З’езд беларускага каталіцкага духавенства 24-25 траўня 1917 года ў Менску

10._arkhikafedralny_kascel

Ужо цягам некалькіх тыдняў пасля пераходу ўлады да Часовага ураду і ўсталявання ў Расеі дэмакратычнай рэспублікі кіраўнікі пецярбурскай супольнасці стварылі арганізацыйны камітэт З’езду беларускага каталіцкага духавенства, які прадбачліва вырашылі праводзіць у Менску. Менск, на той момант прыфрантавы губернскі горад, укрыжаваны паміж занятай немцамі Вільняй і запруджаным расейскімі войскамі Магілёвам, стаўся ідэальнай пляцоўкай для пачатку беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху.

У арганізацыйны камітэт З’езду ўвайшлі Люцыян Хвецька, Вінцэнт Гадлеўскі, Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Францішак Будзька і Андрэй Цікота.

На З’езд, які адчыніўся раніцай 24 траўня 1917 году ў Менскім катэдральным касцёле, прыбыло каля 30 святароў, пераважна з Усходняй Беларусі і Петраграду.

Парадак першага дня З’езду ўлучаў даклады арганізатараў і стварэнне камісіяў. Ксёндз Адам Станкевіч падае поўную праграму гэтага гістарычнага паседжання:

І. Даклады.

1. Беларускі рух і яго адносіны да жыцця касцёльнага, а такжа да акцыі каталіцкай у Беларусі. Рэферэнт Адам Станкевіч.

2. Акцыя палітычна-народная каталіцкага духавенства на Беларусі ў нашых часах. Стварэнне каталіцкай партыі. Рэферэнт ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.

3. Акцыя духавенства грамадска-эканамічная. Рэферэнт ксёндз Вінцэнт Гарасімовіч.

4. Акцыя прасветная. Рэферэнт ксёндз Фабіян Абрантовіч.

5. Акцыя выдавецкая. Рэферэнт ксёндз Люцыян Хвецька.

ІІ. Выбар пяці камісіяў: жыцця касцельнага, палітычна-арганізацыйнага, школьнай, грамадска-эканамічнай, выдавецкай.

Як бачым, першы з’езд беларускай хрысціянскай дэмакратыі выявіў і ключавыя кірункі развіцця хадэцыі, і адначасова вызначыў лідараў, якія павядуць за сабой БХД. Галоўнымі рашэннямі З’езду былі:

1. Патрабаванне шырокай аўтаноміі Беларусі ў Расейскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспубліцы.

2. Навучанне ў школах па-беларуску.

3. Увядзенне памалу ў касцёлах казанняў і дадатковых набажэнстваў у беларускай мове.

4. Выдаваць уласную беларускую газету.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

 

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі