У Мінску збіраюць подпісы за перайменаванне праспекта Дзяржынскага

Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў рамках кампаніі “100 гадоў БХД” пачала збор подпісаў у Менску за перайменаванне праспекта Дзяржынскага ў Менску ў праспект Адама Станкевіча. Подпісы збіраюцца пераважна сярод саміх жыхароў дамоў па праспекце Дзяржынскага.

“Людзі 25-50 гадоў падпісваюцца ахвотна, – кажа сустаршыня БХД Павел Севярынец, – А вось старэйшыя за 60 альбо маладзейшыя за 25 – катастрофа. “А нам Держінскій нравітся”. Раздаем інфармацыю пра Адама Станкевіча, чытаюць, здзіўляюцца, чаму пра такіх асобаў не распавядаюць па тэлевізары”.

У пятніцу 6 студзеня на вечарыне да 125-годдзя Адама Станкевіча можна будзе далучыцца да кампаніі збору подпісаў. Пачатак вечарыны а 18:00, адрас – Шчорса 1, гатэль “Камфорт”.

Лідзяне адзначылі 100-годдзе Віктара Ярмалковіча

У сядзібе Пескі пад Лідай у рамках кампаніі “Стагоддзе БХД” 4 студзеня прайшла вечарына да 100-годдзя знанага краязнаўца, сябра БХД, рэдактара “Хрысціянскай думкі”, вязня Картуз-Бярозы і ГУЛАГу Віктара Ярмалковіча.

Ушанаваць памяць Віктара Ярмалковіча сабраліся актывісты з Ліды і раёна, Бярозаўкі, Дзятлаўскага раёну, Гародні і Менску.

Вёў імпрэзу сустаршыня БХД Павел Севярынец, выступілі старэйшына дэмакратычнага руху на Лідчыне Станіслаў Суднік, маладзёвы лідар Вітольд Ашурак ды бард Сяргей Чарняк. Вечарына пачалася малітвай “Ойча наш” і скончылася дружным спевам гімну “Магутны Божа”.

Сябры БХД раздалі буклеты з інфармацыяй пра Віктара Ярмалковіча і хадэцыю, сабралі подпісы ў падтрымку тэлеканала “Белсат”, дамовіліся дамагацца перайменавання вуліцаў у гонар ахвярных герояў Беларусі 1920-1930-х гадоў. Спадар Суднік распавёў пра ўражвальныя планы па беларусізацыі лідзянаў на юбілейны год.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі