Да 1 сакавіка грамадзяне могуць выказацца – ці патрэбны ў школе святар

школа
Каментуючы пункт новага Кодэкса аб адукацыі, у якім гаворыцца аб узаемадзеянні рэлігійных арганізацыяў і адукацыйных установаў, рэлігіязнаўца, кандыдат філасофскіх навук, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Францішка Скарыны Віктар Адзіночанка лічыць, што няма нічога непрадказальнага ў тым, што дзяржава і далей захавае свае пазіцыі, рэгламентуючы магчымасці наведвання святарамі школ, каледжаў і універсітэтаў.

Праект новага Кодэкса аб адукацыі падрыхтаваны па выніках маніторынгу практыкі прымянення папярэдняга закона, азнаёміцца з ім можна на сайце Міністэрства адукацыі і да 1 сакавіка 2017 года даслаць свае заўвагі і прапановы на электронны адрас presstsentr@mail.ru.

“Установы адукацыі ў пытаннях выхавання на падставе пісьмовых заяў навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў у пазавучэбны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”, – так гучыць пункт Кодэкса, на падстаце якога ў 2003 годзе было заключанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж свецкай уладай і Праваслаўнай Царквой.

“Гэта значыць, што навучальныя ўстановы могуць запрашаць праваслаўных святароў, праводзіць факультатывы”, – тлумачыць Віктар Адзіночанка, нагадваючы, што каталіцкія святары не могуць наведваць школу гэтак жа часта і мець планы рэгулярных заняткаў, паведамляе Ватыканскае Радыё.

У рэгіёнах, дзе каталіцкае насельніцтва пераважае ці складае роўную частку з праваслаўнымі вернікамі, такія сустрэчы магчымыя, але адбываюцца рэдка, напрыклад, напярэдадні святаў па ініцыятыве настаўнікаў.

Ці варта бачыць у гэтым праблему? На думку Віктара Адзіночанкі, нагоды драматызаваць становішча няма, бо нельга сцвярджаць, што частыя візіты праваслаўных святароў у школы сапраўды аказваюць вялікія плёны на духоўны стан і штодзённую рэлігійную практыку вучняў, якія раней не былі ўвацаркаўленыя. “На мой погляд, гэта мае імітацыйны характар”, – лічыць Адзіночанка.

“Узнікае пытанне, наколькі гэта эфектыўна для выхавання моладзі. Бо, калі чалавек робіць намаганні, каб прыйсці ў царкву, –гэта адна справа. А калі да яго прыходзяць у школу ці універсітэт – гэта не яго выбар”, – тлумачыць выкладчык сваё меркаванне.

“Наколькі трэба такое пагадненне заключаць  каталікам – адказ на гэта пытанне павінна даць, перш за ўсё, кіраўніцтва Касцёла. Думаю, у дадзеных умовах яно не можа быць заключанае, бо Касцёл не залежны ад дзяржаўнага апарату, як часта адбываецца ў выпадку з Праваслаўнай Царквой”, – рэзюміруе Віктар Адзіночанка.

Настаўніца: У школу павінныя прыходзіць розныя святары, каб даць дзецям веды пра канфесіі

З ім не пагаджаецца выкладчыца гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа Вольга Яўсеенка. Яна лічыць, што нават павярхоўная веда, якую прыносяць у школу святары, вельмі важная: “Божыя запаведзі ніхто не адмяняў, і вельмі важна дзяцей звяртаць да іх. Са свайго досведу ведаю, што часта дзеці не разбіраюцца ні ў праваслаўі, ні ў каталіцызме, ні ўвогуле ў тым, на чым стаіць хрысціянская вера, на якіх каштоўнасцях”.

Гаворачы пра візіты праваслаўных святароў у школы, настаўніца дадае, што часта “у іх праграме няма роздуму, спасылкі на сучаснае жыццё дзяцей, іх праблемы”.

На думку Вольгі Яўсеенкі, важна, каб пагадненне аб візітах у школу святароў было заключанае і з Праваслаўнай, і з Каталіцкай Царквой.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі