ў аграсядзібе ў Песках пад Лідай пройдзе вечарына да 100-годдзя Віктара Ярмалковіча, краязнаўца і грамадскага дзеяча, сябра БХД, рэдактара “Хрысціянскай думкі”, вязня канцлагера ў Картуз-Бярозе і ГУЛАГа. Менавіта 4 студзеня Ярмалковічу споўнілася б роўна 100 гадоў.

Вечарына прымеркаваная да стагоддзя БХД. Пра гісторыю хадэцыі і лёс Віктара Ярмалковіча распавядзе сустаршыня БХД Павел Севярынец.

У Маладзечне прайшла ўрачыстая сустрэча па святкаванні дня нараджэння а.Андрэя Цікоты

28 снежня ў Маладзечне адбылася ўрачыстая сустрэча па святкавані дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў міжваеннай БХД а. Андрэя Цікоты. Веў сустрэчу Алесь Капуцкі, які распавёў пра юбілей а. Андрэя Цікоты і запрасіў усіх да святкавання.

Каардынатар БХД Раман Ганчароў распавёў пра біяграфію а. Андрэя Цікоты, самаахвярнасць і трагічны лёс.

Сустрэчу правеў Малады Фронт у рамках клубу імя а. Андрэя Цікоты.

Таксама на сустрэчы ўзгадалi лёс усіх рэпрасаваных, якія ахвяравалі сваім жыццём за Беларусь, ды распланавалі план правядзення кампаніі па ўшанаванні а. Андрэя Цікоты і Паўла Карузы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі