Абмежаванні рэлігійнай свабоды ў Беларусі ў красавіку

милиция

Красавік у Беларусі адзначыўся чарговым абмежаваннем рэлігійных свабод, які закрануў у той ці іншай меры розныя хрысціянскія канфесіі краіны. Мінулы месяц запомніўся, перш за ўсё, дэпартацыяй трох пратэстанцкіх прапаведнікаў з Украіны і забаронай на служэнне каталіцкаму святару з Мсціслава, а таксама чарговай спробай высялення мінскай пратэстанцкай царквы «Новае жыццё».

Украінскія прапаведнікі Уладзіслаў Ярмолаў, Леанід Намярчук і Ашот Саркісьян з місіі «Добрая вестка» былі дэпартаваныя з Беларусі 6 красавіка пасля 15 сутак арышту ў ізалятары часовага ўтрымання ў Мінску. Яны былі затрыманыя 22 сакавіка на хвалі масавых затрыманняў у Беларусі, калі рыхтаваліся да правядзення ў Мінску серыі лекцый, а таксама выступлення прапаведніка з Паўднёвай Карэі Кіма Джона Шу. Пры гэтым затрыманыя прапаведнікі былі абвінавачаныя ў дробным хуліганстве.

25 красавіка развітаўся з Беларуссю пасля амаль дзесяці гадоў служэння ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мсціславе каталіцкі святар з Польшчы Роберт Мацяеўскі. Ён пачаў служэнне на Магілёўшчыне ў 2007 годзе, спачатку — у якасці вікарыя Мсціслаўскага прыходу, пасля — выконваў абавязкі пробашча ў Мсціславе, быў дэканам Мсціслаўскага дэканату, апекаваў каталіцкую суполку ў Горках. Але ў 2017 годзе беларускія ўлады адмовілі яму ў падаўжэнні дазволу на пастырскую дзейнасць, які святары-замежнікі павінны рэгулярна атрымліваць у Беларусі.

Характэрна, што менавіта ў красавіку на прэс-канферэнцыі гэтую практыку беларускіх уладаў раскрытыкаваў каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Асаблівую вастрыню, паводле яго, гэтае пытанне набывае напярэдадні пленарнага пасяджэння Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы, што пройдзе ў Мінску восенню і на якую запрошаны дзясяткі кардыналаў, біскупаў і святароў з розных краін свету. І кожнаму з іх трэба атрымліваць дазвол на служэнне ва ўладаў. Па гэтай жа прычыне такое патрабаванне перашкаджае развіццю рэлігійнага турызму ў Беларусі і пілігрымак па беларускіх святынях з удзелам замежнікаў, якія немагчымыя без замежных святароў. «Гэтая норма павінна быць адменена», — заявіў 11 красавіка мітрапаліт.

Асаблівы рэзананс у грамадстве выклікалі чарговыя спробы судовых выканаўцаў і міліцыі 26 красавіка выселіць царкву хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё», каб выканаць рашэнне суда ад 2009 года. Будынак на пэўны час удалося адстаяць. Пры гэтым, як адзначыў вернік царквы, юрыст Сяргей Луканін, улады не ідуць на кантакт з прадстаўнікамі абшчыны.

Святкаванне хрысціянамі Беларусі Вербнай нядзелі, Вялікадня і Радаўніцы таксама было азмрочана пагрозамі МУС арганізаваць каля храмаў «ачапленне і прапускны рэжым з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў» нібыта для забеспячэння асабістай, маёмаснай і дарожнай бяспекі грамадзян. Хоць пагрозы ў асноўным не былі выкананы, міліцэйскія аўтазакі былі заўважаны на Вялікдзень як ля праваслаўных цэркваў, так і ля каталіцкіх, міліцэйскія аператары праводзілі фота- і відэаздымку тых, хто заходзіў у храмы на Вялікдзень і удзельнічаў у святочных працэсіях. Пры гэтым падобныя меры ўяўляюцца залішнімі з прычыны адсутнасці ў Беларусі якіх-небудзь перадумоў пагроз асабістай бяспекі грамадзян падчас рэлігійных свят. Разам з тым прысутнасць міліцэйскіх патрулёў, аўтазакаў, фота- і відэафіксацыя вернікаў ствараюць нервовую і напружаную сітуацыю каля храмаў, бо ствараецца ўражанне ўспрымання ўладамі вернікаў як сацыяльна небяспечнай групы.

Таксама варта адзначыць практыкі нераўназначнага і ў пэўнай ступені дыскрымінуючага стаўлення ўладаў Беларусі да хрысціянскіх канфесій краіны падчас святкавання Вялікадня, якое сёлета хрысціяне святкавалі разам. Так, на сайце Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы было размешчана віншаванне з Вялікаднем толькі прадстаяцелю Рускай Праваслаўнай Царквы, тады як астатнія былі праігнараваныя. Таксама 16 красавіка Прэзідэнт наведаў толькі праваслаўную царкву, хоць раней на святы яго можна было заўважыць і ў каталіцкіх касцёлах, у прыватнасці ў архікатэдральным касцёле ў Мінску. І хоць ён і прапанаваў ад імя праваслаўнай канфесіі паслаць велікоднае прывітанне каталікам, але, зноў жа, забытымі апынуліся вернікі пратэстанцкіх канфесій і дэнамінацый.

У цэлым у красавіку было зафіксавана захаванне ўладамі Беларусі дыскрымінуючых практык у дачыненні да святароў-замежнікаў, нематываванае і залішняе ўжыванне міліцыі і спецсродкаў на галоўныя хрысціянскія святы, а таксама нераўназначнае стаўленне да розных канфесій.

Максім Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі