Біблійная філатэлія. Лекар целаў і душаў

132534_300У Евангеллях апісана 28 выпадкаў вылячэння людзей і 10 выпадкаў ажыўлення. На адной з карцін вялікага італьянца Паола Веранезе намаляваны сотнік, які стаіць на каленях перад Хрыстом. Уражвае пранізлівая шчырасць гэтай сцэны: рымскі вайсковы начальнік не пасаромеўся ні сваіх ваяроў, ні прысутных людзей, увесь звернуты да Хрыста. У сваім парыве ён не заўважае разгубленасці салдатаў, якія спрабуюць яго падняць, не бачыць асуджаючых і здзіўленых поглядаў сваіх спадарожнікаў. Гэты язычнік праяўляе прыклад гарачай веры, сапраўднай міласэрнасці і дабра: ён просіць не за сябе, не за сваіх родных і роўных па сацыяльным статуце людзей, але за слугу. І Хрыстос ушанаваў яго па веры.

132652_300

Выява карціны Паола Веранезе “Хрыстос і Капернаўмскі сотнік” на марцы пошты Емэну (1969 г.)

“Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго: Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе, Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго. А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой; бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць. Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры. Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным; а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў. І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну”. (Паводле Мацвея 8:5-13)

5 чэрвеня 1990 года пошта Аўстрыі выпусціла ў абарот марку, прысвечаную Міжнароднаму кангрэсу Хрыстос Медыкус. На марцы адлюстраваны афорт Рэмбранта “Хрыстос, вылечваючы хворых”, зроблены ім у 1649 годзе. Ісус паказаны, як выратавальнік і вяшчальнік слова Божага.

133156_300

Марка пошты Аўстрыі (1990 год) з выявай афорта Рэмбранта “Хрыстос, вылечваючы хворых”.

На афорце намалявана больш за 40 персанажаў. Ён ілюструе 19-ю частку Евангелля ад Мацвея. Аднак Рэмбрант злучыў у адной кампазіцыі некалькі апісаных там эпізодаў.

У цэнтры афорта — Ісус Хрыстос. Фарысеі, спакушаючыя Яго “ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?”, знаходзяцца з левага краю. Таксама ў левай частцы кампазіцыі намаляваныя маці, якія нясуць дзяцей, і апостал Пётр не пускае іх да Ісуса: “Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім. Але Ісус сказаў: пусьціце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае”. Паміж мацярамі сядзіць багаты юнак «замаркочаны», якому Ісус Хрыстос сказаў: “калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною”. У правай частцы афорта знаходзяцца хворыя, якія прагнуць вылячэння: “За Ім сьледам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там”. У праём уваходзіць вярблюд, насустрач якому выходзіць чалавек у багатай адзежы — намёк на словы Ісуса “і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае”.

133508_300

У 2006 родзе прыгожы марачны ліст для паштовага карыстання выпусціла пошта Нідэрландаў з выявай афорта Рэмбранта “Хрыстос, вылечваючы хворых”.

“Бог, Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны” (Першае да Цімафея 2:4), “ Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў…” (Да Габрэяў 1:1), а калі настала паўната часу, паслаў як «лекара целаў і душ»і Пасрэдніка паміж Богам і людзьмі свайго Сына, уцелаўлёнае Слова, намашчанага Духам Святым, абвяшчаць Евангелле ўбогім і аздараўляць скрушаных сэрцам”. Я, ПАВЕЛ, Біскуп каталіцкага Касьцёла.

Лявон Карповіч, Луна — Воля

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі