У гродзенскую царкву на Вялікдзень запрасілі хор “Бацькаўшчына”

хор
У Гродне на Вялікдзень 17 красавіка ў праваслаўным прыходзе свяціцеля Лукі па традыцыі, запачаткаванай настаяцелем храма протаіерэем Аляксандрам Хомбака, пасля святочнай Боскай літургіі спяваў хор “Бацькаўшчына”.

“Вяртанне да каранёў беларускага народа, заглыбленне ў адметную ад іншых беларускую душу адбываецца і праз беларускую духоўную музыку, беларускае слова. Хор “Бацькаўшчына” спявае толькі па-беларуску і тым самым падчас кожнага свайго выступлення зноў і зноў запрашае беларусаў з гонарам адчуваць сябе беларусамі і не цурацца свайго багатага гістарычнага і культурнага мінулага”, – лічыць настаяцель, паведамляе orthos.org.

Хор быў заснаваны на хвалі Адраджэння незалежнасці Беларусі на пачатку 90-х гадоў. У студзені ён адзначыў сваё 25-годдзе. Ля вытокаў яго нараджэння стаіць Вера Кунцэвіч, выкладчыца спеваў тагачаснага музпедвучылішча, якая шмат гадоў навучала і ўзначальвала калектыў. У апошнія гады яна перадала хор пад апеку Ірыны Жыгулінай, якая выступілі рэгентам падчас спеву ў храме.

Напрыканцы канцэрта вернікі стоячы слухалі духоўны гімн беларускага народа “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсенневай і музыку Міколы Равенскага.

Айцец Аляксандр Хомбак павіншаваў харыстаў з Вялікаднем і ўручыў падарункі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі