У Мінску праходзіць канферэнцыя пра рэлігійнае жыццё ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
OLYMPUS DIGITAL CAMERA

8-9 чэрвеня ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі праходзіць міжнародная навуковая канферэнцыя «У коле мясцовых спраў і праблем: рэлігійнае жыццё ў Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім у XVI–XVIII стст.», арганізаваная сумесна з Польскім Інстытутам у Мінску, Інстытутам гісторыі імя Тадэвуша Мантойфля Польскай акадэміі навук і Інстытутам гісторыі Літвы.

Канферэнцыя з’яўляецца працягам пачатай у 2015 годзе ў Інстытуце гісторыі імя Тадэвуша Мантойфеля Польскай акадэміі навук серыі сустрэч навукоўцаў Польшчы, Літвы і Беларусі пра падабенства і адрозненні палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця правінцый Рэчы Паспалітай у XVI–XVIII стст., паведамілі ў Інстытуце Польскім у Мінску.

Сучасныя гістарычныя даследаванні дазваляюць больш глыбока разгледзець праблемы рэгіянальнага развіцця зямель Рэчы Паспалітай і паказаць іх асаблівасці. Мэтай міжнароднай канферэнцыі з’яўляецца прадстаўленне вынікаў найноўшых даследаванняў навукоўцаў з Літвы, Польшчы, Беларусі і іншых краін па рэгіянальнай гісторыі XVI–XVIII стст. Прапануецца засяродзіць сваю увагу як на рэлігійным жыцці ў ВКЛ і Кароне наогул, так і пры дварах магнатаў, шляхты, горада і вёскі, ацэньваючы гісторыю той ці іншай мясцовасці ў шырокім храналагічным і геаграфічнам кантэксце.

9 чэрвеня а 15:30 у межах канферэнцыі адбудзецца прэзентацыя чарговага тома з серыі “Матэрыялы да гісторыі сакральнага мастацтва” (Materiały do dziejów sztuki sakralnej), што выходзіць у свет з 1993 года, пад рэдакцыяй прафесара Яна Астроўскага. На прэзентацыі будзе прадстаўлены том “Касцёлы і кляштары даўняга Брэст-Літоўскага ваяводства”.

З пачатку 1990-х гадоў мастацтвазнаўцы з Кракава і Варшавы праводзяць грунтоўнае дакументаванне і апісанне аб’ектаў сакральнага мастацтва даўняй Рэчы Паспалітай. Яе вынікам стала 36 тамоў матэрыялаў і даследаванняў, падзеленых на пяць частак, адпавядаючых даўнім, існуючым да 1795 года ваяводствам Рэчы Паспалітай (Рускае ваяводства на тэрыторыі сучаснай Украіны, Віленскае, Навагрудскае, Троцкае і Брэст-Літоўскае ваяводствы — Беларусі і Літвы).

У 1993-2016 гадах у межах серыі было выдадзена каля 40 тамоў. Кожны з іх з’яўляецца комплекснай манаграфіяй аб’ектаў сакральнага мастацтва – касцёлаў, кляштараў, капліц, укладзенай згодна з пэўнай схемай: агульная гісторыя аб’екту, апісанне архітэктуры і ўнутранага аздаблення, стан іх захаванасці, а таксама ацэнкі іх мастацкай каштоўнасці. У канцы матэрыялы падсумоўваюць дадаткі з пералікам важнейшых крыніц. Акрамя тэкстаў тамы ўтрымліваюць грунтоўную ілюстратыўную частку: здымкі саміх аб’ектаў, выкананых падчас інвентарызацыі, а таксама архіўныя матэрыялы — фатаздымкі, малюнкі, планы і ўсю даступную іканаграфію.

Прэзентаваная кніга “Касцёлы і кляштары даўняга Брэст-Літоўскага ваяводства” з’яўляецца чарговай часткай дакументацыі з зямель даўняга Брэст-Літоўскага ваяводства. Усе тэксты створаны на падставе вынікаў доўгіх даследаванняў у замежных і польскіх архівасховішчах.

На сённяшні момант выйшла ўжо тры тамы, прысвечаныя святыням гістарычнага Палесся, якія ўтрымліваюць амаль 50 нарысаў, пачынаючы ад вялікіх касцёльна-кляштарных комплексаў і заканчваючы невялікімі могілкамі і прыдарожнымі каплічкамі. У трэцім томе знаходзяцца апісанні святынь другога найважнейшага цэнтра Палесся – Пінска. Аўтары паспрабавалі стварыць сінтэтычны вобраз па гісторыі сакральных аб’ектаў даўняга Пінска, звязаных з каталіцкім Касцёлам, як існуючых дагэтуль, так і вядомых нам толькі па архіўных крыніцах XVII-ХХ стст. У той жа час у томе не прадстаўлены самы старажытны комплекс Пінска – францысканскі манастыр і касцёл, якому будзе прысвечаны асобны, наступны том.

Прэзентацыя адбудзецца з удзелам прадстаўнікоў Інстытута гісторыі мастацтва Польскай акадэміі навук.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі