Біскуп Буткевіч узначаліў свята сямейнай малітвы ў Росіцы

Буткевич
У Росіцы ў санктуарыі пакутнікаў—марыянаў ксяндзоў  Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча – 1 траўня адбылася малітоўная сустрэча сем’яў, удзел у якой узялі каталіцкія сужэнствы з усёй Віцебскай дыяцэзіі.

Пасля прывітальных словаў а. Андрэя Сідаровіча распачалося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і адарацыя, падчас якога Ружанцовую малітву вяла сям’я Марціноўскіх, падрыхтаваўшы адмысловыя разважанні, паведамляе catholicnews.by.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх сем’яў узначалілі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаека.

“Сёння распачынаем месяц Марыі, заквітнелі першыя цюльпаны, нарцысы. У Росіцы адкрываем сезон нашых сустрэчаў. Сёння молімся за сем’і. Хочам быць шчаслівыя і шукаем гэтага шчасця. І добра зрабілі, што скіравалі крокі свае ў Росіцу. Бог з’яўляецца крыніцай ласкі і бласлаўлення і вы выбралі добры шлях. Дзякуючы Яго ласцы будзем шчаслівыя. Калі сем’і нашы будуць моцныя, то і нашае грамадства будзе моцнае”, – звярнуўся да вернікаў кусташ санктуарыя а. Чэслаў Курэчка.

Пасля Імшы адбыліся канферэнцыі, у тым ліку, – прэзентацыя Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў “Светач”, які працуе ў Бегомлі.

Кожная сям’я атрымала ад біскупа індывідуальнае бласлаўленне.

Для дзяцей адбылася сустрэча з рэдактарам часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай» – пісьменніцай Ірынай Жарнасек.

Пасля заканчэння малітоўнай часткі сустрэчы, калі ўсе частаваліся грыбной поліўкай ад а. Чэслава, біскуп Алег не пакінуў без увагі сведку росіцкай трагедыі Валянціну Марцінкевіч, паразмаўляўшы з ёй.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі