Мітрапаліт Павел: Без наведвання храма яйкі і кулічы не маюць дачынення да Вялікадні

pavel1

Сёння людзі ў пытаннях падрыхтоўкі да Вялікадня больш вераць тэлебачанні, чым святару. Пра гэта 10 красавіка на прэс-канферэнцыі заявіў праваслаўны мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел. Паводле яго, не так шмат людзей слухаюць пропаведзі, тады як словы дыктара могуць дайсці да мільёнаў, перадае карэспандэнт Krynica.info.

З-за гэтага, на думку мітрапаліта, людзі знаходзяцца ў разгубленасці. Пры гэтым ён заклікаў вернікаў звяртаць увагу на сутнасць святаў, а не іх знешнія атрыбуты. «Нам кажуць: галоўнае – яйка пафарбаваць, куліч прыгатаваць, прыбрацца, але гэта ўсё адводзіць ад галоўнага», – сказаў іерарх, падкрэсліўшы, што без наведвання храма царкоўнае свята губляе сэнс.

Таксама, адзначыў ён, сэнс Чыстага чацвярга не ў тым, каб прыбрацца дома, а ў тым, каб ачысціць сябе для прыняцця еўхарыстыі.

«Галоўная задача вернікаў (у царкоўныя святы – рэд.) – наведванне храма, чытанне Святога Пісання, а традыцыі фарбавання яек і прыгатавання ежы – заўсёды другарадныя», – падкрэсліў мітрапаліт.

Таксама і сэнс посту, паводле яго, не столькі ва ўстрыманні ў ежы, колькі ў тым, каб «ахоўваць душу ад усялякай брыдоты і бруду». «Не ў тым, што я з’еў нішчымнай бульбачкі, а потым суседку з’еў. Пост – гэта устрымлівацца ад нядобрага і нячыстага», – дадаў ён.

Мітрапаліт Павел падкрэсліў, што з дапамогай посту чалавек пакліканы навучыцца кіраваць сабой. «Каб не запал і страўнік кіравалі мной, а я кіраваў сваімі думкамі і пачуццямі», – падкрэсліў Патрыяршы экзарх.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі