Пад Мінскам каталікі правялі семінар аб аўтызме

семинар
У вёсцы Ляскоўка пад Мінскам  20-21 красавіка прайшоў арганізаваны дабрачынным каталіцкім таварыствам “Карытас” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Мальтыйскай службай дапамогі семінар «Камунікацыя, арганізацыя і структура прафесійных супольнасцяў; дыягностыка кліентаў са складаным дыягназам (дзяцей, якія пакутуюць на аўтызм)».

Удзельнікамі семінара сталі 46 чалавек з розных куткоў Беларусі. У якасці экспертаў на семінары выступілі псіхолагі і кансультанты па тэме аўтызму з Германіі Марціна Штайнхаўс, Утэ і Крысціна Хагехюльсман, паведамляе catholic.by.

Праблема аўтызму і яго ўспрымання ў грамадстве дастаткова новая для Беларусі — спецыялістаў у гэтай сферы не так і шмат, – падкрэслівае дырэктар «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі а. Андрэй Жылевіч OFM Cap.

Тэрапеўт па пытаннях аўтызму Марціна Штайнхаўс кансультуе беларусаў не ўпершыню, яна часта выступае з семінарамі ў краінах Паўднёвай і Усходняй Еўропы.

«Мяне радуе, што ўдзельнікі семінара ў Мінску былі вельмі “жывой” групай — задавалі шмат пытанняў, былі матываванымі і ініцыятыўнымі, з вялікай зацікаўленасцю слухалі, як праца з дзецьмі-аўтыстамі арганізавана ў Заходняй Еўропе», – кажа госця, дадаючы, што асноўнымі цэнтрамі тэрапіі аўтыстаў з’яўляюцца Скандынавія, Вялікабрытанія і ЗША.

«Усходняя Еўропа, у якую ўваходзіць таксама і Беларусь, мае свае асаблівасці ў навуковым дыскурсе. Як і Нямецкая Дэмакратычная Рэспубліка, краіны Усходняй Еўропы дастаткова падрабязна вывучалі тэрапію як навуку. Але ў адрозненні ад заходніх краін трансакцыйны аналіз у тэрапіі тут  распрацоўваўся не так шырока. Адсюль і розніца ў падыходзе да працы ў нашы дні», — дадае псіхолаг Утэ Хагехюльсман.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі