Прэзідэнты Беларусі і Украіны разам памаліліся за мір

0955d874c5aa111de80893ff0441b9f8_1493212158_extra_large

Падчас рабочага візіту ў Беларусь 26 красавіка Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка разам з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка наведаў праваслаўную Свята-Міхайлаўскую царкву ў аграгарадку Ляскавічы, дзе кіраўнікі дзяржаў памаліліся за мір і дабрабыт украінскага і беларускага народаў, паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта Украіны.

Паводле інфармацыі ж Адміністрацыі кіраўніка беларускай дзяржавы, прэзідэнты «запалілі свечкі ў памяць аб ахвярах чарнобыльскай аварыі».

Малітву адправіў настаяцель царквы ігумен Аляксей, які назваў сустрэчу прэзідэнтаў знакавай падзеяй. Епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, які таксама сустракаў каля храма кіраўнікоў дзяржаў, падарыў ім абразы «Тайная вячэра» як сімвал адзінства і згоды хрысціянаў. Пятро Парашэнка падарыў епіскапу абраз «Чарнобыльскі Спас», нагадаўшы пра падзеі 31-й даўніны і адзначыўшы, што тады дзякуючы міласьці Божай ўдалося пераадолець наступствы Чарнобыльскай катастрофы.

Прэзідэнт Украіны таксама пагутарыў з мясцовымі жыхарамі, падзякаваў за цёплы прыём на беларускай зямлі і адзначыў, што ўкраінскі і беларускі народы цалкам унікальныя ў сваёй гасціннасці.

А Аляксандр Лукашэнка назваў 26 красавіка цяжкім, памятным днём для народаў Беларусі і Украіны. Паводле яго, сітуацыя ў пацярпелых ад Чарнобыля раёнах паляпшаецца, хоць не абыходзіцца і без цяжкасцяў. Прэзідэнты выказалі намер абмеркаваць існуючыя праблемы, намеціць магчымыя шляхі іх вырашэння, каб паспрыяць павышэнню ўзроўню жыцця беларусаў і ўкраінцаў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі