Абавязак святара – быць з укрыўджанымі і зняважанымі: беларусам паказалі фільм пра Ежы Папялушку

2_36 (1)

Дзясяткі людзей прыйшлі 30 сакавіка на прагляд амерыканска-польскага дакументальнага фільма рэжысёра Тоні Хэйнза “Ежы Папялушка. Пасланец Праўды” ў мінскі Музей гісторыі кіно.

Кінастужка каштоўная тым, што яна створана на аснове дакументельных кадраў. Многія з беларусаў упершыню з хваляваннем пабачылі, як малады ксёндз Ежы Папялушка служыў святую Имшу за Айчыну ў прысутнасці тысячаў палякаў, з’яднаных у веры і празе да вызвалення краіны ад камуністычнага засілля, як ён мужна і праўдзіва прамаўляў да суайчыннікаў у часы ваеннага становішча і рэпрэсій, скіраваных супраць лідараў незалежнага прафсаюза “Салідарнасць”.

У прадмове да фільма дырэктар Інстытута польскага Матэвуш Адамскі ўзгадаў асноўныя факты з жыцця капелана польскай “Салідарнасці”, які аддаў свае жыццё за свабоду слова, веравызнання і грамадзянскіх свабодаў у Польшчы ў 1984 годзе.

Ксёндз Ежы нарадзіўся 14 верасня 1947 года ў Сухаволі на Падляшшы, польска-беларускім паграніччы. У дзяцінстве ён размаўляў на беларускай мове. З маленства наведваў касцёл разам з бацькамі Уладыславам і Мар’янай Папялушками. 24 чэрвеня 1965 года ён быў прыняты ў Варшаўскую духоўную семінарыю імя Яна Хрысціцеля. У 1966 годзе ён быў пакліканы ў войска, дзе на яго аказваўся ціск з той мэтай, каб ён адмовіўся ад служэння ў Касцёле. Фізічна аслаблены, але духоўна не зломлены, у 1968 годзе ён вярнуўся ў семінарыю, а 28 мая 1972 года атрымаў святарскія пасвячэнні з рук кардынала Стэфана Вышынскага. Праз некаторы час Стэфан Вышынскі накіраваў маладога ксяндза з прызначэннем да душпастырства службы здароўя ў парафію Станіслава Косткі ў Варшаве, і ён служыў медыкам.

Летам 1980 года выбухнула хваля страйкаў у Познані, Гданьску, Любліне і ў самой Варшаве. Тады мабілізаваў палякаў прафсаюз “Салідарнасць”. 31 жніўня 1980 года страйкуючыя працаўнікі запрасілі ксяндза Ежы адправіць святую Імшу на Гуце Варшаўскай. Гэта быў першы выпадак, калі святара дапускалі на прамысловае прадпрыемства. Ён прыбыў да працаўнікоў з Евангеллем і сакраментамі. Так ксёндз Ежы ў 32 гады стаў капеланам незалежнага польскага прафсаюза “Салідарнасць”.

“Абавязак ксяндза – быць там, дзе людзі ўкрыўджаны і зняважаны, знявераны ў сваёй людскай годнасці”, – лічыў кс. Ежы. З часам у парафіі св. Станіслава Косткі стала рэгулярнай святая Імша за Айчыну, на якую збіраліся дзясяткі тысяч чалавек з усёй Варшавы. Казані кс. Ежы Папялушкі на гэтай імшы запісваліся і трансліраваліся па радыё “Вольная Еўропа” на ўсю тэрыторыю Польшчы і суседніх сацыялістычных краін.

1_48

У час ваеннага становішча, якое было ўведзена 31 студзеня 1981 года, ксёндз маліўся за вызваленне арыштаваных, за душы пераследуемых, збітых, выгнаных з працы. Яго казані мелі рэлігійна-патрыятычны змест і абапіраліся на Евангелле, вучэнне Яна Паўла ІІ і Прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышынскага. Абарона правоў чалавека, дапамога сем’ям інтэрнаваных асобаў выклікалі нянавісць службы бяспекі.

Кс. Ежы загінуў у лістападзе 1984 года ад рук трох нападнікаў са службы бяспекі, якія спрабавалі схаваць свае злачынства. Ксёндз Папялушка быў выкрадзены, жорстка закатаваны і ўтоплены ў Вісле. Каля мільёна людзей прыбыла 3 лістапада 1984 на развітанне з кс. Ежы ў Варшаву.

Подзвіг веры кс. Ежы Папялушкі ўмацаваў палякаў, з’яднаў іх у імкненні дайсці да свабоды і, ўрэшце, прывёў да дэмакратычных выбараў 1989 года.

З 1984 года да сённяшніх часоў яго магілу каля касцёла св. Станіслава Косткі наведваюць пілігрымы з усяго свету. Усяго іх прыбыла каля 18 мільёнаў, у тым ліку 320 тысячаў замежнікаў з 140 краінаў свету. Сярод іх – 21 тысяча моладзевых групаў і 5 тысяч пілігрымак з розных арганізацый усяго свету.

Працэс беатыфікацыі ксяндза Папялушкі афіцыйна пачаўся 8 лютага 1997 года ў касцёле св. Станіслава Косткі. Затым з 3 мая 2001 года пачалася праца Кангрэгацыі па справах кананізацыі, якая ў 2002 годзе выдала пастанову пра сапраўднасць працэсу. 19 снежня 2009 года быў аб’яўлены дэкрэт Папы Рымскага Бенедыкта XVI пра яго пакутніцтва. Беатыфікацыю прызначылі на 6 чэрвеня 2010 года ў Варшаве.

Фільмы пра Папялушку знялі: ў 1988 годзе Агнешка Голанд — «To Kill a Priest» («Забіць святара») і ў 2009 годзе Рафал Вячынскі — «Popiełuszko. Wolność jest w nas» («Папялушка. Свабода ўнутры нас»).

Арганізатары паабяцалі паўтарыць прагляд фільма , каб з ім змагла пазнаёміцца большая колькасць людзей.

Э. Дзвінская

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі