Святы Шарбель – духмянае кадзіла ліванскіх кедраў

SAM_8436

У бібліятэцы Чырвонага касцёла ў Мінску адбылася чытацкая канферэнцыя па кнізе, укладзенай кс. Уладыславам Завальнюком «Святой Шарбель. Монах и чудотворец».

Брашура, выдадзеная ў 2016 годзе, знаёміць з жыццём і малітоўным подзвігам ліванскага святога, яго цудатварэннямі. Бібліятэкар, спадарыня Галіна, захапляльна распавяла пра дзяцінства і юнацтва святога, якога называюць духоўным братам св. Серафіма Сароўскага, шануюць як каталікі, так і праваслаўныя вернікі ва многіх краінах.

SAM_8426Святы Шарбель Махнуф нарадзіўся  8 мая 1828 года ў хрысціянскай сям’і ў Бекаа- Кафра (паўночны Ліван) і пры хросце атрымаў імя Юсэф. У 23 гады ён уступіў у кляштар святога Марона ў Анаі, дзе атрымаў манаскае імя Шарбель, што перакладаецца з арабскай як “ шар” – “цар” і “ бель” – “ Бог”. Ён атрымаў святарскі сан 23 ліпеня 1859 года. У кляштары ён прысвяціў сябе малітве, працы і духоўным практыкам. У 1875 годзе айцец Шарбель распачаў пустэльніцкае жыццё, у якім знаходзіўся 23 гады. Памёр а. Шарбель у вігілію Божага нараджэння ў 1898 годзе. Пасля пахавання над яго магілаю з’явілася яркае свячэнне, якое трымалася напрацягу тыдня.

Цела святога праз гады засталося нятленным і выдзяляе ружовую сукравіцу. Зафіксаваныя тысячы выпадкаў цудоўных ацаленняў праз заступніцтва святога. 5 снежня 1965 года ён быў прылічаны да ліку блажэнных. Кананізацыя адбылася 9 кастрычніка 1977 года. У горад Аная прыязджаюць са ўсяго свету багасловы, іерархі Каталіцкай Царквы, лекары, паломнікі.

Сястра Валянціна пранікнёна распавяла пра выпадкі ацаленняў ля труны святога, якія адлюстраваны ў літаратуры.

Айцец Шарбель быў чалавекам вельмі сціплага жыцця, ён ведаў тайны чалавечых душ лепш, чым лекары. Ён вучыў ніводнай хвіліны жыцця не праводзіць марна, а трываць у фізічнай і духоўнай працы і навуцы.

Сястра Аліна прачытала вершы, прысвечаныя святому Шарбелю, і малітву да яго. Мэта кнігі, выдадзенай пра падтрымцы Касцёла,– пазнаёміць вернікаў з духоўнай спадчынай святах ва ўсім свеце, у дадзеным выпадку – з хрысціянскімі традыцыямі на Усходзе. Папярэднікам святога Шарбеля быў святы Марон, які жыў у 5 стагодзі ў Сірыі.

SAM_8439У старазапаветную эпоху Ліван славіўся магутнымі кедрамі і лясамі. Цар Саламон атрымліваў кедры для будаўніцтва храма. Кнігу ксяндза Уладзіслава завяршае легенда пра тысячагадовыя кедры, што ўзраслі на Ліванскай зямлі. Усе яны хацелі паслужыць вялікай мэце. Дрэва аднаго з іх стала калыскай Збавіцеля, гронка іншага – сталом для Тайнай вячэры, а  з трэцяга кедра быў выраблены крыж, на якім Госпад аддаў сябе ў ахвяру за ўсіх людзей.

Бібліятэка імя Адама Міцкевіча Мінскага Чырвонага касцёла, у якой можна знайсці шмат хрысціянскай і мастацкай літаратуры на розных мовах, працуе штодзённа з 10.00 да 18.00 па  адрасе: вул. Савецкая, 15.

Эла Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі