ХДЗБ у Менску. Размежаванне з польскай хадэцыяй

Miensk,_Vysoki_Rynak._Менск,_Высокі_Рынак_(24.05.1918)

Вайна заканчвалася; большасць беларусаў вярталася дахаты. 25 лютага 1918 года Менск занялі немцы.

Напачатку ў Менску хрысціянская дэмакратыя мела польска-беларускі характар, і, нягледзячы на тое, што палякі складалі ў ёй меншасць, называлі яе Польскай хадэцыяй.

5 верасня 1918 года на ініцыятыву ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, які служыў вікарыем у Катэдры, менскія хадэкі пастанавілі арганізаваць самастойную ХДЗ. Магчыма, гэта было адной з прычынаў, дзеля якіх касцёльная улада ўжо 8 верасня перавяла Гадлеўскага ў Нясвіж – але праз некалькі тыдняў у Менск прыбыў Фабіян Абрантовіч, прызначаны рэктарам Менскай каталіцкай духоўнай семінарыі, і пераняў кіраўніцтва хадэцыяй.

На той момант у Менску існавалі тры вялікія суполкі ХДЗБ: Катэдральная, якая аб’ядноўвала 500 чалавек, і яшчэ дзве (праўдападобна, Чырвонага касцёла і Траецкая), у кожнай з якіх налічвалася да 80 актывістаў (“Крыніца” 1918, №3).

Пашырэнне Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці па Беларусі, 1917-1919

Улетку 1917 года, падчас аб’езду той часткі Віленскай дыяцэзіі, якая заставалася ў складзе Расеі, на ўсход ад лініі фронту, біскуп Эдвард Роп дазволіў казаць у касцёлах беларускія казанні – і заахвоціў стварэнне хрысціянска-дэмакратычных гурткоў пры парафіях. Відавочна, БХДЗ у вачох біскупа было працягам ягонай справы ў Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Беларускія ж ксяндзы, якія і дамагаліся дазволу, неадкладна пачалі працу.

Першай суполкай БХДЗ у глыбінцы быў гурток у Дзісне, закладзены ўлетку 1917 года ксяндзом Вінцэнтам Ташкуном. Тады ж ксёндз Адам Станкевіч заснаваў гурток у Друі: сустрэчы адбываліся штонядзелі і штосвята ў кляштарных мурах. Неўзабаве ў выніку працы Станкевіча ўзніклі гурткі ў Іказні (сучасны Браслаўскі раён) і Барадзенічах (Мёрскі раён), якія вёў ксёндз Віктар Шутовіч. Нарэшце, вялікі асяродак БХД склаўся ў Шаркаўшчыне пад кіраўніцтвам ксяндза Міхаіла Пятроўскага.

6-7 жніўня 1918 года ў Германавічах тагачаснага Дзісенскага павету (сёння Шаркаўшчынскі раён) прайшоў з’езд дэканальнага касцёльнага кліру, дзе была прынятая пастанова спрыяць дзейнасці Хрысціянскай дэмакратыі і развіваць у краі беларускае школьніцтва.

Такім чынам, усходняя Віленшчына, з воссю дарогі з Вільні на Полацк, сталася сапраўдным хрыбтом хрысціянскай дэмакратыі, прычым у народнай тоўшчы, на вёсцы. Якраз адсюль БХДЗ пачала пашырацца на ўсход, захад і поўдзень.

У 1919 годзе БХДЗ пашырыла свой уплыў на Ашмяншчыну, дзе пачаў плённа працаваць пробашч у Барунах Міхаіл Пятроўскі. На Гарадзеншчыне ў 1919-1920 гадах разгарнуў хадэцкі рух Язэп Германовіч (Ваўкавыскі павет). На Берасцейшчыне (Шарашова і Вялікае сяло Пружанскага павету) ідэі БХД распаўсюджваў ксёндз Францішак Рамэйка. У ваколіцах Вільні плённа працавалі Ян Пазняк (Лаварышкі) і Казімір Фалькевіч (Тургелі), на Полаччыне і Віцебшчыне (Ушачы, Ула, Бешанковічы) – ксёндз Язэп Барадзюля.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

Працяг будзе

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі