Папа Францішак: Уваскрослы Гасподзь ніколі не перастае дабраслаўляць еўрапейскі кантынент

Папа
Папа Рымскі Францыск раніцай 16 красавіка па заканчэнні Велікоднай Імшы ў Ватыкане на плошчы Святога Пятра агучыў традыцыйнае штогадовае пасланне «Urbi et Orbi» – «Гораду і свету».

Чытанне Евангелля падчас Святой Імшы ажыццяўлялася на лацінскай і грэцкай мовах, у завяршэнне выконвалася стыхіра з візантыйскай літургіі на царкоўнаславянскай мове, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Папа Рымскі звярнуўся да тысячаў вернікаў з цэнтральнай лоджыі базылікі святога Пятра.

«Усе мы, калі дазваляем сабе аддацца ва ўладу граху, збіваемся з дакладнага шляху і пачынаем блукаць, як страчаныя авечкі. Але Бог, наш Пастыр, прыйшоў шукаць нас, і дзеля нашага збаўлення зменшыўся аж да пакуты на Крыжы. На працягу стагоддзяў Уваскрослы Пастыр не стамляецца шукаць нас, Сваіх братоў, страчаных у пустынях свету. Знакамі Пакуты – ранамі Сваёй міласэрнай любові – Ён прыцягвае нас на шлях жыцця. І ў нашыя дні Ён бярэ на плечы многіх нашых братоў і сясцёр, прыгнечаных злом ў яго розных формах», – гаворыцца ў пасланні.

У чарговы раз Папа Францішак нагадаў пра ахвяраў старых і новых формаў рабства, бесчалавечнай працы, гандлю людзьмі, эксплуатацыі і дыскрымінацыі, цяжкіх залежнасцяў, пазбаўленых дзяцінства дзецях і падлетках, аб тых, «у каго сэрца параненае гвалтам у сценах уласнага дома».

«У складаных і часам драматычных сітуацыях народаў хай Уваскрослы Гасподзь накіроўвае крокі тых, хто імкнецца да справядлівасці і міру; хай лідэрам дзяржаваў Ён дасць мужнасць прадухіліць распаўсюджванне канфліктаў і спыніць гандаль зброяй», – звярнуўся пантыфік, пералічыўшы дзяржавы, трагічнае становішча справаў у якіх робіць іх аб’ектам асаблівай малітоўнай падтрымкі.

«Няхай Гасподзь асабліва падтрымае намаганні тых, хто актыўна працуе, каб прынесці палёгку і суцяшэнне грамадзянскаму насельніцтву любай, змучанай Сірыі, ахвяры вайны, што не спыняе сеяць жах і смерць. Толькі ўчора адбыўся апошні, подлае напад на ўцекачоў, які прывёў да гібелі і раненняў многіх людзей. Няхай Гасподзь падорыць мір ўсяму Блізкаму Усходу, пачынаючы са Святой Зямлі, а таксама Іраку і Емену. Няхай суцешыць блізкасць Добрага Пастыра народы Паўднёвага Судана, Судана, Самалі і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, якія пакутуюць ад бясконцых канфліктаў, ускладнёных найцяжэйшым голадам, якія апанаваў некаторыя рэгіёны Афрыкі», – заклікае Папа Францішак.

“Няхай падтрымае Уваскрослы Ісус намаганні ўсіх тых, хто – асабліва ў Лацінскай Амерыцы – клапоціцца пра дабро грамадства, часам кранутага палітычнай і сацыяльнай напружанасцю, якая прыводзіць да гвалту», – заклікае пантыфік да малітвы і падтрымцы краінаў, дзе штодня тльецца кроў і абрываюцца чалавечыя жыцці.

«Няхай Уваскрослы Гасподзь ніколі не перастае дабраслаўляць еўрапейскі кантынент», – заклікае пантыфік, падкрэсліваючы, што той факт, што ў гэтым годзе хрысціяне розных канфесіяў святкуюць Вялікдзень разам, з’яўляецца асабліва добрым знакам.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі