Свята на вуліцы правых. Сацыял-дэмакраты прайгралі выбары ў яшчэ адной зямлі Нямеччыны

1214193801-landtagswahl-nordrhein-westfalen-2dTuFR99a7

14 мая адбыліся выбары ў самай вялікай федэральнай зямлі Нямеччыны – Паўночным Райне – Вестфаліі (17 млн насельніцтва).

На табліцы даюцца вынікі выбараў у ландтаг, якія адбыліся пяць гадоў таму і ўчора.

Як відаць, сацыёлагі недаацанілі магчымасцяў Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу Ангелы Мэркель. Саюзу прарочылі 31% галасоў (некаторыя 32), а набралі хадэкі 33%. У параўнанні з выбарамі 2012 г. гэта азначае прырост галасоў на 6,7%.

Трошкі перабольшылі сацыёлагі магчымасці Свабоднай дэмакратычнай партыі. Але, атрымаўшы падтрымку 12,6% выбаршчыкаў, лібералы “падраслі” роўна на 4%.

Поспех лібералаў – гэта  і асабісты поспех цяперашняга маладога старшыні СвДП Крысціяна Вольфганга Лінднэра (Lindner). 38-гадовы зямляк Фрыдрыха Энгельса з’яўляецца таксама лідарам зямельнай партыйнай арганізацыі і кіраўніком партыйнай фракцыі ў ландтагу Паўночнага Райну – Вестфаліі. На мітынгу партыйцаў адразу пасля абвяшчэння першых вынікаў галасавання ён заявіў, што цяпер трэба змагацца за Берлін. (Нагадаю, што ў Бундэстагу СвДП не мае ніводнага мандата).

З другога боку, як сваю асабістую паразу ўспрыняла вынікі выбараў пакуль яшчэ (да сфармавання новага кабінета) прэм’ер-міністр Паўночнага Райну – Вестфаліі Ханалора Крафт (Hannelore Kraft). Адразу пасля абвяшчэння першых вынікаў галасавання яна заявіла, што  вырашыла пакінуць усе партыйныя пасады. А да 14 траўня 56-гадовая Ханалора Крафт была і лідаркай зямельнай арганізацыі СДПГ, і намесніцай старшыні партыі Марціна Шульца. Яе прозвішча як члена Прэзідыума СДПГ ужо знята з сайту партыі, а на сайце зямельнай арганізацыі СДПГ з учорашняга вечара пазначана, што пасада старшыні вакантная.

У параўнанні з 2012 г. сацыял-дэмакраты страцілі падтрымку 7,9% выбаршчыкаў. А саюзнікі эсдэкаў – зялёныя – страцілі 4,9%. Як тыдзень таму назад у Шлезвіг-Гольштайне, так цяпер і ў Паўночным Райне – Вестфаліі чырвона-зялёная ўрадавая кааліцыя немагчымая. Абедзве партыі будуць займаць у ландтагу менш як 50% крэслаў (СДПГ – 69, зялёныя – 14).

Праўда, і ў пераможцаў – кансерватараў і лібералаў – таксама ёсць праблема. Нягледзячы на прыкметнае паляпшэнне электаральных вынікаў, ХДС і СвДП маюць у ландтагу трошкі больш за 50% мандатаў. Пазіцыі чорна-жоўтага ўраду, калі ён складзецца, будуць даволі хісткія. Таму хадэкам давядзецца або запрашаць у кааліцыю зялёных, або ствараць, як, напрыклад, пасля нядаўніх выбараў у Саары, вялікую кааліцыю з сацыял-дэмакратамі.

Ведама, ніводная са старых партый нават не думае пра партнёрства з Альтэрнатывай для Германіі. Як і  прадказвалі сацыёлагі, з палітычнай арэны знікла Партыя піратаў. Затое крэслы у ландтагу Паўночнага Райну – Вестфаліі цяпер будзе мець правапапулісцкая Альтэрнатыва. Яна атрымала падтрымку 7,4% выбаршчыкаў – на 0,6% больш, чым прадказвалі сацыёлагі, – і будзе мець 16 мандатаў.

Пасля учорашніх выбараў прадстаўнікоў Альтэрнатывы няма толькі ў парламентах трох зямель – Баварыі, Гесэна і Ніжняй Саксоніі. Выбары ў гэтых землях адбудуцца ў наступным годзе.
Не спраўдзіліся прагнозы наконт Левай партыі. Хоць духоўныя пераемнікі Карла Лібкнехта і Розы Люксемург і палепшылі свае электаральныя паказчыкі (4,9% супраць 2,5 у 2012 г.), ім трошачкі не хапіла для таго, каб стаць парламенцкай партыяй у Паўночным Райне – Вестфаліі.

Выбары ў Паўночным Райне – Вестфаліі разглядаюцца як старт федэральнай выбарчай кампаніі. Выбіраць дэпутатаў Бундэстага немкі і немцы будуць 24 верасня. І, бадай, усе назіральнікі і каментатары скептычна ацэньваюць магчымасці лідара СДПГ Марціна Шульца, галоўнага канкурэнта Ангелы Мэркель, стаць федэральным канцлерам.

“Vom Schulz-Hype bleibt nur die Erinnerung” – можна прачытаць на сайце Süddeutsche Zeitung. Мякка гэта можна перакласці так: “Ад шумнай рэкламы Шульца засталіся толькі ўспаміны”.

Пішуць і так: “Pleite für die SPD” (“Банкруцтва СДПГ”). І ў спартыўных тэрмінах: «Der Boxer SPD hat einen Leberhaken bekommen» (“Баксёр СДПГ атрымаў удар у печань”).

“Гэта цяжкі дзень для СДПГ. Гэта цяжкі дзень таксама і для мяне асабіста”, – сказаў Марцін Шульц журналістам і аднапартыйцам. І ён жа заявіў: “Мы змагаемся далей”. Іншага яму і не дадзена: узяўся за гуж – не кажы, што не дуж. Але відавочна, што былога аптымізму і ў Шульца, і ва ўсёй Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі ўжо няма.

Выбары ў ландтаг Паўночнага Райну – Вестфаліі ў 2012 і 2017 гг.

2012 2017
Партыя % галасоў % галасоў:
пададзена і прагназавалася (у дужках)
+, —
у параўнанні з 2012 г.
Мандатаў
СДПГ 39,1 31,2 (32) -7,9 69
ХДС 26,3 33,0 (31) +6,7 72
СвДП 8,6 12,6 (13,3) +4,0 28
Зялёныя 11,3 6,4 (6,8) -4,9 14
Левыя 2,5 4,9 (5,5) +2,4 0
Піраты 7,8
АдГ Не існавала 7,4 (6,8) +7,4 16

 

Анатоль Сідарэвіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі