Адвентызм, палітыка і права паступаць па сумленні

carson
Гісторыя адвентызму ў Беларусі налічвае 111 гадоў і бярэ свой пачатак ад Герберта Шміца, раз’язнога службоўца з Варшавы, які прыбыў у Мінск у 1906 годзе. За гэты час Царква адвентыстаў Сёмага Дня перажыла і ўзлёты, і ганенні. На сённяшні дзень яна складаецца з 76 цэркваў і 5151 чальца (у царкве практыкуецца свядомы хрост).

Царква актыўна дапамагае перакладаць Бібліі, у тым ліку, на беларускую і цыганскую мовы, займаецца дабрачыннасцю. Разам з тым у Беларусі да гэтага часу не было чуваць пра адвентыстаў-палітыкаў. Чаго не скажаш пра іншыя краіны.

Самы вядомы з іх гэта, безумоўна, Бэн Карсан (на фота) – былы выбітны лекар-нейрахірург, які ў 2016 годзе вырашыў пазмагацца за статус кандыдата ў прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі ЗША, а цяпер узначальвае міністэрства жыллёвага будаўніцтва і гарадскога развіцця ў адміністрацыі Дональда Трампа .

Сярод іншых вядомых палітыкаў-адвентыстаў – дзейсныя генерал-губернатар Ямайкі і прэзідэнт адвентысцкага Уніёна Вэст-Індыі Патрык Ален (з 2009 года) і прэм’ер-міністр выспы Эндру Холнэс (з 2016 года), прэзідэнт Фіджы Хіёхі Канротэ (з 2015 года), прэм’ер ‘ер-міністр Саламонавых выспаў Манасе Сагаварэ (з 2014 года), былыя генерал-губернатары Папуа-Новай Гвінеі Сілас Атапарэ (у 1997-2003 гадах) і Антыгуа і Барбуда Джэймс Карлайл (у 1993-2007 гадах), былы прэм’ер-міністр і віцэ-прэзідэнт Уганды Самсон Кісека (у 1986-1994 гадах). Былі сярод адвентыстаў і рэвалюцыянеры, як, напрыклад, лідар рэвалюцыі 1967 года на востраве Ангілля, а ў 1976-1977 і 1980-1984гадах – прэм’ер-міністр выспы Роналд Уэбстэр.

Як жа ставіцца да палітычнай дзейнасці Беларускі Уніён Царквы адвентыстаў Сёмага Дня? Разабрацца нам у гэтым дапаможа заява Царквы адвентыстаў Сёмага Дня Еўра-Азіяцкага дывізіёна, якая была апублікаваная 4 сакавіка 2014 года. Подпісы пад ёй паставілі як прэзідэнт дывізіёна Гілерма Біяджы, так і цяпер ужо былы кіраўнік Беларускага Уніёна Майсей Астроўскі.

У прыватнасці, яны падтрымалі аддзяленне Царквы ад дзяржавы і асудзілі «ўсялякія спробы рэлігійных арганізацыяў браць на сябе якія-небудзь функцыі дзяржавы і выкарыстоўваць метады прымусу, якія практыкуюцца дзяржаўнай уладай, для дасягнення свайго альбо агульнага дабра».

Царква адвентыстаў палічыла для сябе непрымальным ўдзел у палітычнай барацьбе, каб не падпасці пад уплыў «духу нацыяналізму, кланавасці і партыйнасці, які раз’ядноўвае супольнасць». «У супрауцвагу палітычнай барацьбе Царква прапаноўвае мір і канструктыўны дыялог паміж людзьмі, якія прытрымліваюцца розных палітычных поглядаў», – гаворыцца ў заяве.

Царква адвентыстаў Сёмага Дня таксама заклікала хрысціянскія цэрквы і іх кіраўнікоў, а таксама паслядоўнікаў усіх рэлігіяў, усіх людзей добрай волі далучыцца да служэння прымірэння, каб спрыяць «аднаўленьню чалавечай годнасці, роўнасці і адзінства праз ласку Госпада, дзякуючы якой людзі бачаць адзін у адным чальцоў сям’і Божай».

«Царква АСД заклікае Божы народ ўсіх краінаў маліцца за мір. Яна заклікае ўсіх, хто верыць у Творцу-Жыццядаўцу і ўсіх людзей добрай волі аказваць, наколькі гэта ў іх сілах, садзейнічанне ў пабудове міру і братэрства, узаемаразумення паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, вераванняў і палітычных перакананняў», – падкрэсліваецца ў заяве.

Яе аўтары заклікалі ўсіх чальцоў царквы і служыцеляў ўстрымацца ад удзелу ў актыўных палітычных выказваннях і дзеяннях, здольных выклікаць эскалацыю напружання. «Мы запрашаем усіх людзей добрай волі разам з намі да міратворчай пазіцыі, да нястомнай малітвы за мірнае вырашэнне любых канфліктаў, а таксама да стварэння атмасферы братэрства і супрацоўніцтва, садзейнічаючы разуменню розных культур, ідэалагічных сістэм, для пабудовы добрых узаемаадносінаў паміж людзьмі ўсіх рас, нацыянальнасцяў, веравызнанняў і палітычных перакананняў», – падкрэсліваюць яны.

«Будучы законапаслухмянымі грамадзянамі, адвентысты праяўляюць лаяльнасць у адносінах да ўладаў і добрасумленна служаць сваёй краіне. Калі ж дзяржава перашкаджае хрысціянам кіравацца загадамі свайго сумлення і сам думае, Царква пакідае за сабой і сваімі сябрамі права паводзіцца паводле свайго сумлення і прынцыпаў, закладзеных у Евангелл »,– заяўляюць у Еўра-Азіяцкім дывізіёне.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі