У Магілёве вынеслі прысуд апаганшчыкам помніка ахвярам Халакоста

малаток

Суд Ленінскага раёна Магілёва вынес прысуд па крымінальнай справе аб пашкоджанні ў ноч на 19 лістапада 2016 года памятнага знака «У памяць аб габрэях Магілёва — ахвярах нацызму», які быў абліты чорнай фарбай. Прысуд у законную моц не ўступіў і можа быць абскарджаны, паведамілі ў Вярхоўным судзе.

Адзінаму поўнагадоваму з асуджаных — хлопцу 1997 нараджэння — прызначана 2,5 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 арт.172 (уцягванне непаўналетняга ва ўчыненне злачынства), ч.2 арт.339 (злоснае хуліганства) КК.

Яго непаўналетнія змоўшчыкі прызнаныя вінаватымі ў злосным хуліганстве. Кожнаму з іх прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 года ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Аднаму з падсудных адтэрмінавалі выкананне пакарання тэрмінам на два гады.

Як паведамляла Krynica.info, 22 лістапада ў Магілёве былі затрыманыя чацвёра маладых людзей, якія 19 лістапада аблілі чорнай фарбай камень-помнік «У памяць аб габрэях Магілёва — ахвярах нацызму» каля дома 10 па вуліцы Першамайскай.

Завадатаю 19 гадоў, трое ягоных паплечнікаў малодзейшыя за 18 гадощ. Усе яны навучэнцы мясцовых каледжаў, прытрымліваюцца нацысцкіх ідэй і належаць да руху скінхэдаў, паведамілі ў МУС Беларусі. Адзін з іх на працягу года ўжо двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 17.10 КаАП (прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі).

Сярод прыкладаў сімволікі, якую выявілі ў затрыманых, МУС прыводзіць майкі з лагатыпам «Не посрамим земли Русской», улёткі «За белую Россию!» з эмблемай Рускай вызваленчай арміі, якая ў часы Другой сусветнай вайны ваявала на баку нацыстаў, «Смешение рас – это уничтожение своего народа».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі