Абвешчаны конкурс на распрацоўку эскіза помніка Бібліі ў Брэсце

Брест
У Брэсце да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўсталююць помнік Бібліі, прысвечаны выдадзенай у 1563 годзе Брэсцкай Бібліі.

Абвешчаны адкрыты конкурс на распрацоўку эскізнага праекта. Помнік будзе ўсталявана ў абласным цэнтры на скрыжаванні вуліцаў Пушкінскай і Кірава, блізу абласной бібліятэкі імя Горкага, паведамляе katolik-gomel.by.

Брэсцкая Біблія, выдадзеная на польскай мове, – самае вялікае па аб’ёме друкаванае выданне ХVI-ХVIІІ стагоддзяў Вялікага Княства Літоўскага, шэдэўр паліграфічнага мастацтва эпохі Рэнесанса. Яна была створаная ў друкарні канцлера Вялікага княства Літоўскага і берасцейскага старасты Радзівіла Чорнага.

Прыём заявак на конкурс доўжыцца да 12 чэрвеня, да ўдзелу запрашаюць як беларускіх, так і замежных аўтараў.

Пераможцу чакае грашовая прэмія ў 40 базавых велічыняў (920 рублёў або прыкладна 500 даляраў).

Працы павінны быць выкананыя на лістах фармату А3 ці А4 і дапоўненыя аб’ёмна-прасторавай мадэллю, выкананай з любога матэрыялу. Эскізы неабходна накіроўваць на адрас упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама (224005, Рэспубліка Беларусь, Брэст, вул. Камуністычная, 1).

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі