Ці з’явіцца новы Франсуа Мітэран? Да вынікаў парламенцкіх выбараў у Францыі

940x654_1_8cf8f0a7a8d2f8f90b8515463483e1a2@940x654_0xc0a839a4_17435911721487154368

Сацыялістычная партыя Францыі – партыя Жана Жарэса, Жуля Геда, Ляона Блюма, Франсуа Мітэрана – на парламенцкіх выбарах, другі тур якіх адбыўся ўчора, пацярпела, можна сказаць, гістарычную паразу. Як паведамляе газета Le Monde, сацыялісты атрымалі толькі 34 месцы з 577 у ніжняй палаце парламенту.

Што ў сацыялістаў будзе кепскі вынік, пра тое было вядома і пару год назад. Замест таго, каб весці левую палітыку, Сацыялістычная партыя Францыі, кінулася адначасова ў лявацтва і направа. Лявацтва – гэта ўзаконенне аднаполых шлюбаў, што не магло не выклікаць у каталіцкай краіне масавыя пратэсты (Франсуа Фіён таму і вёў сваю прэзідэнцкую кампанію пад сцягам каталіцызму), а правы ўхіл – гэта рэформы ў галіне працоўнага права, што таксама выклікала масавыя пратэсты і сапсавала адносіны сацыялістаў з іх колішнімі натуральнымі саюзнікамі – прафсаюзамі. У дадатак была зламаная палітычная кар’ера Эманюэля Вальса, які паказаў сябе здольным адміністратарам на пасадзе міністра ўнутраных спраў, але меў неасцярожнасць згадзіцца з прапановай Франсуа Алянда і стаць прэм’ер-міністрам краіны. Прафсаюзы не забудуць Вальсу, як ён, праяўляючы сваю лаяльнасць да прэзідэнта Алянда, мяняў працоўнае заканадаўства.

Тэндэнцыю добра ўлавіў Эманюэль Макрон.

Макрон некалькі гадоў быў сябрам Сацыялістычнай партыі, але ў 2009 г. з партыі выйшаў. Тым не менш, яго, фармальна беспартыйнага, Алянд запрасіў да сябе ў Елісейскі палац у якасці генеральнага сакратара, а потым прызначыў міністрам эканомікі Французскай Рэспублікі. Калі стала відавочна, што Сацыялістычная партыя вядзе правальную палітыку, Макрон выйшаў з ураду і заснаваў сваю арганізацыю En Marche (Наперад), пераўтвораную сёлета ў партыю La Republique en Marche (Рэспубліка, наперад).

Ёсць такая канспіралагічная тэорыя, што выйсці з ураду і пачаць самастойную палітычную гульню таленавітаму Макрону падказаў сам Алянд. Што Макрон чалавек таленавіты, бясспрэчна. У яго элітарная адукацыя, ён быў памочнікам вядомага філосафа Поля Рыкёра, добра грае на фартэпіяна, і ў дадатак паспяховы фінансіст. А да таго ж малады і мілавідны. Гэтыя яго якасці імпануюць публіцы. І публіка нейк забыла, што гэта Макрон быў міністрам эканомікі і вёў, скажам так, не зусім сацыялістычную палітыку ў сацыялістычным урадзе. 7 траўня яго абралі прэзідэнтам, а 8 мая ён разам з яшчэ дзейным прэзідэнтам Аляндам ускладаў вянок да магілы Невядомага салдата на плошчы Зоркі ў Парыжы. Хто глядзеў тую цырымонію, не мог не заўважыць: Алянд ставіўся да свайго пераемніка, як да сына ці то малодшага брата, з відавочнай сімпатыяй. Не думаю, што гэта была ўмелая гульня на публіку.

Калі стаць прэзідэнтам Французскай Рэспублікі Макрону дапамаглі яго асабістыя якасці, дык прывесці маладую, ледзь не ўчора створаную партыю ў Нацыянальны Сход яму дапамагла новая тэхналогія падбору кандыдатаў у дэпутаты. Штаб Макрона падбіраў іх паводле пададзеных электроннай поштай анкетаў (рэзюмэ). Кандыдатамі ў дэпутаты сталі людзі з розных сацыяльных пластоў, рознага веку і полу. Большасць з іх – зусім новыя людзі ў палітыцы. Ці будзе плён з такога падбору, ці доўга праіснуе такая партыя “пад асобу” – іншыя пытанні, але факт застаецца фактам: учора партыя La Republique en Marche атрымала 350 мандатаў у ніжняй палаце французскага парламенту. Гэта значыць, што партыі Макрона трошкі не хапіла да канстытуцыйнай большасці (патрабуецца 66% галасоў, а маецца 61,5%).

Вынікам выбарчай акцыі Макрона стала тое, што 75% дэпутатаў, як адзначае Le Monde, раней у парламенце не засядалі.

Асноўнай апазіцыйнай партыяй стала ўчора партыя Рэспубліканцаў (Les Republicains). Гэта ўжо не класічныя галісты, а хутчэй неагалісты. Яны атрымалі 130 мандатаў.

27 месцаў атрымалі ў парламенце прыхільнікі лідара левага руху “Няскораная Францыя” (La France insoumise) Жана-Люка Меляншона, які, нагадаю, у першым туры сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў, атрымаў падтрымку кожнага пятага выбаршчыка (19,58% галасоў).

Такім чынам, левыя маюць у палаце толькі 61 мандат. Іх прысутнасць у палаце можна назваць сімвалічнай. І яшчэ пытанне, ці здолеюць сацыялісты дамовіцца аб супрацы з больш левымі паслядоўнікамі Меляншона.

І нарэшце Нацыянальны фронт. Ён атрымаў менш мандатаў, чым левыя: усяго 8. Пасля поспеху на прэзідэнцкіх выбарах (1/3 галасоў) гэта параза. Суцяшэнне Марын Лё Пэн у тым, што яна сама першы раз стала дэпутаткай.

28 дэпутатаў у новым складзе французскага парламенту праходзяць па разрадзе “іншыя”. Да каго гэтыя “іншыя” далучацца, пакажа час.

Сацыял-дэмакрату найбольш цікава, што будзе далей з Сацыялістычнай партыяй. І тут нельга не згадаць не такія ўжо і даўнія падзеі.

У канцы 1950-х сацыялістычны рух Францыі (праўда, з іншых прычын) таксама апынуўся ў крызісным стане. Ён атамізаваўся. Да ўлады прыйшоў Шарль дэ Голь. Генерала на пасадзе прэзідэнта змяніў галіст Жорж Пампіду. На змену яму прыйшоў правацэнтрыст Валеры Жыскар д’Эстэн (таксама, як і Макрон, стваральнік партыі “пад сябе”). І вось, у 1981 годзе ў Елісейскі палац на 14 год засяліўся сацыяліст Франсуа Мітэран. 14 год – гэта два прэзідэнцкія тэрміны. І гэта абсалютны рэкорд у гісторыі Францыі.

Феномен Мітэрана ў тым, што ён, сам – як і дэ Голь, і Жыскар – чалавек арыстакратычнага паходжання, вёў левую палітыку. Выпускнік Сарбоны і Школы палітычных навук, ён здолеў аб’яднаць сацыялістаў. Можна сказаць, што цяперашняя Сацыялістычная партыя як структура – ягонае дзецішча. Апрача таго, Мітэран здолеў знайсці кампраміс з усімі левымі (выключэнне – трацкісты і анархісты).

Мітэран быў настойлівы, нават упарты чалавек. Тройчы ён удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах. Ужо на першых выбарах (1965) ён стаў дастойным канкурэнтам дэ Голя. Генерал разлічваў на лёгкую перамогу, аднак перамагчы ў першым туры галасавання яму не ўдалося. У другім жа туры Мітэран набраў 44,8% галасоў. Гэта быў выдатны вынік. І нягледзячы на такі вынік, у 1969 годзе (датэрміновыя выбары) партыйныя босы забаранілі яму ўдзельнічаць у выбарах як прадстаўніку Аб’яднанай сацыялістычнай партыі. Затое ў 1974 годзе Жыскар д’Эстэн ледзь-ледзь вырваў у яго перамогу (50,8% галасоў). Мітэран атрымаў падтрымку 49,2% выбаршчыкаў. Ягоны поспех у 1981 годзе быў ужо чаканы. І што цікава: калі на выбарах 1981 г. за Мітэрана галасавалі 51,75% выбаршчыкаў, дык праз сем гадоў яго падтрымалі 54% тых, хто галасаваў. Такое рэдка бывае. Такое стала магчымым дзякуючы паслядоўнай левай палітыцы Мітэрана, які здолеў аб’яднаць сацыялістаў. Апроч таго, як ужо адзначалася, на выбарах 1965 і 1981 гг. ён кансалідаваў вакол сваёй кандыдатуры ўсіх левых – і сацыялістаў, і камуністаў, і сацыялістаў-радыкалаў.

У гісторыі многае залежыць ад асобы. Відавочна, што Сацыялістычнай партыі Францыі, як і ў 1960-х, і ў 1980-х, патрабуецца новы моцны лідар, які цвёрда памятае, што Сацыялістычная партыя – партыя левых дэмакратаў, чалавек, здольны згуртаваць вакол сваёй партыі левыя сілы Францыі. Ці знойдзецца ў Францыі новы Мітэран? Вось пытанне, на якое мы будзем чакаць адказ.

Анатоль Сідарэвіч

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі