У славутым Меджугор’і будзе стала працаваць пасланнік Ватыкана

Меджугорье
Папа Францішак 11 лютага прызначыў арцыбіскупа Варшаўска-Пражскага Хенрыка Хосэра адмысловым пасланнікам Ватыкана ў Меджугор’е.

Арцыбіскуп Хосэр, які працягне выконваць абавязкі арцыбіскупа Варшаўска-Пражскага, зрэалізуе свой мандат ужо вясной, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Меджугор’е ў дыяцэзіі Мостар ў Босніі і Герцагавіне прыцягнула ўвагу ўсяго хрысціянскага свету пасля таго, як 24 чэрвеня 1981 года група маладых людзей паведаміла, што ім стала аб’яўляцца Маці Божая, перадаючы пасланні.

Гэтыя “аб’яўленні” працягваюцца па сённяшні дзень, яны не звязаныя з Меджугор’ем, але выключна – з асобамі гэтых людзей.

Паколькі колькасць з’яваў – беспрэцэдэнтная, Касцёл дагэтуль не выказаўся з вердыктам адносна іх характару. Пакуль што Ватыкан прызнае пазіцыю епіскапату былой Югаславіі, агучаную ў 1991 годзе, згодна з якой не можна пацвердзіць звышнатуральны характар з’ваяў у Меджугор’і.

Кожны год у Меджугор’е прыязжаюць да 2 мільёнаў паломнікаў.

Задачай арцыбіскупа Хосэра будзе грунтоўнае знаёмства з душпастырскай сітуацыяй у гэтым месцы і асабліва з патрэбамі вернікаў, якія здзяйсняюць сюды пілігрымаванні, а таксама ў тым, каб на падставе атрыманай інфармацыі прапанаваць неабходныя душпастырскія ініцыятывы.

“Місія будзе насіць выключна душпастырскі характар”, – падкрэсліваюць у Ватыкане.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі