У жывых застаўся толькі адзін

morderca_NKWD

Падрыхтоўка антыдзяржаўнай дзейнасці вялася ўжо некалькі гадоў. Яны хацелі змяніць канстытуцыйны лад і крытыкавалі існуючыя сацыяльна-эканамічныя адносіны. Іх падпольнай сеткай былі агорнутыя розныя гарады і ўстановы. Яны хацелі адарваць Беларусь ад Расеі ды мелі падтрымку з-за мяжы. Спрабавалі ўцягнуць у свае справы моладзь. Былі арыштаваныя дзясяткі чалавек, пераважна дзеячоў беларускай культуры і навукі.

Не, гэта не справа “Белага легіёну”. Гэта сфабрыкаваная чэкістамі справа “Саюза вызвалення Беларусі”, па якой у 1931 годзе былі асуджаныя 86 чалавек. Апроч таго, падчас следства застрэліўся выбітны беларускі гісторык, прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, спрабаваў скончыць з сабой і народны паэт Янка Купала.

Да таго была справа Юркі Лістапада, пасля – справы “Беларускай народнай грамады”, “Беларускай аўтакефальнай царквы”, быў расстрэл больш за 100 беларускіх дзеячоў у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года. Было шмат чаго. А пасля была рэабілітацыя. І судовае рашэнне: справы былі сфабрыкаваныя.

І хоць іх жыцці не вярнуць, імёны рэпрэсаваных сталінскімі чэкістамі сёння ведае куды больш людзей, чым імёны іх карнікаў. Многія з іх, дарэчы, так і не былі рэабілітаваныя. І ў часы, калі зноў стала модным насіць чэкісцкую форму ды ставіць помнікі Сталіну, варта нагадаць, чым скончылі свае жыцці кіраўнікі ЧК, ГПУ і НКВД БССР у 1919-1951 гады.

З усіх іх выжыў толькі Аляксандр Ратэнберг, які кіраваў ЧК БССР у 1920-1921 гадах. Усе астатнія былі расстраляныя ды зняволеныя па такіх самых сфабрыкаваных справах, якія раней фабрыкавалі яны самі.

І так, старшыня ЧК БССР у 1918-1919 гадах Віктар Яркін – расстраляны 29 кастрычніка 1937 года за нібыта падрыхтоўку тэрактаў.

Старшыня ГПУ БССР у 1921-1923 гадах Ян Ольскі – расстраляны 27 лістапада 1937 года як удзельнік “шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі”.

Старшыня ГПУ БССР у 1923-1924 гадах Станіслаў Пінталь – расстраляны паводле рашэнне суду ад 9 снежня 1937 года за прыналежнасць да “Польскай арганізацыі вайсковай”.

Старшыня ГПУ БССР у 1924-1925 гадах Філіп Мядзведзь – расстраляны 27 лістапада 1937 года за прыналежнасць да “Польскай арганізацыі вайсковай”.

Старшыня ГПУ БССР у 1925-1929 гадах Раман Піляр – расстраляны 2 верасня 1937 года за здраду Радзіме.

Старшыня ГПУ БССР у 1929-1931 гадах Рыгор Рапапорт – расстраляны 10 лютага 1938 года “па абвінавачванні ў шпіёнскай дзейнасці і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі правых”.

Старшыня ГПУ БССР у 1931 годзе Станіслаў Рэдэнс – расстраляны 12 лютага 1940 года “як польскі шпіён і актыўны ўдзельнік контррэвалюцыйнай змоўніцкай арганізацыі ў органах НКВД”.

Старшыня ГПУ БССР у 1931-1932 гадах Герман Матсан – расстраляны 19 ліпеня 1937 года “за ўдзел у латышскай контррэвалюцыйнай фашысцка-нацыяналістычнай арганізацыі і змову правых”.

Старшыня ГПУ БССР у 1932-1934 гадах Леанід Закоўскі – расстраляны 29 жніўня 1938 года за “шпіянаж і праватрацкісцкую дзейнасць”.

Народны камісар унутраных спраў БССР у 1934-1936 гадах Ізраіль Ляплеўскі – расстраляны 28 ліпеня 1938 года за ўдзел у “антысавецкай арганізацыі правых”.

Народны камісар унутраных спраў БССР у 1936-1937 гадах Георгій Малчанаў – расстраляны 9 кастрычніка 1937 года як “член контррэвалюцыйнай арганізацыі правых і здраднік Радзімы”.

Народны камісар унутраных спраў БССР у 1937-1938 гадах Барыс Берман – расстраляны 23 лютага 1939 года за здраду Радзіме і тэрарыстычную дзейнасць.

Народны камісар унутраных спраў БССР у 1938 годзе Аляксей Наседкін – расстраляны 26 студзеня 1940 года за здраду Радзіме і падрыхтоўку тэрарыстычнай дзейнасці.

Народны камісар унутраных спраў і міністр дзяржаўнай бяспекі БССР у 1938-1951 гадах Лаўрэнцій Цанава – памёр 12 кастрычніка 1955 года ў Бутырскай турме. Абвінавачваўся ў здрадзе Радзіме і падрыхтоўцы захопу ўлады. Па адной з версій быў забіты.

З 15 чалавек выжыў толькі адзін. І ўсе яны лічылі, што парушаючы чалавечы і Божы закон, ідучы на злачынствы, абараняюць Радзіму ад шкоднікаў ці папросту спрабавалі знайсці сабе цёпленькае ды ўтульнае мястэчка. А знайшлі сабе кулю ў патыліцу, бо для таталітарных рэжымаў яны, як і тыя, каго яны расстрэльвалі ды рэпрэсавалі, былі нічым іншым, як расходным матэрыялам.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі