Епіскап Антоній павіншаваў мітрапаліта Кандрусевіча з 25-годзем аднаўлення каталіцкай супольнасці ў Слуцку

Антоний
У Слуцку 17 чэрвеня каталікі адзначалі 25-годдзе адраджэння парафіі святога Антонія пасля дзесяцігоддзяў атэістычнага пераследу.

Святочную святую Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў госць – мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які нагадаў у гаміліі: “Каталікі жылі на Случчыне яшчэ з XV стагоддзі. Але ў 1940 годзе мясцовы касцёл у Слуцку быў разбураны, пасля чаго прыйшлі часы ганенняў на веру”, – паведамляе catholic.by.

«Менавіта фацімскае прароцтва аб духоўным адраджэнні нашых зямель кардынальна змяніла духоўную сітуацыю, сведчаннем чаму з’яўляецца і касцёл святога Антонія ў Слуцку. Мы павінныя дзякаваць Марыі за дадзеную надзею», – дадаў арцыпастыр, дзякуючы манахам – францішканам, якія нясуць служэнне ў парафіі і якія адбудоўвалі святыню, а таксама сёстрам-ядзвіжанкам, якія служаць пры парафіі.

Мітрапаліт Кандрусевіч назваў сімвалічным той факт, што апекуном парафіі з’яўляецца св. Антоній, які ў касцёльнай традыцыі лічыцца святым, які дапамагае знайсці згубленыя рэчы: «Напэўна, кожнаму шкада згубленай рэчы. Аднак можа быць згублена не толькі рэч, але і вера. На жаль, чалавек вельмі часта яе губляе».

“Сапраўдная свабода – гэта дар і выклік, бо магчыма яна толькі, калі жыць у межах Божага закона”, – падкрэсліў таксама арцыбіскуп Кандрусевіч.

Слуцк
Напрыканцы святой Імшы да каталікоў звярнуўся госць – прадстаўнік праваслаўнай Слуцкай епархіі іерэй Павел Фокін.

Пасля свята мітрапаліт Кандрусевіч сустрэўся з праваслаўным епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем.

У сустрэчы ўзялі ўдзел сакратар Слуцкага праваслаўнага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Мікалай Лабынька, благачынны праваслаўнай Слуцкай царкоўнай акругі протаіерэй Ігар Штэпа, настаяцель касцёла святога Антонія Падуанскага кс. Аляксей Рамановіч.

Біскуп Антоній правёў для высокага госця азнаямленчую экскурсію па епархіяльнаму ўпраўленню, распавёў аб духоўна-асветніцкай дзейнасці Слуцка-Салігорскай дыяцэзіі. Мітрапаліт Кандрусевіч наведаў дамавы храм Свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення.

Архіпастыры цёпла пагутарылі, падкрэсліўшы важнасць захавання наяўнага ў Беларусі міжканфесійнага добрасуседства і выказаўшы надзею на далейшае развіццё праваслаўна-каталіцкага дыялогу і абмяняўшыся памятнымі падарункамі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі