Міністр Карпенка: неабходны далейшы дыялог сістэмы адукацыі і Царквы

_DSC7499

22 лютага ў Мінску адбылося пасяджэнне Каардынацыйнай рады па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржкіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой на тэму «Аб ходзе выканання ў 2016 годзе Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады».

У пасяджэнні ўдзельнічалі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; міністр адукацыі Ігар Карпенка; упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка; епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы Веніямін; прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў і духоўных школ Беларускага Экзархата; святары, якія нясуць паслухмянства ў сферы духоўнай адукацыі, выхавання і асветы, паведамляе church.by.

У прывітальным слове Ігар Карпенка падкрэсліў, што адна з найважнейшых задач адукацыі – фармаванне ў дзяцей і моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, заснаванай на духоўна-маральным і прававым падмурку. Перспектыўнымі напрамкамі ўзаемадзеяння дзяржавы і Царквы ў адукацыйнай сферы ён назваў падтрымку валанцёрскага руху і выхаванне міласэрнасці, прафілактыку правапарушэнняў і злачынстваў, суіцыдаў, ужывання псіхаактыўных рэчываў, схільнасці ўплыву дэструктыўных культаў. Таксама міністр нагадаў, што дзейнічае Праграма супрацоўніцтва паміж Мінадукацыі і БПЦ на 2015-2020 гады, і выказаў надзею на поспех і плённасць супрацоўніцтва.

У сваю чаргу мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел адзначыў, што хрысціянскія каштоўнасці – гэта галоўнае, што павінна аб’ядноўваць дзяржаву і Царква, свецкую адукацыю і духоўную асвету. Паводле яго, Царква стараецца падтрымліваць мір і згоду ў грамадстве, зыходзячы з высокіх маральных ідэалаў. Мітрапаліт падкрэсліў, што духоўна-маральнае выхаванне прадугледжвае развіццё ў выхаванцаў веры, дабрыні, гонару, сумлення і іншых станоўчых якасцяў. Патрыяршы Экзарх выказаў перакананасць, што толькі ў мудрай супрацы дзяржава і Царква змогуць пасеяць добрае зерне сярод моладзі.

А ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка нагадаў, што на дадзены момант пагаднення аб супрацоўніцтве з БПЦ заключылі 16 міністэрстваў, усе аблвыканкамы, Мінгарвыканкам, Нацыянальная акадэмія навук, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ён падкрэсліў значнасць укладу Царквы ў патрыятычнае духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення, развіццё традыцый міласэрнасці да інвалідаў, ветэранаў вайны і працы.

Таксама на пасяджэнні прагучалі даклады аб выкананні Праграмы супрацоўніцтва паміж Мінадукацыі і БПЦ на 2015-2020 гады, аб вопыце ўзаемадзеяння БПЦ і дзяржавы ў галіне адукацыі, аб магчымасцях рэсурснага цэнтра па стварэнні ўмоў для духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа, аб супрацоўніцтве ўстаноў адукацыі і прыходаў БПЦ па пытаннях выхавання падрастаючага пакалення, аб рабоце культурнага асветніцкага цэнтра «Працягваючы справу Прападобнай Еўфрасінні Полацкай», аб бібліятэчнай справе як элеменце працы па духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Ігар Карпенка рэзюмаваў: «Нам неабходны далейшы дыялог сістэмы адукацыі і Царквы». Наступнае пасяджэнне Каардынацыйнай рады прапанавана правесці ў Полацку – цэнтры святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і моладзевай сталіцы Беларусі 2017 года.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі