Духоўнік Лукашэнкі перасцярог ад ацэнкі палітычных працэсаў на ўзроўні «тутбаяў»

pouny

Настаяцель мінскага праваслаўнага храма-помніка ў гонар Усіх Святых протаіерэй Фёдар Поўны, вядомы таксама як духоўнік прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, 18 красавіка ў Мінску на сесіі адкрытага дыялогу ў рамках міжканфесійнага фестывалю-выставы «Велікодны куліч» заявіў, што сёння стала «вельмі лёгка пераканаць масы ў чым заўгодна» з-за паўсюднай падмены паняццяў.

Паводле яго, «часта непапраўна позна выяўляецца падман, калі людзей заклікаюць у арганізацыі пад добрапрыстойнымі падставамі патрыятызму, нацыянальнай ідэі, светлай будучыні, дапамогі людзям, дзе дабро прыкрываецца злом, зло апранаецца ў маску дабра», піша БелаПАН.

Протаіерэй адзначыў, што цягу да саборнасці нельга ацэньваць з пункту гледжання дабра ці зла, хоць маральны стрыжань аб’яднання людзей «нейтральным быць не можа». На яго думку, высокая маральнасць членаў групы не значыць, што яна накіравана на стварэнне, а не на разбурэнне, бо «маральнасць кожны разумее па-рознаму». “Калі б той, хто не ведаў пра злачынствы нацызму, паглядзеў бы на іх з боку, то ўбачыў бы высокакультурных інтэлігентных людзей”, – сказаў ён.

Фёдар Поўны заявіў, што адрозніць дабро і зло можна, ацаніўшы “глыбіню ведаў і меркаванняў”. Так, людзей, якія мала ведаюць пра праваслаўе, лёгка пераканаць, што Бог – тыран, бо людзей называюць рабамі Божымі. Таксама і людзей, якія не ведаюць глыбока іслам, лёгка пераканаюць «забіваць няверных ў імя Алаха». «Калі мы будзем палітычна непісьменнымі, будзем цікавіцца працэсамі не глыбінна, а толькі на ўзроўні эмоцый і ўсякіх «тутбаяў», то вельмі лёгка можам патрапіць у гэтую пастку», – дадаў духоўнік прэзідэнта.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі