Будаўнікі ў Курапатах агароджваюць «маладафронтаўцаў» плытом
У Курапатах ля МКАД, у “растрэльным урочышцы”, дзе плануцца пабудаваць бізнес-цэнтр, працягваецца супрацьстаянне актывістаў “Маладога Фронта” і будаўнікоў кампаніі «КІПрэканструкцыя».
Ранкам 21 лютага будаўнікоў сустрэлі 8 чалавек, 5 з якіх правялі тут ноч цалкам. “Яны змерзлыя, ноч правялі пад дажджом. Будаўнікі наноў узводзяць плот, – хочуць абгарадзіць “маладафронтаўцаў” так, каб іх не было бачна ўвогуле”, – кажа сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец.
Па словах Севярынца, ёсць шанцы давесці праз заявы ў Генпракуратуру, што ў 2013 годзе, калі прымалася рашэнне пра пабудову ў Курапатах бізнес-цэнтра, гэтая дзялянка ўваходзіла ў ахоўную зону, а выведзеная з яе была ў 2014 годзе – “заднім чыслом”.
“У 2013 годзе новыя ахоўныя зоны не былі зацверджаныя Пастановай Мінкульта і дзейнічалі ахоўныя зоны 2004 года, гэта падкрэслівалася на Навуковай Радзе 2013 года, калі кампанія «КІПрэканструкцыя» узяла ў арэнду зямлю ў ахоўнай зоне Курапатаў”, – дадае абаронца Курапатаў Ганна Шапуцька.
“Кавалак плошчай 0,32 га кампанія «КІПрэканструкцыя» ўзяла ў арэнду яшчэ ў 2013 годзе, выйграўшы гэтае права на аўкцыёне. Дарэчы, плаціць арандатар зусім няшмат, – каля 600 рублёў на месяц”, – дадае Шапуцька.
27 лістапада 2013 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ўзгадніла праект ахоўных зонаў гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты». Гутарка ішла аб узгадненні заходніх, паўночных і паўднёвых межаў.
Усходнія межы ахоўнай зоны Курапатаў вырашана было ўзгадніць пасля распрацоўкі праекту дэтальнага планавання поля паміж Курапатамі і вуліцай імя Пятра Мірашнічэнкі. На гэтай тэрыторыі і знаходзіцца гістарычная «Дарога смерці». Запланавае на гэтым полі будаўніцтва шматфункцыйнага выставачнага комплексу знішчыць яе.
У 12.00 на сядзібе БНФ па адрэсе Чарнышэўскага, 3 пачнецца паседжанне Аргкамітэту па абароне Курапатаў, удзел возьмуць старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, кіраўніцтва экалагічнай арганізацыі “Экадом”, якая мае досвед змагання з вырубкай зялёнай зоны, дзеячы культуры. Плануецца, што да іх далучацца прадстаўнікі міністэрства культуры.
Дашкевіч: Будаўнікі пагражаюць Сталіным
“Вялікі дзякуй усім людзям добрай волі, якія дапамагалі сёньня абаронцам Курапатаў! Калі разважыць па-чалавечы, то выцягнуць абарону немагчыма. Будаўнікі паводзяць сябе вельмі агрэсыўна — кідаюцца ў бойкі, пагражаюць Сталіным, зрываюць намёт і раскідваць рэчы. Фактычна, гэта два ў адным – будаўнік-амапавец”, – гаворыць кіраўнік “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч, абураючыся абыякавасцю да сітуацыі недзяржаўных СМІ.
“Можа, важней хлопчык з бензапілой, чым абарона нацыянальнага нэкропалю, з памяці пра які распачыналася Адраджэньне канца 80-ых — пачатку 90-ых? Вышэй галавы не скокнеш, хаця сёння мы і скокнулі – разам. Але так кожны дзень не атрымаецца. Заўтра зранку будзе 30 выспаных і задаволеных будаўнікоў-апамаўцаў на 3-5 ноч не спаўшых абаронцаў. Маладафронтаўцы зробяць усё, на што хопіць сілаў. Заўтрашні дзень пакажа, на колькі важныя нам Курапаты”, – дадае Дашкевіч.
«У хлопцаў скончваюцца сілы. Вогнішча ноччу распаліць рабацягі не далі, растапталі. Месца абкружанае ціхарамі-амапаўцамі. Пракуратура рыхтуе крыміналку на пашкоджанне маёмасці буйнога памера (павалены плот) – 1700 новых рублёў. Мясцовыя патрабуюць дапамогі. Учора будучы гаспадар будынка прыходзіў, кажа – нічога вы мне не зробіце, у мяне ўсё куплена. Зараз пачнуцца затрыманні”, – апавядае абаронца Курапатаў Яўген Батура.
Будаўнікі падлічваюць страты ад пагнутых платоў, верагодна, заведзеная крымінальная справа пра “папсаванае жалеза”.
Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў – ад 24 верасня 2001 года да 2 чэрвеня 2002 года.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Пратэсты ў Мінску: хрысціяне і незалежнасць 10.12.2019 00:26
- Літургіі на беларускай мове ў праваслаўных храмах Беларусі ў снежні 04.12.2019 00:21
- Севярынец: 7 снежня — плошча Каліноўскага 03.12.2019 22:13
- У чаканні не стаць “пачакунамі” 02.12.2019 09:24
- 5 снежня пройдзе першая сустрэча «Хрысціянскага клуба». Госць Мікола Матрунчык 29.11.2019 00:34
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)
- Біскуп Віцебскі: Мастацтва не дазваляе чалавеку стацца звыклым да прыгажосці наваколля (фотарэпартаж)
- «Школа нараджэння» прайшла ў Навагрудку (фотарэпартаж)
- Будслаў-2018: знічкі пад дажджом (фотарэпартаж)
- У Мінску больш за 100 дзяцей прынялі першую камунію ў Чырвоным касцёле (фотарэпартаж)