У Канадзе ўшанавалі памяць Мітрапаліта Мікалая — першаіерарха БАПЦ

100_5-so46m

28 траўня ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры Таронта (Канада) адбылася Ганаровая акадэмія з нагоды 100-годдзя Мітрапаліта Мікалая — першаярарха Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы у 1983—2002 гадах.

Святочны дзень пачаўся з ранішняга набажэнства ў царкве святога Кірылы Тураўскага пад кіраўніцтвам Першаярарха БАПЦ Архіяпіскапа Святаслава з удзелам айца Аўгена і епіскапа Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Уладзіміра. Набажэнства скончылася традыцыйным спяваннем духоўнага гімну беларусаў “Магутны Божа”, перадае “Наша Ніва”.

Затым пачалася галоўная частка праграмы ўрачыстасцяў — Ганаровaя Акадэмія. Ва ўступным слове старшыня галоўнай управы Згуртавання беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч зазнaчыў, што сёння беларусы аддаюць даніну пашаны чалавеку, які стаяў ля вытокаў рэлігійнага жыцця беларускай праваслаўнай грамады Канады, які быў духоўным айцом, асветнікам, перакладчыкам і дзесяцігоддзямі самаахвярна служыў людзям і Богу.

У сваім казанні пра ўладыку Мікалая архіепіскап Святаслаў узгадаў пра выклікі лёсу, што мусіў прымаць і мужна пераадольваць славуты юбіляр на сваім жыццёвым шляху. Наведванне беларускіх асяродкаў на трох кантынентах — Аўстраліі, Еўропе, Паўночнай Амерыцы, пералёты з усім неабходным для набажэнстваў адзеннем, рэгаліямі, іншымі рэчамі – гэта нават з фізічнага боку нялёгка. Уладыка Мікалай моўчкі пераўзмагаў ўсе цяжкасці і мужна ішоў наперад у сваім ахвярным служэнні Царкве, людзям, Беларусі. І пры ўсім тым пакінуў наступным пакаленьням беларусаў у спадчыну шмат напісанага, што з’яўляецца важкім здабыткам Царквы і ўсёй беларускай нацыі.

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла адзначыла, што Мітрапаліт Мікалай быў святаром, вялікім патрыётам і адданым беларусам. Яна прысутнічала на ягоных паховінах у чэрвені 2002 году і прыняла перададзены Радзе бел-чырвона-белы сцяг, які пакрываў ягоную труну. З уладыкам Мікалаем яны з мужам Янкам пазнаёміліся, калі былі ўжо ў Канадзе. Адведваў ён іх у Атаве на Вадохрышча, свяціў іхні дом і ў іх начаваў. Тады яны мелі нагоду шмат пра што пагутарыць. Быў гэта чалавек лагодны, сціплы і працавіты. Ён добра ведаў, ідучы вучыцца на святара, што матэрыяльна жыццё яго будзе цяжкім. Але верыў у Бога і ў людзей і ніколі не траціў надзеі. Быў Уладыка моцна перакананы, што вера ў Беларусі мусіць быць беларускай, і таму моцна бараніў аўтакефалію. Верыў, што прыйдзе час, калі Беларуская праваслаўная царква адыдзе ад Масквы.

Заснавальніца канадыйскае дызайнерскае Кампаніі ”Spіrіt of Belarus” Ірына Варабей падзялілася асабістымі ўспамінамі і зачытала колькі момантаў са сваіх нататкаў для кнігі пра уладыку. ”Я хіба да апошняга ягонага дня не ўсведамляла, які вялікі пост ён займае. Праўда. Як мне, дык бліжэй ён быў як манах. Як чалавек, чыім пострыгам і абетам стала вера ў маю Беларусь. Святую, далёкую, як Бог, да канца мо й не спазнаную, але навек любімую. А калі некага па-сапраўднаму любіш — то яму й служыш”, – адзначыла яна.

“Мне больш быў цікавы гэты бок ягонага жыцця — жыцця манаха, але не ўтоенага ад людскога вока за манастырскімі мурамі. Жыць манахам сярод людзей… Не, я не бачыла, што гэта было складаным для яго. Думаю, гэта было сутнасцю ягонай місіі на гэтым свеце: спачатку ён сам, у душы, абетаваўся служэнню Беларусі — а потым, калі гэтага патрабавала служэнне, прыняў і святарства, і фармальнае манаства. Думаю, і ягоныя крокі да мітрапаліцтва былі з адзінай гэтай думкай: «…дзеля Беларусі». І Беларусь называў «святой». Пэўна, некалі ён будзе кананізаваны. Спадзяюся. Адчуваю. Такім яго ўспрымаю”, – падкрэсліла яна.

Ірына Варабей ўзгадала, што ўладыка Мікалай пакінуў ёй свае «Успаміны», якія варта б было надрукаваць асобным выданнем.

Старшыня Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады доктар Руслан Качаткоў пазначыў Уладыку Мікалая як надзвычай добрага чалавека, ад якога проста ішлі праменні цеплыні і дабрыні. Калі ён веў службу і прапаведваў, здавалася ён зазіраў у душу кожнаму, і слова Божае праз яго ўваходзіла ў іншых і як быццам матэрыялізавалася.

Старшыня Нагляднай рады Згуртавання беларусаў Канады Надзея Дробіна на працягу 5 год была побач з Уладыкам, прымаючы актыўны ўдзел у грамадска-рэлігійным жыцці беларускага асяродку ў Канадзе. Яна зачытала ўспамін доктара Раісы Жук-Грышкевіч – жонкі і сакратара старшыні Рады БНР у 1970-1982 гадах Вінцэнта Жук-Грышкевіча.

У прыватнасці Жук-Грышкевіч пісала, што ўладыка Мікалай быў заўсёды цесна звязаны з беларускім нацыянальным жыццём у Канадзе. Гэта дзякуючы яму царква святога Кірылы Тураўскага ў Таронта была, хіба, з усіх праваслаўных цэркваў самаю беларускамоўнаю. Мітрапаліт Мікалай стаўся пачаткам і кіраўніком існавання БАПЦ у Канадзе.

Алесь Кот зрабіў агляд успамінаў вядомых дзеячоў беларускага замежжа пра Мітрапаліта Мікалая. У прыватнасці ён сказаў, што пісьменнік Кастусь Акула (1925—2007), які ў 1948 годзе заснаваў Згуртаванне беларусаў Канады, узгадваў, што калі ў 1951 годзе ў Таронта завітаў да яго сціплы, ветлівы й з віду надта памяркоўны чалавек, Міхась Мацукевіч, аказалася, што ў 1946 годзе вясною яны абодва былі ў ваенным абозе Тэрсо на поўначы Шатландыі. У свой час расейцы не далі яму магчымасці навучыцца роднае мовы, давялося здабываць яе ў Канадзе. Архіепіскап Мікалай на працягу гадоў перакладаў на беларускую мову ўсё царкоўна-славянскае, неабходнае; гэткім чынам БАПЦ уводзіла беларускую мову ўва ўсіх сваіх парафіях. На сваё ўтрыманне Ўладыка Мікалай увесь час зарабляў працай на прадпрыемствах. Ён ніколі не браў грошай за службу як святар.

У сваіх успамінах доктар Янка Запруднік піша, што шмат супрацоўнічаў з Уладыкам Мікалаем у 1980-1990-х гадах, калі рэдагаваў у Нью-Ёрку газету “Беларус” і дапамагаў Уладыку ў апрацоўванні ”Службоўніка”. Апрача гэтага ведаў яго асабіста як чалавека яшчэ з часоў грамадскага жыцця ў брытанскім Лондане. Там у 1950-1951 гадах адбыліся іхныя кароткія сустрэчы-гутаркі. Яны пакінулі Запрудніку ўражанне пра ўладыку як пра асобу лагоднае натуры. Пад паверхняй спакойнае асобы ён быў глыбокаверуючым чалавекам, шчырым патрыётам Беларусі, дбайлівым духовым пастырам і самаахвярна працавітым рэлігійным дзеячом. Сваёй працаю і ў вялікай меры за свае ж асабістыя сродкі (у дадатак да сціплай дапамогі звонку) ён здолеў пакінуць трывалую спадчыну ў форме кніжных перакладаў-публікацыяў — перш-наперш ягонага фундаментальнага ”Службоўніка”. Гаворачы пра ўладыку Мікалая, Янка Запруднік падкрэсліў гістарычнае значэнне ягонай перакладніцка-выдавецкай дзейнасці, асабліва ў сёлетнім годзе, калі разам са 100-годдзем нараджэння Ўладыкі Мікалая, адзначаецца 500-годдзе выхаду Бібліі Францыска Скарыны.

Свае ўспаміны адмыслова да ўрачыстасцяў у Таронта даслаў дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (ЗША) доктар Вітаўт Кіпель. Узгадваючы постаць Мітрапаліта Мікалая як навукоўца ён зазначыў, што Міхась Мацукевіч шмат працаваў у Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы, працуючы над кнігаю пра Моталь, даследуючы лёсы людзей — выхадцаў з Моталю, іх сувязі з родным мястэчкам. Пры гэтым меў стасункі з рознымі дэпартаментамі бібліятэкі. Уладыка Мікалай лічыў за правіла кожны год увосень выступаць з прамоваю на тыдні славянскай спадчыны ў штаце Нью-Ёрк, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі каля 15 этнічных групаў Амерыкі. З гэтае нагоды ўладыка быў вядомы шмат у якіх нацыянальных асяродках. І на гэтай глебе ён быў асабіста знаёмы з губернатарам штата Нью-Ёрк. Вітаўт Кіпель казаў, што кожны раз, калі яму даводзілася наведваць Беларусь, уладыка Мікалай забяспечваў яго рэлігійнай літаратурай, каб хоць нешта з рэлігійнага на роднай мове сталася адвезеным на Бацькаўшчыну. Усяго 50 год плённага супрацоўніцтва ўладыкі Мікалая з БІНІМ у ЗША. Пісаў сам, распаўсюджваў выданні БІНІМ, дапамагаў матэрыяльна іншым аўтарам. Уладыка Мікалай быў адданы навуковаму працэсу. Праз самаадукацыю ён узняў сябе на надзвычайна высокі ўзровень асобай. На асабістую думку Кіпеля, з усіх паваенных іерархаў БАПЦ Уладыка Мікалай па сваім інтэлектуальным узроўні стаяў на самай высокай ступені.

Алесь Кот таксама паінфармаваў прысутных, што сканчваецца шматгадовая праца над выданнем спадчыны Уладыкі Мікалая. Вынікам супрацоўніцтва БІНІМ (ЗША), Факультэту паліталогіі ўніверсітэта Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча), Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі Навук сталася кніга ”У малітве за Беларусь” у трох тамах, агульная колькасць старонак у якіх складае больш за 2,5 тыс. Укладальнік кнігі — вядомы беларускі і польскі даследчык Юрась Гарбінскі. На рэалізацыю названага праекту беларусы ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Літвы і Канады сабралі каля 20 тыс. даляраў.

У прадмове да выдання Вітаўт Кіпель адзначыў, што дадзеная праца прысвечаная жыццю й дзейнасці Ўладыкі Мікалая — рэлігійнага мужа, аднаго з буйнейшых дзеячоў беларускае дыяспары, дзяржаўніка, даследніка. Апынуўшыся ў часе ваеннае завірухі на Захадзе, яму трэба было працаваць і на раллі, і каля станка, прайсці праз вайсковую муштру ды, выжыўшы, атайбавацца ў Канадзе. Грамадскі працаўнік Міхал Мацукевіч меў пакліканне й выбраў рэлігію ды праваслаўную царкву. У гэтай галіне ён здабывае асвету, акунаецца цалкам у душпастырскую дзейнасць, дапамагае беларускай дыяспары на Захадзе ды, падымаючыся са святара па іерархічнай лесвіцы, ачольвае запачаткаваную ў Беларусі ў 1920-х гадах Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву. Уладыка Мікалай у шматлікіх пропаведзях, пісьмовых працах, разважаннях як у беларускіх колах, гэтак і сярод праваслаўнага духавенства ды шырокага канадскага й амерыканскага грамадства, абасноўваў і бараніў прынцып гістарычнай спадчыннасці сённяшняй БАПЦ з Наваградскай метраполіі, лучнасць з беларускім праваслаўем Вялікага Княства Літоўскага.

Алесь Кот зазначыў, што выйсце кнігі стане з’яваю ў беларускім свеце, і выказаў спадзяванне – добраю падставаю, штуршком для актывізацыі шырокае дыскусіі пра актуальнасць свае Беларускае ва ўсіх разглядваемых аспектах царквы, якою сёння з’яўляецца БАПЦ.

Напрыканцы Акадэміі прысутным у залі прадэманстравалі відэазапісы набажэнства ў царкве святога Кірылы Тураўскага з удзелам Мітрапаліта Мікалая ў лістападзе 1998 года і фільм, зроблены ў Моталі летам 2013 года, у якім жыхарка мястэчка Вольга Мацукевіч, у мінулым дырэктарка Мотальскага краязнаўчага музею, распавяла пра родныя мясціны ўладыкі Мікалая і яго наведванне Моталя ў лютым-сакавіку 1992 года.

Мітрапаліт Мікалай (21 траўня 1917 — 20 чэрвеня 2002), праваслаўны святар, архіепіскап, першаярарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у эміграцыі (1983—2002), рэлігійны і грамадскі дзеяч беларускага замежжа. Удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст. У свецкім жыцці — Міхась Мацукевіч.

Нарадзіўся на хутары Суяцін Яршоўскага павета Самарскай губерні. Паходзіў з праваслаўнай сям’і беларусаў-бежанцаў. У час Першай сусветнай вайны бацькі — Кандрат і Домна Мацукевічы — выехалі з роднай вёскі Моталь на Берасцейшчыне ў Расею. У 1921 годзе, пасля смерці маці і сястры, вярнуўся разам з бацькам і братамі ў Беларусь. Скончыў пачатковую школу (1932). Пазней вучыўся ў Тараканаўскай сельскагаспадарчай школе. Служыў у польскім войску ў Берасці, дзе сустрэў Другую сусветную вайну. Быў паранены. У лістападзе 1939 годзе вярнуўся дадому. Вучыўся на настаўніцкіх курсах у Берасці. Пазней пераехаў у Пінск. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі «працаваў на ўласнай гаспадарцы». У красавіку 1944 годзе быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і вывезены ў Германію на прымусовую работу. У лютым 1945 годзе вызвалены амерыканскімі войскамі. З сакавіка 1945 жыў у Вялікабрытаніі, дзе працаваў на ферме недалёка ад Глазга. Пасля 1949 года жыў у Лондане, дзе на працягу двух гадоў працаваў адміністратарам Беларускага дома. У жніўні 1951 года пераехаў у Канаду. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Калегіі святога Андрэя ў Вініпегу. У кафедральным саборы святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку 2 кастрычніка 1966 пастрыгся ў манахі і прыняў імя Мікалай. На наступны дзень узведзены архіепіскапам БАПЦ Сяргеем у сан ігумена і архімандрыта. Рукапаложаны ў сан япіскапа Турава-Пінскага і Таронцкага 10 сакавіка 1968 года ў Аўстраліі. У траўні 1983 годзе на надзвычайным саборы БАПЦ у Кліўлендзе абраны першаярархам БАПЦ. На 3-м саборы БАПЦ у царкве Жыровіцкай Божай Маці ў Гайленд-Парку (Нью-Ёрк) абраны паўторна першаярархам БАПЦ. Садзейнічаў выданню царкоўна-рэлігійных кніг «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980). У лютым-сакавіку 1992 года наведаў Беларусь. Узначальваў Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. Памёр у Таронта.

На Велікодныя набажэнствы ў Гайлянд-Парку прыйшлі дзікія алені

33270173953_3d97122989_z

У нядзелю 21 траўня ў царкве святой Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайлянд-Парк ( ЗША) адбылося святкаванне прастольнага свята. Акрамя архіепіскапа Святаслава і айца Зіновія ў набажэнстве прымала ўдзел святарства з катэдральнага сабору БАПЦ з Нью-Ёрку і іншых праваслаўных юрысдыкцыяў ЗША. Таксама быў прысутны ўладыка Ўладзімір з Украіны (УАПЦ). Паводле традыцыі адбылася Крыжовая хада навокал храму з царкоўнымі спевамі й чытаннем Дабравесця на чатырох баках царквы. Пасля набажэнства святкаванне працягвалася ў Парафіяльнай зале, дзе сястрынства прыгатавала святочны абед, таксама адбылася традыцыйная латарэя, паведамляе belapc.org.

Падчас велікодных набажэнстваў у гэтай царкве Велікодная Служба адбывалася ўначы з урачыстаю Крыжоваю хадою, на якую нават прыйшлі паглядзець дзікія алені.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі