Ватыканскі аналітык: Выхад Трампа з Парыжскага пагаднення можа мець наступствам новы сусветны парадак

Трамп
Ватыканскі публіцыст, гісторык філасофіі і думкі Рымскага ўніверсітэта “La Sapienza” Лука Пасаці, каментуючы выхад ЗША з Парыжскага пагаднення аб кліматычных зменах, абвешчаны 3 чэрвеня, кажа, што нельга сцвярджаць, што гэты крок прэзідэнта Дональда Трампа “уяўляе сабой сур’ёзную рызыку, але, з іншага боку, ён можа стаць магчымасцю для ўсяго свету”.

У сваім публіцыстычным тэксце “Рызыка і магчымасць” у ватыканскім выданні “L’Osservatore Romano” аўтар задаецца пытаннем: якія наступствы можа мець гэты крок. “Трамп ніколі не хаваў, што не верыць у глабальнае пацяпленне і навуковыя доказы таго, што змяненне клімату можа быць звязана з дзейнасцю чалавека. Цікава, што гэтая стратэгія не знаходзіць доказаў у гаспадарчых інтарэсах, таму што такія гіганты, як “Exxon”, “DuPont”, “Shell”, “BP” ужо шмат гадоў інвестуюць у распрацоўку аднаўляльных крыніц энергіі, і запавольванне адыходу ад выкарыстання вугалю стане неспрыяльным для іх”, – лічыць аўтар, паведамляе Ватыканскае Радыё.

Праблема, на думку Пасаці, палягае ў тым, што “ў сваім фундаментальным выбары Трамп не слухае лобі. Ён глядзіць на сваю ўласную базу: шахцёраў з штатаў Заходняя Вірджынія і Кентукі або на рабочых з Пенсільваніі, якіх закрануў крызіс і якія чакаюць сігналу разрыву з ліберальным істэблішментам. Для іх выхад з Парыжскага пагаднення азначае захаванне працоўных месцаў”.

На думку ватыканскага аналітыка, “у дадзены момант можа адрадзіцца цікавасць да справаў клімату з боку саюзу двух рэальнасцяў, якія шукаюць цяпер новай ідэнтычнасці: Еўропы пасля “Brexit” і Кітаю Сі Цзіньпіна. Калі першая возьме свой лёс ва ўласныя рукі, не аглядаючыся на саюзнікаў з-за Атлантыкі, то другі можа паказаць сябе свету ў якасці энтузіяста дапушчальнай глабалізацыі, “вялікай адказнай краіны”, бо гульня ідзе за новы сусветны парадак”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі