Прэс-сакратар БПЦ: ёсць тры важныя падставы ставіцца да Курапатаў як да святыні

sergiy_lepin22

Існуе тры важныя падставы для таго, каб ставіцца да Курапатаў як да святыні. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіў протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага адзела Беларускай Праваслаўнай Царквы. “Курапаты – гэта, па-першае, могілкі, па-другое, – месца масавых рэпрэсій, па-трэцяе – помнік культуры”, – адзначыў ён.

На яго думку, усе работы на мясцовасці таксама павінны праводзіцца з улікам гэтых трох пунктаў. “З іншага боку, павінны быць дакладна, на падставе раскопак, вызначаны межы гэтага святога месца, каб пазбегнуць як замаху на іх недатыкальнасць, так і лішніх спекуляцый вакол сумежных тэрыторый. Гэтая пазіцыя агучваецца намі даўно, і яна не мяняецца, і я не ведаю, што павінна адбыцца, каб яна змянілася: будуць там адбывацца будаўніцтвы ці не будуць, будуць там акцыі пратэсту ці не – усё гэта ўплывае толькі на ўзровень напружанасці ў грамадстве”, – падкрэсліў протаіерэй.

Сяргей Лепін таксама нагадаў, што ў Курапатах заснавана праваслаўная рэлігійная абшчына, у якой правяцца набажэнствы. “І мы нагадваем усім аб неабходнасці маліцца і пазбягаць эскалацыі нянавісці і агрэсіі”, – дадаў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі