Праваслаўны прыход зладзіў міжканфесійны Зімовы фэст з удзелам Вольскага і Вайцюшкевіча (фота, відэа)

Амаль увесь суботні дзень 14 студзеня пасярод новабудовак Каменнай Горкі ў Мінску чуліся спевы, якія неслі ў сабе Радасць Божага нараджэння. У гэтыя святочныя дні вернікі хацелі паказаць, што варта захоўваць традыцыю калядавання, а значыць, абвяшчэння Радасці Божага нараджэння.

“Зімовы фэст” — далёка не першы музычны фестываль, які ладзіць праваслаўны прыход святога Мікалая Японскага. Вернікі ладзілі і “Траецкі фэст”, дзе хэдлайнерам быў Алег Хаменка, і “Восеньскі фэст”. А зараз вернікі наўпрост захацелі пакалядаваць. Яны вераць, што тыя, хто праслаўляе Хрыста ў гэтыя дні, прыносяць радасць у жыццё іншых.

Шмат хто з прыходу святога Мікалая Японскага — людзі, якія любяць беларускасць, з’яўляюцца экспертамі ў галінах краязнаўства і этнаграфіі. Таму “Зімовы фэст” атрымаўся фэстам, які сапраўды падыходзіць пад азначэнне  “Беларуская форма — хрысціянскі змест”. На фэсце можна было пазнаваць беларускую культуру праз народныя гульні ды танцы. Для дзетак і людзей з асаблівасцямі развіцця працавалі майстэрні, дзе ўсе жадаючы маглі зрабіць рэчы сваімі рукамі.

Пра Радасць Божага нараджэння спявалі не толькі самі прыхаджане, але і госці з Польшчы — калектыў з гораду Бяла-Падляска. Праваслаўны прыход запрасіў выступіць на свяце і досыць вядомы каталіцкі гурт “Laudans”.  “Laudans” заспяваў не толькі свой калядны рэпертуар, але, канечне, спяваў гурт  і пра хрысціянскае адзінства.  “Нам патрэбна адзінства!” —  менавіта гэтыя словы гучалі на тэрыторыі храма. Хэдлайнеры свята — Лявон Вольскі і Зміцер Вайцюшкевіч запалілі ўжо прадроглых калядоўшчыкаў апрацаванымі імі калядкамі і ўласнымі хітамі.

Айцец Павел Сярдзюк, святар прыхода, кажа, што такія мерапрыемствы яны ладзяць ужо каля двух гадоў: “Мы не хочам абмяжоўвацца толькі службамі ў царкве. Мы хочам, каб хрысціянскае адзінства трансфармавалася ў агульную справу. Я прытрымліваюся прынцыпу “Літургія пасля Літургіі”.

Той факт, што на свяце, якое ладзіць праваслаўны прыход, сустрэліся культуры і іншых канфесій, айца Паўла не пужае: “Мы запрашаем людзей не ў літургічную прастору, але ў культурную. Сюды прыходзяць тыя, хто хоча праславіць Хрыста. І рыма-каталікі праслаўляюць Хрыста, і неапратэстанты праслаўляюць Хрыста. Нашая прастора — адкрытая. Тое, што не можа аб’яднаць у сабе соцыум, Хрыстос аб’ядноўвае з вялікай лёгкасцю. І тое, што мы ўсе можам разам пасядзець за кубкам гарбаты і праспяваць калядку — гэта вопыт Любові. Мы ж пакланяемся Богу жывому, Богу Любові, Богу Евангелля. І гэтае свята —  невялікі крок Любові, крок да збліжэння адзін аднаго. Прынамсі, мы на гэта спадзяемся”.

Вікторыя Чаплева

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі