Касцёл у Мсціславе не атрымае датацыяў ад Еўрасаюза

Мстислав
Начальнік аддзела Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны міністэрства культуры Наталля Хвір абвергла інфармацыю пра выдзеленне ЕС грошаў на рэстаўрацыю касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе.

Наталля Хвір з’яўляецца нацыянальным каардынатарам праекта COMUS ад Беларусі.

«Інфармацыя пра рэстаўрацыю касцёла ў Мсціславе Еўрапейскім саюзам не адпавядае рэчаіснасці. Мсціслаў сапраўды з’яўляецца пілотным горадам гэтай праграмы, але грашовыя сродкі прадугледжаны на тэхнічную падтрымку праекта і не будуць накіраваны на рэстаўрацыю святыні», – кажа Хвір, паведамляе catholic.by.

COMUS — праграма, распрацаваная Еўрапейскім саюзам і Радай Еўропы і падтрымлівае ўдзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў. У праекце прымаюць удзел пяць краін — Арменія, Грузія, Малдова, Украіна і Беларусь.

Праектны менеджар COMUS па Беларусі Ала Сташкевіч, якая ўзначальвае аддзел навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Інстытуце культуры пры міністэрстве культуры, тлумачыць, што  задача COMUS – распрацаваць план кіравання культурнай спадчынай Мсціслава. Іншымі словамі, падрыхтаваць «пашпарт» тых культурных аб’ектаў горада, якія маюць патэнцыял.

«Рэстаўраваць аб’ект толькі для рэстаўрацыі не рэнтабельна. Важна, каб аб’ект прыносіў карысць. Гэта значыць, што той ці іншы гістарычны аб’ект, захоўваючы сваю каштоўнасць, можа быць выкарыстаны ў іншых мэтах”, – кажа Сташкевіч, дадаючы, што гутарка ідзе аб пяці праектах: рэстаўрацыя касцёла і ўнікальных фрэсак XVII ст., рэстаўрацыя будынка былога езуіцкага калегіума для патрэбаў горада, стварэнне рэсурснага цэнтра для патрэбаў горада, аднаўленне гатэлю «Эрмітаж» і адкрыццё ў ім сучаснага гатэлю, аднаўленне будынка былой мужчынскай гімназіі і стварэнне ў ім «народнай школы».

Да канца сакавіка будзе падрыхтаванае тэхнічнае абгрунтаванне на кожны з гэтых пяці аб’ектаў.

«Наша задача – не рэстаўраваць аб’екты, а падрыхтаваць дакументацыю для гэтых мэтаў. Як будзе рэалізаваны праект – гэта кампетэнцыя муніцыпалітэта: горад павінен сам вырашыць, дзе і як шукаць інвестараў, каб рэалізаваць праект», – тлумачыць Сташкевіч.

«Кожны з гэтых пяці  “прыярытэтаў” патрабуе інвестыцый. Але працаваць мы будзем толькі з двума, рыхтуючы іх на інвеставанне. І праект па рэстаўрацыі касцёла сюды не ўвайшоў».

Выбар спынены на праектах па аднаўленні будынкаў гімназіі і калегіума.

«У адноўленай гімназіі можна будзе ўладкаваць “народную школу”, дзе будуць працаваць розныя гурткі, курсы і адукацыйныя праекты, у тым ліку для сем’яў.  Праект, звязаны з аднаўленнем былога езуіцкага калегіума прывабны тым, што ў ім можна уладкаваць арт- і бізнес-прастору, паралельна размясціўшы там хостэл, а таксама бізнес-інкубатары і розныя развівальныя студыі».

Праект касцёла, кажа Сташкевіч, мае шансы на поспех, але толькі пры падтрымцы дзяржавы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі