Яшчэ раз да пытання свабоды аб’яднанняў у Беларусі…

kofc

Належачы да першага – найстарэйшага – пакалення правоў чалавека[1], свабода аб’яднанняў разам са свабодай сумлення і свабодай веравызнання з’яўляецца складнікам паўнавартаснай самарэалізацыі асобы, захавання спадчыны, а таксама стварэння ўмоў для суіснавання розных меркаванняў і пунктаў гледжання, якія праз супрацу і канструктыўны дыялог вядуць да развіцця грамадства.

22 снежня 2016 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на сустрэчы з журналістамі закрануў шмат пытанняў[2], якія цікавяць вернікаў. Вялікую ўвагу прыцягнула пытанне журналіста хрысціянскага інфармацыйнага партала Крыніца.info аб тым, чаму ў Беларусі, у адрозненні ад суседніх краін, не пашыраныя каталіцкія інстытуцыі, накіраваныя на працу сярод свецкіх вернікаў, такія як брацтва “Рыцары Калумба” ці персанальная прэлатура “Opus Dei”. Паводле адказу Мітрапаліта, асноўнай праблемай “з’яўляецца беларускае заканадаўства, якое прадугледжвае абавязковы дазвол на рэлігійную дзейнасць замежнікаў, якіх мусяць даслаць пазначаныя арганізацыі”[3]. Такім чынам, беларускія грамадзяне пазбаўленыя магчымасці аб’яднацца ў суполку, якая з’яўлялася б часткай сусветнай арганізацыі аб’яднання вернікаў.

Свабода аб’яднанняў замацаваная ў асноўных крыніцах міжнароднага права. Гэтак, Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека, якая лічыцца крыніцай міжнароднага звычаёвага права, гарантуе кожнаму права на аб’яднанне[4]. Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, замацоўвае, што “кожны чалавек мае права на свабоду аб’яднання з іншымі”, пры гэтым “карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія прадугледжваюцца законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб”[5]. Амаль цалкам гэткі ж тэкст можна знайсці і ў Канвенцыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека[6], падпісантам якой з’яўляецца, у тым ліку, і Рэспубліка Беларусь. Еўрапейская Канвенцыя па правах чалавека, на базе якой створаны ці не найбольш вядомы у свеце механізм сістэмнай абароны правоў і свабод, таксама гарантуе права на свабоду аб’яднанняў[7]. Нягледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца чальцом Савета Еўропы і не падпісвала Еўрапейскую Канвенцыю па правах чалавека, Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь у сваёй практыцы спасылаецца на канвенцыю і практыку ЕСПЧ, выкарыстоўваючы іх «у якасцi своеасаблiвых арыентыраў, якія ўжываюцца пры ўдасканальваннi заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносiн».[8] [9] [10]

Тым не менш, паўстае пытанне, ці звязаная дзейнасць рэлігійных арганізацый з правам на аб’яднанне? Кіруючыя прынцыпы па свабодзе аб’яднанняў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якія з’яўляюцца комплексным дапаможнікам для заканадаўцаў – крыніцай “мяккага права”, якая спалучае аналіз міжнародных і нацыянальных норм, правапрымяняльнай практыкі і меркаваннях навукоўцаў, адназначна залічваюць рэлігійныя арганізацыі да шэрагу тых, якія павінны абараняцца ў межах рэалізацыі права кожнага на свабоду аб’яднанняў[11]. Адзначаецца, што рэлігійныя аб’яднанні з’яўляюцца асноўным каналам рэалізацыі права на свабоду рэлігіі і перакананняў. Рэкамендацыі па аналізе закандаўства аб рэлігіі і веравызнанні, падрыхтаваныя БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіяй, не лічаць неабходным мець асобнае заканадаўства па рэгуляванні рэлігіных арганізацый, бо законы, прыдатныя да іншых аб’яднанняў, могуць прымяняцца і да рэлігійных арганізацый[12]. У гэтым жа дакуменце утрымліваюцца, у тым ліку, і рэкамендацыі адносна замежных рэлігійных дзеячоў, якія могуць быць запрошаныя ў краіну. У прыватнасці, дзяржавы могуць ствараць правілы і абмежаванні ўезду ў краіну для замежнікаў, пры гэтым пад абмежаваннямі разумеецца неабходнасць афармлення віз. Акрамя таго, падставай для адмовы ва ўездзе могуць быць нейтральныя крытэрыі (якія прымяняюцца аднолькава для ўсіх), напрыклад, мінулае прыцягненне да крымінальнай адказнасці, якое стварае пагрозу грамадскай бяспецы. Стварэнне абмежаванняў, якія грунтуюцца на рэлігійных аспектах, парушае рэлігійны нейтралітэт дзяржавы і стварае перашкоды для рэалізацыі свабоды аб’яднанняў і свабоды веравызнання, можа ўскладняць забеспячэнне персаналам. Візавыя абмежаванні, мэтай якіх з’яўляецца стварэнне рэлігійных бар’ераў,  лічацца дыскрымінацыйнымі[13].

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гэтаксама гарантуе права на свабоду аб’яднанняў[14], як і свабоду веравызнання[15]. Аднак, заканадаўствам Беларусі прадугледжаныя пэўныя абмежаванні. Перш за ўсё, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” ад 17 снежня 1992 г. № 2054-XІІ прадугледжвае, што рэлігійныя арганізацыі маюць права запрашаць замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з мэтай заняцця рэлігійнай дзейнасцю ў адпаведных рэлiгiйных аб’яднаннях, пры гэтым тэрмін дзейнасці абмежаваны адным годам з магчымасцю прадаўжэння цi скарачэння[16]. Відавочна, што акрамя візавых абмежаванняў з’яўляецца дадатковая магчымасць кантраляваць усіх замежных грамадзян, якія займаюцца рэлігійнай дзейнасцю, таму што існуе магчымасць без цяжкасцяў прымусіць іх пакінуць краіну.

Падрабязнае рэгуляванне запрашэння замежных грамадзян і асоб без грамадзянства з мэтай заняцця рэлігійнай дзейнасцю можна знайсці ў Пастанове Савета Міністраў ад 30 студзеня 2008 года № 123 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь у мэтах заняцця рэлігійнай дзейнасцю і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь”[17].

Якія ж асаблівасці запрашэння замежнікаў, якія займаюцца рэлігійнай дзейнасцю?

Па-першае, запрашаць мае права толькі зарэгістраваная рэлігійная арганізацыя, але робіцца гэта не самастойна, а па ўзгадненні з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў[18].

Па-другое, замежныя грамадзяне могуць запрашацца з наступнымі мэтамі: выкананне абавязкаў святароў у рэлігійных арганізацыях; выкладанне ў духоўных навучальных установах; устанаўленне сувязяў і кантактаў з рэлігійнымі арганізацыямі; удзел ў дабрачынных і іншых масавых мерапрыемствах рэлігійных арганізацый, якія маюць сваёй галоўнай мэтай задавальненне рэлігійных патрэбаў грамадзян;  ажыццяўленне ва ўстаноўленым парадку рэлігійнага навучання і выхавання грамадзян на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь; атрыманне рэлігійнай адукацыі ў духоўных навучальных установах і забеспячэнне іншай рэлігійнай дзейнасці[19].

Па-трэцяе, для ўзгаднення запрашэння рэлігійныя аб’яднанні павінны не менш чым за месяц да планаванага прыбыцця замежніка ў Рэспубліку Беларусь накіраваць Упаўнаважанаму пісьмовы запыт у двух экзэмплярах, дзе пазначаюцца звесткi пра замежніка (паводле пашпарта –  прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (калі маецца), грамадзянства, дата нараджэння, нумар пашпарта, дата выдачы і тэрмін дзеяння), мэта, тэрмін запрашэння ў Рэспубліку Беларусь і найменне рэлігійнай арганізацыі, у якой ён будзе ажыццяўляць рэлігійную дзейнасць, а таксама тлумачыцца неабходнасць яго запрашэння. Да запыту прыкладаецца копія старонак сапраўднага пашпарта альбо іншага дакумента, які замяняе пашпарт, якія змяшчаюць пералічаныя вышэй звесткі пра яго ўладальніка. Запыт афармляецца на афіцыйным бланку рэлігійнага аб’яднання з указаннем абавязацельства рэлігійнага аб’яднання па выкананні замежнікам патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, падпісваецца кіраўніком рэлігійнага аб’яднання альбо, па яго даручэнні, яго намеснікам, і замацоўваецца пячаткай рэлігійнага аб’яднання[20].

Па-чацвёртае, у залежнасці ад мэты запрашэння замежніка прадугледжваюцца дадатковыя патрабаванні па прадастаўленні дакументаў. Гэтак, да запыту адносна асоб, якія будуць займацца святарскай дзейнасцю, неабходна прыкласці копію пасведчання аб рэлігійнай адукацыі з натарыяльна завераным перакладам на адну з дзяржаўных моў, даведку са звесткамі аб вопыце працы замежніка ў якасці святара (агульны стаж працы ў якасці святара, папярэдняе месца працы, найменне рэлігійнай арганізацыі, якую ён прадстаўляе), а таксама пасведчанне пра веданне адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь у аб’ёме, неабходным для ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці. Да запыту адносна асоб, якія будуць займацца выкладчыцкай дзейнасцю, акрамя копіі пасведчання аб адукацыі, даведкі аб вопыце працы і валоданні мовай, трэба таксама прыкласці навучальны план ці праграму навучальнай установы, у якую запрашаецца замежнік. Да запыту аб асобах, якія плануюць займацца устанаўленнем сувязяў з рэлігійнымі арганізацыямі і браць удзел у дабрачынных і іншых масавых мерапрыемствах рэлігійных арганізацый, трэба прыкласці праграму іх знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь. Да запыту аб асобах, якія плануюць навучацца ў духоўных навучальных установах, трэба прыкласці гарантыйны ліст духоўнай навучальнай установы аб гатоўнасці прыняць замежніка для навучання з указаннем крыніц фінансавання навучання[21]. Такім чынам, падрабязна прадугледжваюцца дадатковыя патрабаванні да розных катэгорый замежнікаў, якіх можа запрашаць рэлігійная арганізацыя, пры гэтым з-за невыканання гэтых патрабаванняў упаўнаважаны можа пакінуць запыт без разгляду[22].

Па-пятае, запыт можа разглядацца на працягу месяца; аб выніках разгляду і прынятым рашэнні накіроўваецца пісьмовае паведамленне. Пры гэтым Упаўнаважаны мае права не ўказваць прычыны адмовы ва ўзгадненні запрашэння замежніка. Акрамя таго, па рашэнні Упаўнаважанага, запрашэнне замежніка можа ўзгадняецца з аддзеламі па справах рэлігій і нацыянальнасцяў аблвыканкамаў па месцы знаходжання рэлігійнай арганізацыі. Упаўнаважаны прымае канчатковае рашэнне і можа скараціць тэрмін запрашэння замежніка ў выпадку, калі час, неабходнае для рэалізацыі мэтаў, для якіх запрашаецца іншаземец, не адпавядае тэрміну, пазначанаму ў запыце. [23]

Па-шостае, падставамі для адмовы ва ўзгадненні запрашэння замежніка з’яўляюцца: адсутнасць неабходнасці для запрашэння замежніка, недакладнасць звестак, якiя ўтрымлiваюцца ў дакументах (у тым ліку ўзровень валодання дзяржаўнай мовай), неаднаразовае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці падчас ранейшага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, уключэнне ў спіс асобаў, уезд якіх на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь забаронены або непажаданы[24].

Па-сёмае, пасля прыбыцця на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь замежнік павінен быць зарэгістраваны па месцы знаходжання рэлігійнай арганізацыі, у якой ён будзе ажыццяўляць рэлігійную дзейнасць. Акрамя таго, замежнік не мае права займацца рэлігійнай дзейнасцю па-за тэрыторыяй рэлігійнай арганізацыі (структурнай часткі рэлігійнага аб’яднання), у якой яму ўзгоднена ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці[25].

Па-восьмае, тэрмін знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь можа быць скарочаны, калі замежнік на працягу месяцу не заехаў на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, не зарэгістраваўся пасля прыезду на працягу трох працоўных дзён ці неаднаразова на працягу аднаго года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці[26]. Наступствам парушэння заканадаўства можа быць таксама ануляванне дазволу на часовае пражыванне[27].

Па-дзявятае, не менш чым за месяц да заканчэння тэрміну запрашэння замежніка, тэрмін ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці можа быць прадоўжаны Упаўнаважаным на падставе запыту рэлігійнага аб’яднання[28].

Такім чынам, беларускае заканадаўства мае падрабязнае і разгалінаванае рэгуляванне запрашэння з-за мяжы асоб, якія займаюцца рэлігійнай дзейнасцю. Пры гэтым варта адзначыць, што механізм непадаўжэння дазволу на ажыццяўленне рэлігійнай дзейнасці мае пазасудовы характар; рашэнне прымаецца апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, больш таго, падставы непадаўжэння могуць не тлумачыцца. Відавочна, гэта стварае дадатковыя цяжкасці для рэлігійных арганізацый, якія павінны займацца шматлікімі лагістычнымі пытаннямі па ўзгадненні прыезду і рэгістрацыі замежніка і пры гэтым не маюць гарантый атрымання тлумачэння прычын адмовы ва ўзгадненні ці падаўжэнні тэрміну знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, Палажэнне не прадугледжвае магчымасці абскарджвання рашэнняў Упаўнаважанага.

Выкарыстанне прадугледжаных заканадаўствам інструментаў можа ствараць перашкоды для рэалізацыі свабоды аб’яднання: напрыклад, у 2008 быў вымушаны пакінуць Беларусь айцец Збігнеў Грыгарцэвіч менавіта з-за таго, што тэрмін знаходжання на тэрыторыі краіны для заняцця рэлігійнай дзейнасці не быў падоўжаны[29]. Пры гэтым выказваюцца меркаванні, што высылка святароў з небеларускім грамадзянствам можа быць звязаная не з рэлігійнымі, а з іншымі матывамі.[30][31]

Сусветны характар дзейнасці Каталіцкага Касцёла азначае, што існуе шмат звязаных з ім арганізацый, аднак на прыкладзе Беларусі можна бачыць складанасці, якія ўзнікаюць у дзейнасці Касцёла. Словы Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча цалкам пацвярджаюцца аналізам заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Трэба заўважыць, што складанасці ў сувязі з выкананнем разгледжаных норм нацыянальнага заканадаўства могуць узнікнуць і ў прадстаўнікоў іншых рэлігійных аб’яднанняў.

Прааналізаваныя ў гэтым артыкуле міжнародныя стандарты правоў чалавека ў галіне свабоды аб’яднанняў, а таксама нацыянальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь дазваляюць рознабакова разглядаць сітуацыю, якая выклікала вострае абмеркаванне ў сродках масавай інфармацыі адносна магчымасці дзейнасці ў Беларусі  каталіцкіх інстытуцый, накіраваных на працу сярод свецкіх вернікаў.

Андрэй Капшай

Заўвагі:

[1] Macklem P. Human rights in international law: three generations or one? <https://www.law.umich.edu/workshopsandsymposia/intlworkshopseries/Documents/Macklem%20-%20Human%20Rights%20in%20Intl%20Law.pdf >

[2] Мітрапаліт Кандрусевіч распавёў, чаму ў Беларусі няма “Рыцараў Калумба” і “Opus Dei” <http://krynica.info/be/2016/12/22/mitrapalit-kandrusevich-raspavjou-chamu-u-belarusi-nyama-rycarau-kalumba-i-opus-dei/ >

[3] Тамсама.

[4] Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынята рэзалюцыяй 217 А (III) Генеральнай Асамблеі Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый 10 снежня 1948 года, арт. 20 <http://un.by/f/file/UDHR_bel.pdf>

[5] Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, прыняты рэзалюцыяй 2200 А (XXI) Генеральнай Асамблеі ад 16 снежня 1966 г., арт. 22 <http://www.un.org/ru/documents/decl_conv/conventions/pactpol.shtml >

[6] Канвенцыя Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб правах і асноўных свабодах чалавека, арт. 12 <http://cis.minsk.by/page.php?id=11326>

[7] Еўрапейская Канвенцыя па правах чалавека <http://www.coe.int/ru/web/conventions/full-list/-/conventions/rms/0900001680063778>

[8] Пасланне Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2000 годзе <http://kc.gov.by/main.aspx?guid=3963 >

[9] Юриспруденция ЕСПЧ в практике Конституционного суда Республики Беларусь < http://busy-lawyer.livejournal.com/17601.html >

[10] Решение Конституционного Суда Республики Беларусь от 23.12.2010 № Р-530/2010 «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь “О внесении изменения и дополнения в Закон Республики Беларусь «Об оперативно-розыскной деятельности” <http://www.levonevski.net/pravo/norm2013/num11/d11382.html>

[11] Кіруючыя прынцыпы АБСЕ па свабодзе аб’яднанняў, ст. 32 <http://www.osce.org/ru/odihr/160961?download=true >

[12] Рэкамендацыі па аналізе закандаўства аб рэлігіі і веравызнанні, падрыхтаваныя БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіяй , ст. 8 < http://www.osce.org/ru/odihr/13994?download=true >

[13] Тамсама, ст. 23.

[14] Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г., арт. 36 < http://www.pravo.by/main.aspx?guid=2111 >

[15] Тамсама, арт. 31.

[16] Закон Рэспублікі Беларусь “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” ад 17 снежня 1992 г. № 2054-XІІ < http://forb.by/node/78 >

[17] Пастанова Савета Міністраў ад 30 студзеня 2008 года № 123 Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь у мэтах заняткаў рэлігійнай дзейнасцю і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь <http://mvd.gov.by/imgmvd/dgim/123.pdf >

[18] Тамсама, арт. 2.

[19] Тамсама, арт. 3.

[20] Тамсама, арт. 4.

[21] Тамсама, арт. 5-10.

[22] Тамсама, арт. 11.

[23] Тамсама, арт. 12-13

[24] Тамсама, арт. 15.

[25] Тамсама, арт. 16-17.

[26] Тамсама, арт. 21

[27] Тамсама, арт. 22-23.

[28] Тамсама, арт. 20.

[29] Маніторынг парушэнняў права на свабоду веравызнання і дзейнасці рэлігійных арганізацый у Беларусі ў 2007–2008 гг. <http://pdf.kamunikat.org/22661-1.pdf>

[30] Рашэнне пра высылку з Беларусі польскіх ксяндзоў перагледжана <http://naviny.by/rubrics/society/2016/07/14/ic_news_116_478169>

[31] 7 святароў і 5 сясцёр законных павінны пакінуць Беларусь <grodnensis.by/foto/category/53-grahaleuski-molodezh>

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі