Зміцер Дашкевіч – новы лаўрэат прэміі “За свабоду думкі”

SAM_9478

17 чэрвеня ў Бычках напярэдадні дня нараджэння Васіля Быкава была ў чарговы раз уручана прэмія “За Свабоду думкі”, заснаваная Аляксандрам Мілінкевічам.

Сёлета лаўрэатам прэміі абраны Зміцер Дашкевіч. Яго асоба была вылучана папярэднімі лаўрэатамі прэміі, сярод якіх – вядомыя пісьменнікі, грамадскія і культурныя дзеячы: Уладзімір Арлоў, Павел Севярынец, Алесь Пушкін, Ада Райчонак, Уладзімір Някляеў, Валеры Мазынскі і іншыя. За апошні час Зміцер Дашкевіч выклікаў вялікую павагу зборам подпісаў за наданне нацыянальнаму сцягу статуту гісторыка-культурнай каштоўнасці і абарону Курапатаў у лютым гэтага года.

“Мы памятаем, якая сіла волі, гарт, любоў да нашай зямлі была ў нашых  папярэднікаў. Цяпер тую ж справу робяць нашы сучаснікі таго ж гарту, той жа моцы духа, сумлення і любові да Беларусі. Адзін з іх Зміцер Дашкевіч, – сказаў паэт Уладзімір Някляеў. – За апошняе дзесяцігоддзе на маіх вачах Зміцер Дашкевіч прайшоў сталенне: з рамантычнага хлапчука з Плошчы ён стаў сапраўдным мужчынам, сем’янінам. Калі б я пісаў раман пра каханне і сям’ю, то выбраў бы менавіта гісторыю Дашкевічаў – высокага, чыстага і складанага шляху да сям’і”.

Уладзімір Някляеў прачытаў верш “ Вялікдзень”, які прысвяціў Змітру Дашкевічу:

SAM_9457”Халодны карцар, адзіночка,

Нядрэмныя  глядзяць у вочка,

вартаўнікі,
Нібы з нябёс  вада і  хлеб,

нібы Ісус Хрыстос прыйшоў,

каб падзяліцца з намі

са мною і з вартаўнікамі”.

“Вялікая справа – ісці да людзей з беларускім словам, беларускай карцінай, музыкай”, – прамовіў Уладзімір Някляеў.

Зміцер Дашкевіч адзначыў, што калі ён не пабаяўся вызнаць сваю слабасць і невялікую колькасць паплечнікаў, то да збору подпісаў за нацыянальны сцяг адразу далучыліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый: БХД, БНФ, Руху “За Свабоду”, ТБМ – і было сабрана 10 тысяч подпісаў. Тое самае было ў Курапатах: 15 дзён варты адхілілі план будаўніцтва офіснага цэнтра паблізу мемарыяла «Курапаты». “Вычын многіх людзей і арганізацый, якія з’ядналіся, даў свой плён”, – засведчыў Зміцер Дашкевіч.

На свяце ў Бычках, прымеркаваным да дня нараджэння Васіля Быкава, таксама выступілі прадстаўнікі філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў з Віцебска і Полацка, сябры ТБМ, выкладчыкі беларускай мовы з ВНУ і школ Віцебска, барды і музыкі.

Э.Дзвінская, фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі