Біскуп Віцебскі наведаў каталікоў з аддаленых вёсак на мяжы з Латвіяй

Друя
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які 28 студзеня распачаў інспекцыйны візіт у Друю ў Браслаўскім раёне, на наступны дзень,  пасля нядзельных Імшаў у Троіцкай парафіі ў Друі і ў суседняй вёсцы Друйск наведаў Дзеткаўцы і Малькі – вёскі, дзе раней буяла рэлігійнае жыццё, а цяпер колькасць жыхароў непараўнальна зменьшылася.

Друя
У Дзеткаўцах капліца Маці Божай Вострабрамскай паўстала намаганнямі вяскоўцаў на могілках у 90-ых гадах мінулага стагоддзя. Гэта – самы аддалены куточак друйскай парафіі, тым не менее, кожную нядзелю вяскоўцы тут збіраюцца малітву.

Друя
Візіт біскупа Буткевіча стаўся для жыхароў вёскі вялікай і нечаканай радасцю – упершыню ў Дзеткаўцы прыехаў кіраўнік дыяцэзіі.

Таксама біскуп Буткевіч наведаў некалі слынны, а сёння амаль нядзейны – Святая Імша тут служыцца некалькі разоў на год на вялікія святы – касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла i святой Агаты ў Мальках.

Друя
Знакамітая святыня была пабудаваная ў 1792 годзе ў класіцысцкім стылі на сродкі фундатара Яна Шаўмана – уладальніка фальварка ў Малькаўшчызне. У святыні захаваўся алтар канца 18 ст., выкананы ў тэхніцы ілюзіяністычнага жывапісу: малюнкі ствараюць уражанне мармуровых альбо ляпных барэльефаў.

Друя
“Мясцовыя яшчэ памятаюць, як блаславёны айцец Юры Кашыра, будучы росіцкі пакутнік, рыхтаваў тут дзяцей да першай святой споведзі, як прамаўляліся тут казанні па-беларуску”, – распавядае настаяцель друйскай парафіі кс. Сяргей Сурыновіч.

У самой Друі і ў Друйску біскуп Буткевіч не толькі служыў Святыя Імшы, але і размаўляў з усімі жадаючымі вернікамі ўсіх узростаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі