«У свеце было чатыры найпрыгажэйшыя жанчыны…»

Рут Маркус (Тэль-Авіў)

Гэты артыкул быў напісаны мной падчас габрэйскага свята «Пурым», якое адзначалася ў 2017 годзе 13 сакавіка (у адпаведнасці з габрэйскім календаром). Пра «Пурым» распавядаецца ў біблейскай кнізе «Скрутак Эстэр» (якая называецца на іўрыце «Мегілат Эстэр»). Згодна з «Мегілат Эстэр», «злы Аман», які быў галоўным дарадцам цара Ахашвероша (Артаксеркса), задумаў забіць усіх габрэяў ва ўсёй Персідскай імперыі. Аднак планы Амана былі сарваныя габрэем Мардахэем і яго стрыечнай сястрой (якая была яго прыёмнай дачкой) – Эстэр.

Згодна з іх планам, Эстэр стала жонкай цара і габрэйскай царыцай Персіі. Свята Пурым адзначае выратаванне габрэйскага народа ад «злога Амана» і ўсіх тых, хто калі-небудзь планаваў забіць габрэяў. Пурым – гэта свята, якое адзначаецца ў духу вялікай радасці. Звыкла на свята апранаюцца ў спецыяльныя касцюмы для таго, каб кожны выглядаў, як хтосьці іншы. Я памятаю, што ў дзяцінстве ў Тэль-Авіве дзяўчатам падабалася апранацца як каралева Эстэр у каралеўскую вопратку з каронай на галаве. Згодна з «Мегілат Эстэр», «дзяўчына гэтая была прыгожая станам і прыгожая тварам» (Эстэр 2:7)

Пры пошуку ў інтэрнэце для «Queen Esther» я знайшла крыніцу, у якой сцвярджалася, што згодна з рабінскай літаратурай «Талмуда»: «У свеце было чатыры найпрыгажэйшыя жанчыны: Сара, Рааў, Авігея, Эстэр» (Вавілонскі Талмуд, Мегіла 15а). Я не ведала гэтага раней, і я была здзіўленая, што Рааў была ўключана ў гэты спіс. Затым я шукала біблейскія вершы аб прыгажосці трох іншых жанчын Сары, Рааў і Авігеі. Ніжэй прыведзены адпаведныя біблейскія вершы:

(І) Згодна з біблейскай гісторыяй (Быццё 12), Абрам і яго жонка Сара (іх імёны пасля былі змененыя на Абрагама і Сарру) адправіліся ў Егіпет з-за голаду ў Ханаане. Калі яны збіраліся ўвайсці ў Егіпет, Абрам сказаў сваёй жонцы Сары: «я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду…». (Быццё 12:11) Абрам даручыў сваёй жонцы сказаць людзям у Егіпце, што яна яго сястра, а не яго жонка, таму што ён баяўся, што ў Егіпце яго могуць забіць, каб забраць Сару сабе ў жонкі. «І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына вельмі прыгожая…» (Быццё 12:14) У Егіпце прыгажосць Сары прыцягнула ўвагу фараона, кіраўніка краіны. Сара патрапіла ў дом фараона, і многія дары былі дадзены Абраму (Быццё 12:16).

(ІІ) Біблейская гісторыя Давіда, Навала і Авігеі апісана ў Першай кнізе Самуіла. Згодна з біблейскай гісторыяй: «Імя чалавека таго — Навал, а імя яго жонкі — Авігея. Гэтая жанчына была вельмі разумная і прыгожая з твару, а ён — чалавек жорсткі і ліхі норавам; ён быў з роду Халева» (Першая Самуіла 25:3). Пасля смерці Навала Авігея стала жонкай Давіда (Першая Самуіла 25:42).

(ІІІ) У біблейскай гісторыі пра Рааў і габрэйскіх шпіёнаў і пра яе дапамогу ізраільцянам у захопе гораду Ерыхон няма згадкі пра прыгажосць Рааў (Ісус Навін 2: 1-6:25).

У рабінскай літаратуры некалькі іншых рабінаў вызначылі наступных чатырох біблейскіх жанчын, якія былі вядомыя сваёй найвышэйшай прывабнасцю: Рааў, Яіль, Авігея і Міхаль, дачка Саўла. Гэтыя рабіны сцвярджалі, што Рааў натхняла прагу нават сваім імем. Любы, хто згадваў яе імя, сказаўшы: «Рааў, Рааў», адразу ж жадаў яе. Яіль валодала незвычайна прывабным голасам, які выклікаў пажаданне яе.

Толькі ўспамін аб Авігеі выклікаў пажаданне. Нават той, хто думаў пра Авігею, жадаў яе. Нарэшце, дачка Саўла Міхаль пераўзыходзіла ўсіх вонкавым выглядам. Варта згадаць, што ў біблейскай гісторыі, як Яіль забіла Сісору, камандуючага ханаанскай арміяй цара Явіна з Асора, няма згадкі аб яе прыгажосці (Суддзі 4: 17-24, 5: 24-28). У біблейскай гісторыі Міхаль, малодшай дачкі цара Саўла і першай жонкі цара Давіда, таксама няма згадкі аб прыгажосці Міхаль (1-я Самуіла 18: 18-29, 19: 11-17).

Мне стала цікава даведацца, ці былі выдадзеныя паштовыя маркі, прысвечаныя чатыром самым прыгожым жанчынам у свеце. Я ведала, што былі выдадзеныя ізраільскай поштай маркі, прысвечаныя Сары і царыцы Эстэр. Аднак мне было цікава даведацца, ці былі выдадзены якія-небудзь маркі, прысвечаныя прыгожым біблейскім жанчынам (у адпаведнасці з рабінскай літаратурай) і ў іншых краінах. Я адправіла электронны ліст майму сябру Лявону Карповічу, які жыве ў Лунна. Лявон – дасведчаны калекцыянер паштовых марак. Ён арганізоўваў выставы па розных тэмах, у тым ліку «біблейскія паштовыя маркі», якія выпускаліся ў розных краінах свету (Заўвага 1). Лявон Карповіч адклікнуўся на мой запыт і надаслаў мне апавяданне пра паштовыя маркі, прысвечаныя найпрыгажэйшым жанчынам Бібліі.

Заўвага 1: “Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасці”, Лявон Карповіч, Луна (Беларусь), 2017.

Паштовыя маркі, прысвечаныя найпрыгажэйшым жанчынам Бібліі.

Лявон Карповіч (Луна – Воля)

Кірыл Андэрсан кнігу «Біблейскія легенды» папярэднічае словамі:

«Не засталося ніводнага імя, ні адзінай падзеі, згаданай у Бібліі, якое не было б шматкроць перакладзена на мову паэзіі, музыкі, фарбаў і філасофіі. Аднак прыходзіць наступнае пакаленне і выяўляе скарбы Бібліі ніколькі не збяднелымі і кожны раз адкрывае іх для сябе наноў, быццам гэта не адна і тая ж кніга, а велізарная, бясконцая бібліятэка».

Вобразы самых прыгожых у свеце біблейскіх жанчын многія стагоддзі натхнялі служыцеляў мастацтваў. Так, Эстэр прысвячалі свае палотны мастакі італьянскага Адраджэння Батычэлі, Мантэння і Цінтарэта. Яе пісалі Рубенс і Рэмбрант, ёй прысвяціў сваю араторыю Гендаль, а вялікі французскі драматург Расін напісаў трагедыю «Эстэр». Гэтак жа Ёган (Яган) Готфрыд Грэгары напісаў і паставіў п’есу для рускага тэатра: “Артаксерксава дзейства”. Па матывах біблейскай гісторыі пра Эстэр было знята прыкладна паўтара дзясятка фільмаў, сярод якіх:

1960 — «Эстэр і цар», рэжысёра Рауль Уолш

1986 — «Эстэр», ізраільскага кінарэжысёра Амоса Гітая

1993 — «Эстэр», мультфільм

1999 — «Біблейская калекцыя: Эстэр Цудоўная»

2006 — Адна ноч з каралём

У гонар Эстэр названы астэроід (622) Эстэр, адкрыты ў 1906 годзе.

Гэтыя і іншыя мастацкія творы апісаныя ў многіх працах навукоўцаў і аматараў прыгожага. Але знайшлася белая плямка: ці звярнулі ўвагу на самых прыгожых жанчын у свеце філатэлія? Адказ на гэта пытанне займае не вельмі многа месца, якраз падыходзіць для невялікага артыкула.

У 1979 годзе пошта Ізраілю выпусціла маляўнічы паштовы блок з трыма маркамі, прысвечанымі святу Пурым і паасобна кожную марку. Малюнак на першай марцы заснаваны на словах з Кнігі Эстэр: «І было ў дні Артаксеркса, – гэты Артаксеркс валадарыў над ста дваццаццю сямю вобласцямі ад Індыі і да Эфіопіі, у той час, як цар Артаксеркс заступіў на царскі трон свой, што ў Сузах, горадзе сталічным, на трэцім годзе свайго валадарання ён зладзіў гасціну ўсім князям сваім і тым, што служылі пры ім, галоўным начальнікам войска Персідскага і Мідыйскага і кіраўнікам вобласцяў сваіх…» (Эстэр 1:1-3).

1 Purim 1976

Музыканты спяваюць серэнаду цара Артаксеркса.

На прывесцы маркі надпіс: “у дні Артаксеркса” (Эстэр 1:1)

Малюнак на другой марцы заснаваны на словах з Кнігі Эстэр: “І ўзялі Эстэр да цара Артаксеркса, у царскі дом ягоны, на дзясятым месяцы, гэта значыць, у месяцы Тэбэце, на сёмым годзе яго валадарання. І пакахаў цар Эстэр больш за ўсіх жонак, і яна здабыла ягонае ўпадабанне і прыхільнасць больш за ўсіх дзяўчат; і ён паклаў царскі вянок на галаву яе і зрабіў яе царыцаю замест Астынь” (Эстэр 2:16,17).

2

На прывесцы маркі надпіс: “і ён паклаў царскі вянок на галаву яе” (Эстэр 2:17)

Малюнак на трэцяй марцы заснаваны на словах з Кнігі Эстэр: “І ўзяў Аман вопратку і каня і апрануў Мардахэя, і вывеў яго на кані на гарадскі пляц і абвясціў перад ім: так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю!” (Эстэр 6:11)

3

На прывесцы маркі надпіс:  “так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю!” (Эстэр 6:11)

У 2007 годзе пошта Ізраілю выпусціла серыю паштовых марак “Жанчыны ў Бібліі”. Марка пад нумарам 1914 прысвечана Эстэр. Малюнак на марцы заснаваны на словах з Кнігі Эстэр: “ідзі, збяры ўсіх Юдэяў, якія ў Сузах, і пасцецеся дзеля мяне, і ня ежце і ня пеце тры дні ні ўдзень, ні ўначы, і я з служанкамі маімі буду таксама пасціцца і потым пайду да цара, хоць гэта супроць закона, і калі загіну — загіну” (Эстэр 4:16).

Гэта самы трагічны момант, калі вырашаецца лёс як самой Эстэр, так і ўсяго ізраільскага народу. Усё вырашыць адзін рух цара…

4 Esther 2007

На прывесцы маркі надпіс: “і калі загіну — загіну” (Эстэр 4:16).

Пошта Экватарыяльнай Гвінеі ў 1973 годзе выпусціла марку, а пошта краіны Сент-Вінсент і Грэнадзіны ў 1993 годзе – блок з рэпрадукцыяй карціны Тэадора Шасэрыё “Туалет Эстэр” (фр. La toilette d’en Esther).

5 1993

У цяперашні час карціна знаходзіцца ў 63-й зале на другім паверсе галерэі Сюлі ў Луўры.

“Калі абвешчаны быў загад цара і ўказ ягоны, і калі сабраныя былі многія дзяўчаты ў сталічны горад Сузы пад нагляд Гегая, тады ўзялі і Эстэр у царскі дом пад нагляд Гегая, ахоўцы жонак.

І спадабалася гэтая дзяўчына вачам ягоным і здабыла ў яго ўпадабанне, і ён паспяшаўся выдаць ёй масці і ўсё, назначанае ёй, і прыставіў да яе сем дзяўчат, вартых быць пры ёй, з дома царскага, і перамясціў яе і дзяўчат у лепшае аддзяленне жаночага дома” (Эстэр 2:8,9).

Убачыўшы Эстэр, Артаксеркс выбірае яе ў жонкі.

Другая версія падзей выкладзена ў кнізе рымска-іўдзейскага гісторыка Іосіфа Флавія. Згодна з гэтай версіяй, Эстэр – зусім не гераіня, гэта слабая, нясмелая жанчына, якая ўвайшла ў залу, дзе на троне, ва ўсім бляску параднага царскага ўбору, сядзеў цар і глядзеў на яе раздражнёна і гнеўна. Ад жаху Эстэр страціла прытомнасць і ўпала на рукі жанчын, якія суправаджалі яе.

6

Эстэр перад Артаксерксам. Мастак Нікаля Пусэн (1655)

Гэты момант таксама адлюстраваў на сваёй карціне “Эстэр і Артаксеркс” Пітэр Паўль Рубенс для Езуіцкай царквы Св. Карла Барамеа ў Антверпене.

7 Esther before Ahasuerus

На шчасце, цар занепакоіўся тым, што з ёй адбылося, спусціўся з трона, заключыў яе ў абдымкі і сказаў, што няма вялікай бяды ў тым, што яна прыйшла да яго нязванай. У канцы цар таксама просіць Эстэр выказаць сваю просьбу і абяцае гэтую просьбу выканаць, нават калі яна папросіць палавіну царства.

Рэмбрант выбірае кульмінацыйны момант драмы, калі Эстэр паведамляе сваю просьбу. Эстэр толькі што скончыла гаварыць. У поўнай напрузе яна сядзіць, апусціўшы рукі. Словы яе ўразілі цара, ён глыбока задумаўся над падступствам таго чалавека, якому давяраў. Гнеў спее ў душы цара, ён шчыльна сціскае вусны, энергічна трымае скіпетр, якім адхіляе Амана. Той стаіўся, седзячы на краі стала. Яго гульня ўжо прайграна, галава апушчана, вочы заплюшчаныя і ён здранцвела трымаецца за ножку чары. Самая яркая пляма ў карціне – Эстэр. Яна ўбрана ў ружовае і залатое, у зіхатлівы, бліскучы каштоўны плашч. Яна прыгожая, яна – царыца, хоць майстар зусім не выпісвае дэталі яе асобы, адзенне, упрыгожанні. Далей – Артаксеркс. Ён паказаны, быццам у святле Эстэр. Самая цёмная пляма на палатне – Аман. Ён згорбіўся і сцяўся і здаецца самай маленькай фігурай на палатне. І састарыўся за адну хвіліну.

З выявай гэтай карціны і партрэтам Рэмбранта ў 1976 годзе пошта СССР выпусціла прыгожы паштовы блок.

8 1976 USSR Esther

Артаксеркс, Аман і Эстэр. Мастак Рэмбрант Харменс ван Рэйн (1660г.)

Для ліста асабістых паштовых марак, якія прысвечаныя Бібліі, заказчык выбраў карціну Эдвіна Лонга (1829-1891) «Царыца Эстэр». 1878 г. Нацыянальная галерэя Вікторыі, Мельбурн (National Gallery of Victoria, Melbourne).

9

Першая паштовая марка, прысвечаная Сары, была выпушчана ў 1972 годзе поштай Ізраіля ў серыі “Ізраільскае мастацтва”. На марцы рэпрадукцыя карціны Абеля Пана “Сара”.

Пан, напэўна, чэрпаў сваё натхненне, працуючы над вобразам Сары, з урыўка ў Кнізе Быцця: “сказаў Сары, жонцы сваёй: вось цяпер, я ведаю, што ты жанчына прыгожая з выгляду”.

Але поўнае ўяўленне аб прыгажосці Сары дае фрагмент з знойдзеных у Кумране «Апокрыфаў Кнігі Быцця», названых у навуковай літаратуры «Генезіс Апокрыфон»:

«Цудоўны выгляд яе твару і як тонкія валасы яе галавы, як прыгожыя яе вочы, і як прыгожы яе нос, і ўвесь бляск яе твару… якія прыгожыя яе грудзі і як цудоўная яе бель. Рукі яе прыгожыя, і кісці яе як дасканалыя… Якія вытанчаныя яе далоні. І якія доўгія і тонкія … пальцы яе рук. Як прыгожыя яе ногі і дасканалыя яе галёнкі… І пры ўсёй яе прыгажосці ў ёй таксама шмат мудрасці».

10. 1972 Sarah

Абель Пан – габрэйскі мастак, які правёў большую частку свайго дарослага жыцця ў Ерусаліме. Нарадзіўся ў Латвіі. Вывучаў мастацтва ў Адэсе, пераехаў у Парыж у 1904 годзе і працягнуў вучобу ў акадэміі “Grand Chaumiere”. Большую частку свайго жыцця Пан падарожнічаў. Жыццё працякала паміж Расеяй, Польшчай, Парыжам, Егіптам і Ізраілем. Абель Пан лічыцца адным з заснавальнікаў ізраільскага мастацтва жывапісу. Калі Пан прыехаў у Ізраіль у 1913 годзе, ён вырашыў не пакідаць яго і прысвяціць сябе маляванню біблейскіх карцін, якія лічацца асновай яго творчасці.

Яшчэ двойчы пошта Ізраіля друкавала маркі з Сарай.

У 1977 годзе ў серыі “Чатыры прамаці”. На марцы малюнак, які адпавядае Біблейскай гісторыі, калі Сарру і Абрагама наведалі тры анёлы, каб паведаміць ім, што яна народзіць сына.

11. Sarah 1977

У 2013 годзе пошта Ізраілю сумесна з поштай Уругваю з нагоды 65-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Уругваем і Ізраілем выпусціла марку з рэпрадукцыяй карціны Хасэ Гурвіча “Дабравешчанне Сарры”. Малюнак адлюстроўвае тую самую Біблейскую гісторыю. Абрагам і Сарра ўжо пачулі ад Анёлаў радасную навіну аб нараджэнні сына і пяшчотна абнімаюць адзін аднаго. Анёлы за сталом спажываюць шчодры пачастунак ад Абрагама і Сарры.

12 Sarah 2016

Хасэ Гурвіч нарадзіўся ў Літве ў маленькім мястэчку Езнас недалёка ад Вільні 5 студзеня 1927. У 1932 годзе ён з’ехаў са сваёй маці і сястрой у Монтэвідэа, Уругвай, каб далучыцца да бацькі. Хасэ Гурвіч наведваў Ізраіль у 1964/65 і 1969/70.

У апошняй паездцы ў Ізраіль у 1969/70 Гурвіч выпусціў серыю біблейскіх твораў у гонар сваёй маці, якая была хворая на рак. Праца “Дабравешчанне Сарры” адна з гэтай серыі.

Хасэ Гурвіч нарадзіўся ў Літве, вырас у Уругваі, памёр у ЗША і пахаваны ў Ізраілі, што робіць яго сапраўды ўніверсальным чалавекам.

У 1990 годзе пошта Ватыкану прысвяціла падзеі наведвання Абрагама і Сарры Богам паштовы блок. На блоку мазаікі з Базілікі Санта Марыя Маджорэ “З’ява Абрагаму трох анёлаў і Гасціннасць Абрагама”, 432-440 гг. Рым, Італія (Аўтар невядомы).

13.1990 Vatican Sarah

Мазаіка верхняя адпавядае біблейскаму тэксту: “Ён узвёў вочы свае і зірнуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. Угледзеўшы, ён пабег насустрач ім ад уваходу ў намёт і пакланіўся да зямлі…” (Быццё 18:2) Злева ў ніжнім рэгістры Абрагам і Сарра выпякаць баханкі хлеба для наведвальнікаў. Справа, ён прыносіць ім смажанае цяля.

Ля ног трох наведвальнікаў пад сталом збан з вадой, каб яны маглі абмыць ім ногі.

У 1996 годзе пошта Італіі выпусціла ў зварот паштовую марку, прысвечаную “300-годдзю з дня нараджэння Джавані Батыста Цьепала. На марцы рэпрадукцыя карціны Цьепала “Сара і Анёл”.

14. Sarah 1996 Italy

Гэта адна з фрэсак на Біблейскія тэмы, напісаных Цьепала ў архіепіскапскім палацы ў Удына. Цьепала (у поўнай адпаведнасці з тэкстам Бібліі) адлюстраваў на твары Сарры здзіўленне, радасць і ў той жа час – недавер. Старая, бяззубая Сара ў цудоўнай вопратцы XVI ст. сустракае пышна апранутага анёла.

Апошнім часам у гісторыі філатэліі з’явілася новая паслуга. У многіх краінах, у тым ліку ў Ізраілі, можна замовіць асабістыя паштовыя маркі. Адзін з ізраільскіх філатэлістаў такім чынам заказаў мноства асабістых паштовых марак, якія прысвечаны Бібліі. На адным марачным лісце ў якасці вобраза Сары заказчык выбраў раджпуцкую мініяцюру, сусветна вядомую форму індыйскага жывапісу.

15

“І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою. Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе” (Быцьцё 16:5,6).

У карціне «Сыход Агары з дому Абрагама» адлюстравана гэтая Біблейская падзея.

16 2003 ________ _____

Блок пошты краіны Грэнада Грэнадыны (2003 г.) з рэпрадукцыяй карціны Пітэра Паўля Рубенса.

“Сыход Агары з дому Абрагама” (С-Пецярбург, Эрмітаж)

На карціне фігура абуранай Сарры і выглядаючага з-за яе пляча збянтэжанага і спалоханага Абрагама. Сцэна працятая духам высакароднага спакою і пакоры, з якім Агар выслухоўвае папрокі Сарры, жонкі Абрагама, і пакідае дом першасвятара.

Агар уцякла ў пустыню. Анёл Гасподні загадвае ёй вярнуцца, абяцаючы, што ў яе народзіцца ваяўнічы сын Ізмаіл; гэта абяцанне спраўджваецца.

На другім лісце – ілюстрацыя з Бібліі Нікаласа, дзе намалявана ўся сям’я Абрагама яшчэ да наступнага выгнання Агар і Ізмаіла з дому Абрагама.

17

“Агар нарадзіла Абраму сына; і назваў імя сыну свайму, народжанаму ад Агары: Ізмаіл. Абраму было восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Абраму Ізмаіла” (Быцьцё 16:14,15).

Імя Авігея (Abigail) мае габрэйскае паходжанне, у перакладзе азначае «радасць для бацькі» ці «мой бацька – радасць»

Удалося знайсці толькі адну паштовую марку, прысвечаную Авігеі. Яе выпусціла пошта краіны Грэнада Грэнадыны ў 1991годзе з нагоды 350-годдзя смерці Пітэра Паўля Рубенса. На марцы рэпрадукцыя яго карціны “Сустрэча Давіда і Авігеі”. Карціна напісана ў адпаведнасці з наступным тэкстам Бібліі: “Тады Авігея паспешліва ўзяла дзвесце хлябоў і два мяхі з віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў…” (Першая Самуіла 25:18).

“Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык паспяшалася сысці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі; і ўпала да ног ягоных і сказала: на мне грэх, гаспадару мой; дазволь рабыні тваёй гаварыць у вушы твае і паслухай слоў рабыні тваёй. Няхай гаспадар мой не зважае на гэтага ліхога чалавека, на Навала; бо якое імя ў яго, такі і ён. Навал — імя яго, і вар’яцтва ягонае з ім. А я, рабыня твая, ня бачыла слуг гаспадара майго, якіх ты прыслаў. І сёння, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёння хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламыснікі гаспадара майго. Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму. Даруй віну рабыні тваёй;” (Першая Самуіла 25:23-28).

І на вялікі жаль не знайшлося ні адной паштовай маркі , прысвечанай Рааў… Але паштовыя маркі выдаюцца штодзённа ва ўсіх незалежных краінах. І няма сумневу, што будуць выдадзены маркі, прысвечаныя Рааў і Авігеі…

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі