Мітрапаліт Кандрусевіч: Аддзелы ідэалогіі ўмешваюцца ва ўнутраныя справы Касцёлу

Кандрусевіч
Вялікую занепакоенасць выклікае патрабаванне некаторых аддзелаў ідэалогіі прадстаўляць праграму навучання Катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць. Пра гэта 2 мая падчас свайго выступу ў Акадэміі кіравання заявіў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

“Гэта ні што іншае, як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Касцёла і неадпаведнасць закону аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый”, – адзначыў іерарх, паведамляе catholic.by.

“Якая мэта такіх патрабаванняў? Праверыць прававернасць навучання дзяцей? Дазвольце спытаць: «А суддзі хто?» Хто з супрацоўнікаў ідэалагічных аддзелаў скончыў каталіцкі, праваслаўны, юдэйскі, мусульманскі ці пратэстанцкі ўніверсітэт?” – задаўся пытаннем ён.

Паводле яго, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падрыхтавала адпаведныя падручнікі, якія выкарыстоўваюцца для катэхізацыі дзяцей, “ніхто нічога не хавае і нікога не вучыць патаемна”.

Мітрапаліт адзначыў, што гэта не адзіная праблема ў адносінах з мясцовымі органамі ўлады. “Часта ў розных раёнах ставяцца розныя патрабаванні да прадстаўлення інфармацыі аб дзейнасці рэлігійных арганізацый”, – дадаў ён.

Таксама старшыня Канферэцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі атрымлівае ад аддзелаў ідэалогіі лісты не толькі з просьбай, а часта з патрабаваннем у вызначаны перыяд урэгуляваць тую ці іншую сітуацыю, якая ўзнікла ў іншай дыяцэзіі. Аднак, падкрэсліў мітрапаліт, толькі дыяцэзіяльны біскуп мае права вырашаць праблемы сваёй дыяцэзіі, а “Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў — гэта калегіяльны орган, старшыня якога не можа выдаваць распараджэнні іншым дыяцэзіям”.

“Галоўнай мэтай Канферэнцыі біскупаў з’яўляецца падрыхтоўка і каардынацыя агульнабеларускіх пастырскіх планаў. Спецыялісты, якія курыруюць справы рэлігіі, павінны ведаць не толькі Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», але і асновы вучэння, і ўласнае права розных рэлігій і канфесій, паколькі ў Статуце кожнай рэлігійнай арганізацыі прапісана, што яна ажыццяўляе сваю дзейнасць не толькі ў адпаведнасці з законамі Рэспублікі Беларусь, але і з заканадаўчымі правіламі рэлігіі або канфесіі, да якой належыць”, – адзначыў арцыбіскуп.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі