Уніяцкі мітрапаліт Іраклій Лісоўскі – забыты беларускі літургіст

18492359_1522356744461343_678226486_n

Сярод беларускіх літургістаў канца XVIII – пачатку ХІХ стст. асоба ўніяцкага мітрапаліта Іраклія Лісоўскага ці не найменш вядомая. Нават стаўленне ягоных адзінаверцаў, асабліва сярод беларускіх грэка-каталікоў, вельмі неадназначнае ды нават негатыўнае, бо яно сфармавалася пад уплывам “лацінскага” погляду на гісторыю Кіеўскай уніяцкай мітраполіі. Разам з тым, па нашым меркаванні, уніяцкі мітрапаліт Іраклій Лісоўскі быў адным з найбольш моцных літургістаў свайго часу, які спрабаваў аднавіць менавіта беларускую літургічную традыцыю ва ўшчэнт лацінізаваным беларускім уніяцтве. Улічваючы, што на той час Кіеўская праваслаўная мітраполія ўжо больш стагоддзя была падпарадкаваная Расійскай Праваслаўнай Царкве ды актыўна русіфікавалася, працу ўніяцкага мітрапаліта Іраклія Лісоўскага можна разглядаць як ці не апошнюю спробу адрадзіць старажытны абрад Кіеўскай Царквы (праваслаўнай і ўніяцкай) XV – XVIІ стст. У гэтым артыкуле мы паспрабуем абгрунтаваць патрэбу ягонай літургічнай рэформы ды прыцягнуць увагу да адной са знакавых асобаў у хрысціянскай гісторыі Беларусі.

Для больш поўнага разумення каштоўнасці працы ўладыкі Іраклія Лісоўскага разгледзім, што адбывалася з уніяцкім абрадам з канца XVI і да канца XVIII стст.

Насуперак меркаванню некаторых гісторыкаў, ніякай розніцы паміж праваслаўным і ўніяцкім абрадам, у тым ліку літургіі, не існавала практычна да апошняй чвэрці XVII ст. Ідэнтычным было храмавае дойлідства, іканапіс, спеўная культура…

Так, вядомы даследчык старадрукаў В. Лук’яненка, разглядаючы ўніяцкі і праваслаўны Служэбнікі 1617 г., выказаў думку аб іх аднатыпнасці не толькі ў друкарскім, а і багаслужбовым плане [1, №60]. Гэтае падабенства прасочваецца практычна ва ўсіх старадруках XVIІ ст. аж да выпуску Віленскага Служэбніка 1691 г. Нязменным заставалася і памінанне царкоўнай улады пад час богаслужбы: святар памінаў свайго кіруючага архірэя, архірэй – Кіеўскага мітрапаліта і толькі Кіеўскі мітрапаліт, у залежнасці ад канфесіі, – Усяленскага Патрыярха або Рымскага папу. Улічваючы, што ў інвентарах уніяцкіх храмаў XVII ст. вельмі часта сустракаюцца праваслаўныя Служэбнікі і Трэбнікі (і наадварот – уніяцкія выданні ў праваслаўных), вонкавае вызначэнне канфесійнай прыналежнасці парафіяльнага храму магло адбывацца толькі па імю правячага архірэя або Кіеўскага мітрапаліта.

Нават арган, які некаторыя даследчыкі падаюць як выключна “лацінскі” або ўніяцкі элемент богаслужэння, напраўду такім не быў. Праваслаўны архідыякан Паўло з Алепу (Сырыя), вандруючы па Ўкраіне і паўночнай Беларусі ў 1654 годзе, распавядаў як праваслаўныя спяваюць з арганамі пад час богаслужбы. Яго гэты звычай не здзіўляе і ён падобную практыку не засуджвае [2, ст. 22, 27]. Наогул, калі казаць аб менавіта беларускіх уніятах, дакументы зафіксавалі толькі два месцы, дзе адпраўленне спеўнай літургіі адбывалася пад акампанемент аргану – ў Чарлесе і Наваградку [3, ст. 97 аб., 104].

Аднак, ужо з другой паловы XVII ст. пачынаецца паступовае набліжэнне ўніяцкага (усходняга) абраду да рыма-каталіцкага. Гэта было менавіта не развіццё, як спрабуюць паказаць некаторыя сучасныя беларускія даследчыкі, а менавіта ўвядзенне ў гістарычны абрад Кіеўскай праваслаўнай традыцыі, які ад пачатку перанялі і ўніяты, пэўных лацінскіх элементаў з адначасовым выцісканнем усходніх практык. На нашу думку, падобная тэндэнцыя мела пад сабой некалькі падстаў:

Па-першае, Рым разглядаў уніяцкі абрад, як нешта другараднае ў структуры Каталіцкай Царквы, што мусіць быць толькі часовым “мостам” для пераходу былых праваслаўных на рыма-каталіцкі абрад. Адпаведна ўніяцкія біскупы і святары адчувалі стаўленне да сябе як да кліру “другога гатунку” з боку рыма-каталікоў, ды, лічачы рыма-каталіцкі абрад больш “паўнавартасным”, намагаліся капіраваць яго.

Па-другое, сам Рым, свядома або несвядома, далучаўся да знішчэння традыцый уніяцкага абраду. Тут можна прывесці багата прыкладаў, але спынімся толькі на некалькіх.

Так, з’яўленне дэкрэту “Нябесны Іерусалім” папы Урбана VІІІ ў 1634 г. не толькі аддавала кананізацыю новых святых выключна ў кампетэнцыю Рымскага пантыфіка, а і руйнавала гістарычную традыцыю саборнай кананізацыі Кіеўскай мітраполіі. Апрача гэтага, уніяты фармальна пазбавіліся права ўшанавання беларуска-украінскіх святых, якія былі праслаўлены з паловы Х ст. і да Берасцейскай уніі. Ужо Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Гаўрыіл Календа не падаў у Часаслове 1670 г. святых, якія адсутнічалі ў рыма-каталіцкім календары, а шаснаццатая капітула ордэна Базыльянаў, што адбылася ў 1709 г., загадвае памінаць толькі “тых, хто жыў у Кіеўскай Царкве ў часы уніі з Рымам” [4, ст.164]. Гэтымі актамі з уніяцкіх календароў выкрэсліваліся практычна ўсе святыя Кіева-Пячорскай Лаўры, прп. Еўфрасіння Полацкая, свт. Кірыла Тураўскі ды яшчэ вялікая колькасць святых, якіх вельмі шанаваў беларускі ды ўкраінскі народ.

Падобным руйнаваннем гістарычнай традыцыі Кіеўскай мітраполіі ды набліжэннем кананічнай традыцыі уніятаў да рыма-каталіцтва было і наданне права святарам правіць дзве літургіі ў дзень. Падобныя звычаі былі асуджаны ў працы візантыйскага багаслова ХІ ст. Тэадора Андзідскага, а ў Заходней Царкве – папамі Аляксандрам ІІ (1065 г.) і Кліментам ІІІ (1212 г.). Разам з тым, кіруючыся рыма-каталіцкай практыкай таго часу, папа Клімент VІІІ ў 1631 г. надаў Кіеўскаму ўніяцкаму мітрапаліту права на дазвол святарам адпраўляць па дзве літургіі ў дзень. Гэты прывілей на пачатку надаваўся на сем гадоў і атрымаў пацвярджэнне з Рыму ў 1638 і 1653 гадах. [5, ст. 47], а ў ХVІІІ ст. падобная практыка была цалкам узаконеная.

Па-трэцяе, Кіеўская ўніяцкая мітраполія так і не здолела сфармаваць ды адкрыць уласныя духоўныя школы, дзе б рыхтаваліся будучыя святары. Большасць была вымушана навучацца ў рыма-каталіцкіх езуіцкіх калегіумах, дзе будучым святарам прывівалі любоў і павагу найперш да рыма-каталіцкага абраду ды практык. Падобнае становішча, як апісваюць крыніцы, было і ў школах пры манастырах базыльянаў, дзе выкладалі ўсе тыя ж выхаванцы езуітаў.

Натуральна, што ўсё вышэй выкладзенае прыводзіла да літургічнага й абрадавага хаосу ва Уніяцкай Царкве, які вельмі добра апісаў аўдытар Кіеўскай уніяцкай мітраполіі, а. Пётр Камінскі, які рэвізаваў беларускія ўніяцкія парафіі і манастыры ў канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў ХVII ст.: падчас літургіі не рабіўся ўваход з Евангеллем; не ўжываецца цеплата і губка; не адбываецца перанос Святых Дароў з ахвярніка на пасад; дыякан служыць у рыма-каталіцкім далматыку, а не ў сціхары. Адбываюцца працэсіі з манстранцыяй па царкве і падчас урачыстасцей ужываецца музыка. Пры гэтым ён заўважае: “як цырымоніі мешаны з грэцкіх і лацінскіх, так і мова змешана з польскай і рускай” [6, ст. 90-92].

Афіцыйна справу скажэння ды лацінізацыі гістарычнага абраду Кіеўскай мітраполіі прадоўжыў Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі, які ў 1691 г. выдаў новы ўніяцкі служэбнік, які быў створаны на падставе “грэцкага літургікона” кардынала Нерлі. Гэтая кніга была надрукаваная ў 1683 г. Праўдападобна, што мітрапаліт атрымаў літургікон ад самога кардынала, які ў 1670-1671 гг. выконваў абавязкі папскага нунцыя ў Варшаве [7, ст.117].

Галоўным недахопам літургікона Нерлі, што адбілася і на працы мітрапаліта Кіпрыяна Жахоўскага, была моцная лацінізацыя італійскіх грэкаў-уніятаў, абрад якіх быў узяты кардыналам за аснову. Не аналізуючы ўніяцкі Служэбнік 1691 ды 1995 гг., што не ёсць тэмай дадзенага артыкула, адзначым толькі некаторыя, на нашу думку, істотныя моманты.

Так, Адзнакай гэтага Служэбніка ёсць адсутнасць рубрык уступных малітваў. У адрозненні ад Віленскіх Служэбнікаў 1583, 1598 і 1617 г., якія можна лічыць узорам гістарычнай традыцыі Кіеўскай мітраполіі (як праваслаўнай, так і ўніяцкай) не ўзгадавацца: дыякан, іканастас і нічога не гаворыцца аб пацалунках святаром абразоў, прастолу і Евангелля. [8, ст.80-81]. Была афіцыйна замацаваная рыма-каталіцкая традыцыя абходу храму з Святымі Дарамі ў Вялікую Пятніцу і Вялікдзень, што цалкам супярэчыць Усходне-Хрысціянскай традыцыі ды з’яўляецца чужародным элементам (на сёння падобныя абходы (як і наогул працэсіі з Святымі Дарамі) афіцыйна забаронены Ватыканам для Усходніх Цэркваў).

Падобны курс на лацінізацыю ўніяцкага абраду, вынікам якога мусіў быць поўны пераход уніятаў на рыма-каталіцкі абрад, быў замацаваны рашэннямі Замойскага сіноду 1720 г. Варта згадаць, што на той час змена абраду аўтаматычна азначала і змену нацыянальнай самасвядомасці пераважнай большасці вернікаў.

Такім чынам, практычна ад другой паловы XVIII ст. на тэрыторыі этнічнай Беларусі пачынаецца досыць хуткае набліжэнне ўніяцкага абраду да рыма-каталіцкага, што, у перспектыве, мусіла прывесці да поўнага пераходу беларускіх уніятаў у рыма-каталіцтва. Гэты працэс у большай ступені закрануў частку манастыроў базыльянаў ды вясковыя парафіяльныя структуры, а ў меншай – кафедральныя саборы ды гарадскія храмы. І гэта не было “развіццё ўніяцкага абраду”, як спрабуюць сцвярджаць некаторыя беларускія даследчыкі. Для доказу дадзенага факту разглядзім кожную са змен больш падрабязна (падаем толькі асноўныя моманты).

а) Прысоўванне Пасаду да сцяны. Падобнае новаўвядзенне знішчае наступныя элементы Усходняга абраду: знікае “Горнае месца”; знікаюць усе каджэнні вакол Пасаду; знікае абход Пасаду з Евангеллем у часе малога ўваходу; знікае адход святара да “Горнага месца” ў часе чытання Апостала (і Евангелля, калі яго чытае дыякан або калі служаць некалькі святароў); знікае запасадны крыж або ён мусіць “перасунуцца” на Пасад.

б) Знікненне іканастасу. Знікае традыцыя каджэння іканастасу падчас службы; знікае малы ўваход з Евангеллям ды вялікі ўваход (перанясенне падрыхтаваных Святых Дароў з ахвярніка на Пасад). Ва усялякім разе знікае ўрачысты выхад з дыяканскіх дзвярэй ды ўваход у Царскую браму. Дэградацыя гэтага літургічнага дзейства будзе асабліва заўважная, калі адбываецца архірэйскае служэнне.

в) Знікненне ахвярніка. Першыя выпадкі знікнення ахвярнікаў назіраліся ўжо ў часе ўвядзення дадатковых бакавых пасадаў ды чытаных літургій – у другой палове XVII ст. Менавіта ў гэты час з’явіўся звычай здзяйснення чыну праскамідыі непасрэдна на бакавым пасадзе. Але паступова гэтая “навацыя”, асабліва ад апошняй чвэрці XVIIІ ст., перайшла і на галоўны Пасад храму. Праз знікненне ахвярніка цалкам знікае такі вельмі важны элемент Усходняй літургіі, як Вялікі ўваход.

Цяпер прапаную ўявіць, як будзе выглядаць літургія пры наяўнасці ўсіх пазначаных вышэй пунктаў (менавіта так выглядала алтарная частка большасці ўніяцкіх храмаў у канцы XVIIІ ст.): святар стаіць у Пасадзе ды здзяйсняе толькі павароты да вернікаў. Практычна, падобнае служэння адрозніваецца ад тагачаснай рыма-каталіцкай месы толькі тэкстам, мовай (рыма-каталікі служылі выключна на латыні) ды відам прычашчэння. Тым больш, як мы ўжо адзначалі вышэй, рыма-каталіцкія элементы ўвайшлі і ў багаслужбовыя рызы. Фактычна адбывалася паглынанне ўніятаў Рыма-Каталіцкаю Царквою.

У 1784 г. менавіта ў часе абрадавага крызісу ў беларускіх епархіях Кіеўскай уніяцкай мітраполіі Полацкім уніяцкім архіепіскапам робіцца Іраклій Лісоўскі, які, яшчэ будучы настаяцелям манастыра пры Полацкім Сафійскім саборы ды кіраўніком Полацкай уніяцкай кансісторыі, добра ведаў праблему моцнай лацінізацыі ўніяцкага абраду. Галоўнай сваёй задачай новы архіепіскап бачыць распрацоўку ды ажыццяўлення абрадава-літургійнай рэформы.

Ужо ў студзені 1785 г. архіепіскап Іраклій Лісоўскі піша ліст у Рым, дзе выкладае свае меркаванні адносна абрадавай рэформы [62, ст.91]. Даступныя нам матэрыялы дазваляюць пабачыць усю глыбіню задуму полацкага ўніяцкага ўладыкі.

Асновай будучай літургічнай рэформы мусіў зрабіцца грэцкі Эўхалагіён, які быў выдадзены з дабраслаўлення папы Бенедыкта ХIV, а таксама гістарычныя багаслужбовыя выданні Кіеўскай мітраполіі канца ХVІ – пачатку ХVІІ (праваслаўныя і ўніяцкія).

На наш погляд, архіепіскап Іраклій Лісоўскі намагаўся як найбольш наблізіць уніяцкае богаслужэнне да першапачатковага гістарычнага ўзору. Пацвярджэннем гэтай гіпотэзы можа быць той факт, што вікарый архіепіскапа Туркевіч, працуючы над перакладам Эўхалагіёна Бенедыкта ХIV, свядома павяртаецца да старажытнай формы памінання царкоўнай іерархіі, прапускаючы памінанне Рымскага папы для епархіяльных архірэяў ды святароў (Папу гістарычна памінаў толькі Кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт) [9, ст.77-78]. А архімандрыт Дыянісій Чадай у 1788 г., сведчыў аб тым, што Полацкі архіепіскап загадаў трымаць Царскія Дзверы і заслону зачыненымі да прычасця вернікаў, як гэта гістарычна адбывалася ў абрадзе Кіеўскага Праваслаўя [10, ст.209]. Архіепіскап аднаўляе гістарычны звычай ужывання цеплаты і губкі падчас літургіі, забаронены Замойскім сінодам; ліквідуюцца дадатковыя прысценныя Пасады ў храмах; святарам дазваляецца правіць толькі адну літургію на дзень; сам архіепіскап апранаўся ў традыцыйным праваслаўным стылі (туніка і адчынены паладрыён з шырокімі рукавамі); дазваляе выкарыстоўваць праваслаўныя выданні Кіеўскай мітраполіі [10, ст.133-134].

Таксама, для вывучэння сапраўднага Усходняга абраду архіепіскап Іраклій Лісоўскі здзяйсняе вандроўку ў Іерусалім, пасля чаго ўводзіць у Полацкай епархіі “чысты грэцкі абрад” [11, ст. 292].

Распрацаванасць, дакладнасць фармулёвак ды навуковы падыход да літургічнай рэформы ўладыкі Іраклія Лісоўскага можна ацаніць нават па тых дакументах, якія ўжо ўведзены ў навуковы ўжытак. Напрыклад – Observationes in missam polocensem [10, ст. 371-387], дзе, пасля досыць змястоўнай прадмовы, апісваецца практычна кожная літургічная рубрыка: ад падрыхтоўчых малітваў да заключнага трапара. Можна высунуць гіпотэзу, што архіепіскап зрабіў грунтоўны параўнальны аналіз вялікай колькасці праваслаўных і ўніяцкіх выданняў, у тым ліку грэцкіх і лацінскіх старадрукаў.

Спроба ўніяцкага архіепіскапа Іраклія правесці літургічную рэформу ды павярнуць гістарычны абрад, сустрэла моцны супраціў рыма-каталіцкай іерархіі. Так, 8 чэрвеня 1785 г. папскі нунцый адправіў ліст кардыналу Антанэлі, у якім прама піша: “Існуе рэальная небяспека, што Лісоўскі мае на мэце абмежаваць адпраўленне чытанай літургіі, каб усё было аднолькава з традыцыяй грэцкіх схізматыкаў” [9, ст.38]. А спецыяльная камісія кардыналаў Кангрэгацыі Пашырэння Веры на сваёй нарадзе 18 чэрвеня 1787 г. не толькі прадпісала архіепіскапу выконваць пастановы Замойскага сінода, але ўвогуле забараніла яму на ўласны густ праводзіць абрадавую рэформу. “Калі падобная рэформа і мае быць праведзена – гаворыцца ў пастанове Кангрэгацыі, – яна мусіць праводзіцца з удзелам усіх біскупаў Кіеўскай Царквы”. Пры гэтым асобным пунктам забаранялася выкарыстанне праваслаўных Служэбнікаў, нават выдадзеных у Кіеўскай мітраполіі да уніі [9, ст.88].

Таксама, па сведчанні праваслаўнага архіепіскапа Антонія, базыльяны Полацкай епархіі адмаўляліся падпарадкоўвацца кіруючаму архірэю ў абрадавых справах і працягвалі прытрымлівацца лацінскіх практык [11, ст. 303].

Нягледзячы на супраціў рыма-каталіцкай іерархіі ды мясцовых базыльянаў, уніяцкі архіепіскап Іраклій Лісоўскі не спыняўся ў сваіх спробах правесці рэформу. Так, у 1790 г. базыльянін а. Юстын Крупяніцкі зноў скардзіўся папскаму нунцыю, што архіепіскап загадаў, каб на спеўнай літургіі дзверы і заслоны былі зачынены да Сімвала веры, падчас асвячэння, перад запрашэннем да прычасця і пасля закліку да прычасця верных [10, ст.209]. Архіяпіскап асабіста імкнецца дамагчыся ад Рыму дабраслаўлення свайго Эўхалагіёна ды ягонага выдання на беларускім ізводзе царкоўна-славянскай мовы.

Спрабуючы залучыць да рэформы як найбольш уніяцкага святарства, архіепіскап Іраклій Лісоўскі ініцыюе скліканне адпаведнага з’езду ў Варшаве, які мусіў адбыцца ў 1796 г. Але, праз змену палітычнага становішча гэтыя зборы не адбыліся [12, ст.846-852].

Фактычна да канца свайго жыцця, ужо будучы Кіеўскім уніяцкім мітрапалітам, Іраклій Лісоўскі намагаецца адрадзіць гістарычны абрад ды спыніць лацінізацыю. Ён дамагаецца ад расійскага імператара Аляксандра І “вывядзення ўніяцкіх спраў у асабліва дэпартамент рымска-каталіцкай калегіі” (1805 г.) ды заснавання Полацкай уніяцкай семінарыі (1807 г.). Аднак ён так і не дабіўся ад Рыма ды Пецярбурга дазволу на друк уласнага Служэбніка, а пасля ягонай смерці 30 жніўня 1808, справа літургічнай рэформы была канчаткова спынена.

На наш погляд, правал літургічнай рэформы ўніяцкага ўладыкі Іраклія Лісоўскага быў цалкам прадбачаны, бо, ані Рым, ані Пецярбург не былі зацікаўлены ў яе рэалізацыі. Першы спадзяваўся на канчатковы перавод беларускіх уніятаў на рыма-каталіцкі абрад, а другі – у набліжэнні ўніяцкага абраду да расійскага сінадальнага з наступным далучэннем былых уніятаў да Расійскай Праваслаўнай Царквы. Фактычна, хоць кожны і па-свойму, абодва бакі прагнулі ліквідацыі ўніяцтва.

Наступнікі мітрапаліта Іраклія Лісоўскага пайшлі менавіта “расійскім” шляхам. У 1834 годзе на з’ездзе уніяцкіх іерархаў у Пецярбургу, што праходзіў дзеля “аднаўлення праваслаўнага богаслужэння ў уніяцкіх цэрквах”, Служэбнікі РПЦ былі ўведзены як абавязковыя для ўсіх уніяцкіх епархій у межах Расійскай імперыі [13, ст. 21].

Што датычыцца асобы самога мітрапаліта Іраклія Лісоўскага, дык ягоная памяць і праца апынулася ў трагічным становішчы: каталіцкія гісторыкі бачылі ў ім “прыхільніка схізматыкаў ды русіфікатара”, а расійскія праваслаўныя – “мясцовага сепаратыста ды абаронца ўніяцтва”. Ягоная творчая спадчына застаецца мала вывучанай ды практычна невядомай беларускім гісторыкам, але мы маем надзею, што беларускія літургісты нададуць ёй належную ўвагу.

Спасылкі

1. Лукьяненко В.И. Каталог белорусских изданий кириличного шрифта XVI-XVII вв. В.1. (1601-1654). Л., 1975 г.

2. Муркос Г. Путешествие антиохийского патриарха Макария в Россию в половине XVII века. // Чтения в императорском обществе истории и древностей Российских при Московском университете. М.,1897 г., № 4

3. Visitationes Monasteriorum OSBM Provinciae Lituanae ad anno 1784 ad annum 1788 per Reverendissimum Patrem Porphyrium Skarbek Wazynski Provincialem expeditae. Österreichische Nationalbibiothek. Handschriftensammlung, Codices Latini – Series Nova, №2798

4. Археографический сборник документов, относящихся к истории северо-западной Руси. Т.12, Вильня, 1900 г.

5. Zochowsci C. Colloquium Lubelskie miedzy… Lwow, 1680 r.

6. Щурат В. В оборонв Потієвої Унії. Львів, 1926 р.

7. Ваврик М. До історії служебника в Укр. Кат. Церкві в 2-ій пол 17 ст. // Analekta Ordinis Sancti Basilii magni № 16 (1979) ст. 98-142.

8. Литургиа… Вильно, 1691 г.

9. Solovij M. De reformatione liturgica Heraclii Lisowskyj archiepiscopi Polocensis (1784-1809). Romae, 1950.

10. Гуцуляк Л.Д. Божественна літургія Йоанна Золотоустого в Київській митрополії після унії з Римом (період 1596-1839). Львів., 2004.

11. Архиепископ Антоний. О Греко-унитской Церкви в западном крае. Б.м.\б.г. нумерацыя ст. 279-342

12. Harasiewicz M. Annales Ecclesiae Ruthenae. Leopoli, 1862

13. Ольховский Г. О богослужении во время унии в Холмском кафедральном соборе (1596 — 1875). Варшава, 1900.

прат. Сяргей Горбік

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі