Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў дзень святога Казіміра з літоўцамі Мінска

Кондрусевич
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 9 сакавіка ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены ўзначаліў Святую Імшу для чальцоў гарадской літоўскай дыяспары. Нагодай для сустрэчы стаў успамін апекуна Літвы – святога Казіміра, літургічны ўспамін якога прыпадае на 4 сакавіка.

У гаміліі іерарх падкрэсліў, што святога Казіміра можна лічыць апекуном трох народаў, – не толькі літоўскага, але таксама беларускага і польскага. Казімір нарадзіўся ў каралеўскай сям’і ў Кракаве, жыў у Вільні, а памёр у гродзенскім замку. Яго імя вельмі папулярнае ў гэтых трох краінах. Таксама святы Казімір з’яўляецца галоўным апекуном Панявежскай дыяцэзіі ў Літве і другім апекуном Гродзенскай дыяцэзіі і Беластоцкай архідыяцэзіі ў Польшчы.

«Літургічны ўспамін святога Казіміра прыпадае на Вялікі пост, і гэта сімвалічна, бо яго жыццё вельмі адпавядае духу гэтага часу. Як вядома, Вялікі пост засяроджвае ўвагу вернікаў на малітве, посце і міласціне. На гэтых трох справах святы Казімір будаваў сваё жыццё. Ён быў чалавекам малітвы, а асабліва адзначаўся пашанай да Найсвяцейшага Сакрамэнту і Найсвяцейшай Панны Марыі”, – падкрэсліў мітрапаліт Кандрусевіч, паведамляе catholic.by.

«Пасля Другой сусветнай вайны віленская катэдра была канфіскаваная, і ў ёй знаходзіўся музей. Тады рэліквіі святога Казіміра былі перавезеныя ў касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла. Іх дасталі з сярэбранага саркафага і на аўтамабілі “Пабеда” перавезлі на новае месца. Гэта было нібы выгнанне святога. Атэісты, напэўна, святкавалі перамогу. Аднак Бог паказаў, што гэта была пірава перамога. На свята святога Казіміра ў 1989 годзе рэліквіі былі ўрачыста перанесеныя ў катэдру і змешчаны ў капліцы святога Казіміра. Гэта было трыумфальнае вяртанне святога. Не машына “Победа”, якая для атэістаў сімвалізавала перамогу, а Бог стаў сапраўднай перамогай», – нагадаў арцыбіскуп.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі