Праваслаўны святар: Дзень святога Валянціна – нагода запрасіць людзей у храм (відэа)

Дзень святога Валянціна з’яўляецца добрай нагодай для таго, каб запрасіць людзей у храм, бо сёння пра самога святога і рэлігійныя вытоки свята ўспамінаюць вельмі рэдка. Пра гэта ў сваім відэа-блогу «Бацюшка адкажа» распавёў беларускі праваслаўны святар Аляксандр Кухта.

«Гэта класная падстава запрасіць людзей у храм, якая напрошваецца сама сабой. Але чамусьці з году ў год вельмі часта гучыць перасцярога ад святкавання Дня святога Валянціна. Не наша, маўляў, свята», – адзначыў ён.

Пры гэтым, нагадаў святар, свята носіць імя святога і мае хрысціянскую нагоду. Пры гэтым ён раскрытыкаваў спробы замяніць святкаванне Дня святога Валянціна Днём святых Пятра і Фяўронні. «Ігнаруючы Дзень святога Валянціна мы губляем найфайнешую нагоду для размовы з моладдзю», – падкрэсліў Аляксандр Кухта.

Паводле яго, большасць сучаснай моладзі нават не чула пра Дзень святых Пятра і Фяўронні ў адрозненне ад Дня святога Валянціна, у раскрутку якога ўкладваліся і будуць укладвацца вялікія грошы.

«І як бы мы не стараліся, у свядомасці людзей перабудаваць падставу для свята не атрымаецца. У нас проста няма столькі грошай. А адзначаць два па шчырасці аднолькавыя святы ніхто не будзе. У гэтым проста няма сэнсу. Дык чаму б не ўзяць, як гэта ні раз ужо было ў гісторыі, свецкае свята і напоўніць яго сваім зместам, акультурыць яго», – дадаў ён.

На думку святара, 14 лютага можна праводзіць набажэнствы да святога Валянціна, на якіх маладым людзям можна распавядаць, што каханне – гэта імя Бога, што любоў і пажада – не адно і тое ж. «А дарослых прыхаджан можна было б заклікаць да малітвы аб сваіх дзецях. Аб захаванні іх у чысціні і дараванні сапраўднай любові», – падкрэсліў Аляксандр Кухта, паклікаўшы затым запрасіць людзей прыйсці і на наступны дзень у храм.

Таксама, паводле яго, гісторыя святога Валянціна выглядае больш прывабна за гісторыю Пятра і Фяўронні, якія сваім сыходам у манастыр фактычна разбурылі сваю сям’ю.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі