У Друі ў гонар Скарыны пройдзе “Скарынэр” з удзелам вядомых мастакоў

Друя
У Друі на базе Троіцкага касцёла з ініцыятывы настаяцеля прыхода кс. Сяргея Сурыновіча летам адбудзецца “Скарынэр” – пленэр з удзелам выбітных беларускіх мастакоў розных школаў, мастацкіх кірункаў і ўзростаў.

Мастакі збяруцца ў Друі ў трэці раз, але гэты пленэр будзе тэматычным. “2017 год з’яўляецца асаблівым. Роўна 500 год таму беларусы атрымалі першую друкаваную кнігу. Гэта не быў пераклад філасофскіх вучэнняў Арыстотэля ці медычных трактатаў Ісхака ібн Хунайна. Гэта была кніга, што злучыла ў сабе і спрадвечную мудрасць, і ацаленне разам – Біблія! Таму сёлетні летні Друйскі мастацкі пленэр не можа не ператварыцца ў «Скарынэр», не ўзняць тэму важнай падзеі і гонару для нашай нацыі, – перакладу Бібліі Францішкам Скарынай”, – кажа кс. Сяргей Сурыновіч.

Удзел у папярэдніх пленэрах бралі і вядомыя мастакі, і пачаткоўцы, а таксама творцы, якія займаюцца стварэннем абразоў: Марта Шматава, Вольга Куваева, Кацярына Мяснікова, Вольга Сазыкіна, Андрэй Ігнаценка, Дзмітрый Сурыновіч, Алесь Пушкін, Кацярына Говэн.

Друя
Працы мастакоў, падораныя кляштару, паклалі пачатак стварэнню Друйскай карціннай галерэі. Частка яе фондаў будзе прадстаўленая ў Браславе ў музеі традыцыйнага мастацтва ў межах выставы, якая адкрыецца 4 лютага. Экспазіцыя ўключыць палотны, створаныя падчас леташняга пленэру “Пачаткі”.

Ксёндз Сяргей Сурыновіч мяркуе правесці «Скарынэр» у другой палове ліпеня. Ужо сёння аб жаданні ўдзельнічаць святару паведаміла вялікая колькасць мастакоў.

Друя

“Для мяне асабіста раман з Друяй адбыўся каля 10 год назад. Мы ладзілі там пленэр «У пошуках Атлантыды» – на той момант, яшчэ не разбэшчаныя пленэрамі замежнымі ды «статуснымі» дзяржаўнымі, мы патрапілі пад моцнае ўздзеянне магіі месца. Сказаць, што нам здарылася знайсці Genius Loci Друі – было б перабольшваннем, але ягоны подых мы адчулі дакладна. Калі давялося вярнуцца зноў у тыя мясціны, я адчула радасць сустрэчы са старым сябрам, але зараз там яшчэ з’явіўся і Гаспадар – Святар, які на сваіх рамёнах здолеў падняць да сонца гэты куток Беларусі. Храм жыве тады, калі ў ім ідзе служба і мясціны жывыя, калі іх даглядаюць. Так і адбываецца са старажытнай Друяй, яна вабіць сваім хвалістым ландшафтам, вабіць краявідамі і стромкай ракой, і над усім гэтым валадарыць Касцёл, нібы вялізны карабель, які плыве ў бязмежжы колераў і фарбаў”, – апавядае пра свае ўражанні мастачка Кацярына Мяснікова, адна з будучых удзельніц «Скарынэра».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі