У Мінску прадстаўнікі розных Цэркваў разбурылі сімвалічны мур

Шимбалев
У Мінску ў катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 21 студзеня адбылося экуменічнае набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.

У супольнай малітве ўдзельнічалі прадстаўнікі Рыма- і Грэка-Каталіцкіх, Праваслаўнай Цэркваў, пратэстанцкіх Цэркваў, Біблейскага таварыства ў Беларусі, паведамляе catholic.by.

У набажэнстве ўзяў удзел Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Малітве папярэднічала Святая Імша, у гаміліі падчас якой дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі нагадаў, што за адзінства хрысціянаў па традыцыі моляцца перад святам навяртання святога апостала Паўла, якое прыпадае ў каталікоў на 25 студзеня.

У гаміліі біскуп Касабуцкі адзначыў, што спрэчкі былі і паміж вучнямі Хрыста, а Іісусу неаднойчы даводзілася накіроўваць людскія меркаванні ў слушным кірунку. Апосталы, як дадаў іерарх, мелі Божага Духа ў сабе, таму маглі дамовіцца паміж сабой, а апостал Павел заклікаў, каб не было расколу.

экуменизм
Экуменічнае набажэнства ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскій арцыбіскуп Кандрусевіч, які нагадаў пра запавет Хрыста – каб усе былі адно.

На пачатку малітвы быў пабудаваны сімвалічны мур з камянёў-грахоў: недахоп любові, нянавісць і пагарда, несправядлівае абвінавачванне, дыскрымінацыя, пераслед, знішчэнне супольнасці, неталерантнасць, рэлігійныя войны, адкідванне, злоўжыванне ўладай, ізаляцыя, пыха. Напрыканцы набажэнства гэты мур быў «разбураны», а з камянёў быў складзены крыж.

Кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Праваслаўнай Царквы протаіерэй Аляксандр Шымбалёў падкрэсліў, што адзінства павінна быць ва ўсім — як у думках, так і ў дзеяннях, у аснове ж адзінства павінна быць любоў.

Прадстаўнік Царквы Хрысціянаў Поўнага Евангелля ў Беларусі пастар Валерый Шэйбак  адзначыў, што адсутнасць мірных адносінаў сведчыць пра духоўную нясталасць.

Біскуп евангельскіх хрысціянаў баптыстаў Аляксандр Філісюк выказаў думку, што сёлета, калі адзначаецца 500-годдзе выдання Бібліі Скарыны, менавіта Святое Пісанне можа стаць шляхам дасягнення адзінства.

Канцлер курыі Грэка-каталіцкай Царквы протаіерэй Яўген Усошын адзначыў, што гісторыя хрысціянства пазначаная грахамі супраць адзінства, але наперадзе будучыня, да якой пілігрымуюць усе хрысціяне.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі